Якія маркетынгавыя захады патрэбны сучаснаму музею?

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Мы запыталіся ў спецыялістаў, чыю, падавалася б, незаўважную працу лёгка можна ацаніць наведаўшы музей, пра надзённыя праблемы музейнага маркетынгу. Як ва ўстановах, што прадстаўляюць нашы візаві, наладжана справа прыцягнення гасцей? Ці ёсць акцэнт на спецыяльныя праекты?..

/i/content/pi/cult/463/9807/3-1.jpgІрына МАРЧАНКА, загадчык аддзела маркетынгу Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту:

— Маркетынг у сферы культуры — кірунак новы, але той, які досыць хутка і дынамічна развіваецца. Асноўны напрамак дзейнасці музейных маркетолагаў — вывучэнне мэтавай аўдыторыі, таму прапанаваны музейны прадукт павінен адпавядаць патрабаванням і чаканням наведвальніка. І тут найбольш актуальныя пытанні развіцця сэрвісу і інфраструктуры. Складанасці бываюць розныя. Да прыкладу, наш музей праводзіць мерапрыемствы іншага характару, чым гарадскія ўстановы: тэрыторыя дазваляе збіраць тысячы чалавек. Але мы не можам арганізоўваць выставачныя праекты, якія прадугледжваюць вялікія памяшканні. Ці, напрыклад, залежнасць ад умоў надвор’я: леташняя Масленка, на арганізацыю якой былі выдаткаваны велізарныя рэсурсы, апынулася падуладнай стыхіі. Да таго ж, ролю адыгрывае і транспарт.

Наступны напрамак — прасоўванне музея як установы культуры, яго дзейнасці, папулярызацыя калекцый і аб’ектаў. Гэта звязана з пытаннямі іміджу і канкурэнтаздольнасці і дасягаецца пры дапамозе пашырэння музейных камунікацый, арыентаваных на розныя мэтавыя групы, прапанову разнастайных відаў сувенірнай прадукцыі, паляпшэння якасці наяўных і ўвядзення новых як музейных, так і іншых паслуг.

Яшчэ адзін актуальны напрамак дзейнасці аддзела маркетынгу ў музеі — наладжванне партнёрскіх адносін у рамках дзяржаўнай палітыкі па развіцці дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Без устойлівага і доўгатэрміновага партнёрства складана ўявіць сабе як буйнамаштабныя мерапрыемствы, так і ўнікальныя музейныя акцыі (у тым ліку сацыякультурныя, выставачныя, экспазіцыйныя, выданне каталогаў, інвестыцыйная дзейнасць і іншае.). Яркі таму прыклад — “Шэдэўры сусветнай класікі ў музеі пад адкрытым небам” — цалкам сацыякультурны партнёрскі праект, які наш музей не здолеў бы арганізаваць уласнымі сіламі. Тое ж самае фолк-фэст “Камяніца”, які ў мінулым годзе адзначыў першы юбілей: гэта ўзаемадзеянне нашага музея як бюджэтнай арганізацыі і прыватнай кампаніі.

Музеі проста абавязаны заяўляць пра сябе праз усе магчымыя крыніцы інфармавання. Пра музей павінны гаварыць! Гэта і ўдзел у прафесійных выстаўках, форумах, міжнародных канферэнцыях і семінарах.

Фота Юрыя ІВАНОВА

/i/content/pi/cult/463/9807/3-2.jpgКацярына ХАВАНСКАЯ, загадчык сектара па культурнай дзейнасці і маркетынгу Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”:

— Урачыстая цырымонія адкрыцця пасля рэстаўрацыі Палацавага ансамбля XVI — XIX стст. у Нясвіжы адбылася ў ліпені 2012 года. У тым жа годзе праводзілася рэспубліканская акцыя “Нясвіж — культурная сталіца Беларусі”, якая і надала музею-запаведніку статус самага наведваемага ў краіне. Летась амаль 400 тысяч чалавек наведалі аб’екты ўстановы.

Асноўнай мэтай у плане яе развіцця з’яўляецца стварэнне такіх умоў для наведвальнікаў, каб ім захацелася вярнуцца ў Нясвіж яшчэ раз і запрасіць з сабой знаёмых. Пастаяннае пашырэнне пераліку прадастаўленых паслуг дазваляе лічыць запаведнік не простым музеем, а сапраўдным мультыкультурным цэнтрам Беларусі. За апошнія гады ва ўстанове з’явіліся такія паслугі, як “Фота ў гарнітуры”, “Суправаджэнне груп для правядзення фотасесій”, тэатралізаваныя цырымоніі віншавання маладых “Віват маладым!”, “Шлюб у Ратушы”. Значна пашырыўся асартымент сувенірнай і паліграфічнай прадукцыі, гандлёвая выручка ад якой дазволіла рэалізаваць праект новай сувенірнай крамы. Яе адкрыццё адбудзецца ў лютым.

Найбольш значныя выставачныя праекты апошніх гадоў: “Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600 — 1800” з Музея Вікторыі і Альберта (Вялікабрытанія), “Вера, надзея, уваскрэсенне” з Музея Рокішскага краю (Літва), “Падарожжа ў часе” з Музея гадзіннікаў (Літва) і нашага Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, “L’ensemble” (радзівілаўскі спальны гарнітур) з уласных фондаў музея-запаведніка — ствараюць імідж установы. Акрамя таго, у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці былі зарэгістраваны восем таварных знакаў, у продажы з’явіліся два віды фірменнага шакаладу “Чорная панна Нясвіжа” і “Нясвіжскі палац”.

Да перспектыўных напрамкаў дзейнасці ўстановы адношу пашырэнне мэтавай аўдыторыі наведвальнікаў, распрацоўку і ўкараненне новых форм рэкламы, папулярызацыю айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны за мяжой, пашырэнне пераліку экскурсійных маршрутаў, а таксама павелічэнне працягласці знаходжання турыстаў у горадзе за кошт пашырэння інфраструктуры ўстановы.