Фэст для маленькага горада патрэбен, бо...

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Міхаіл ФІНБЕРГ, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра краіны, прафесар
Вось многія кажуць: маўляў, уладам “на месцах” да культуры і мастацтва няма справы, ды і людзям, па вялікім рахунку, таксама. Маю добры аргумент, каб аспрэчыць такія меркаванні. Праз тыдзень мы вырушым у Заслаўе, дзе пройдзе наш чарговы фестываль у малых гарадах. Ведаеце, які па ліку? 179-ы! Ці адужалі б мы гэтую вялізную працу без чыннай падтрымкі абласных і раённых улад, без увагі і павагі з боку простых гледачоў? Пытанне, думаецца, рытарычнае…

/i/content/pi/cult/463/9804/5-1.jpgЦэнтральная праграма заслаўскага фэсту мае прыгожую назву “Беларускі гукасвет Залатога кола Міншчыны”. Своеасаблівае “Залатое кола” края ўжо ўтварылі нашы традыцыйныя фэсты: Заслаўе, Нясвіж, Маладзечна, Чысць, Вілейка... Летась да гэтага спісу дадалася яшчэ і Любань. Адкрыўшы для сябе багатую гісторыю гэтага сціплага, здавалася б, гарадка, мы прыйшлі да высновы, што яна не менш цікавая за мінуўшчыну нашых самых славутых мясцін — скажам, таго ж Нясвіжа.

Безумоўна, усе такія фэсты маюць асветніцкую функцыю. Іх задача — выявіць тыя пласты гісторыі (як лакальнай, гэтак і агульнабеларускай), што былі падзабыты. Менавіта таму пад час нашых імпрэзаў заўсёды ладзяцца навуковыя канферэнцыі, а часцяком — і прэзентацыі кніг, прысвечаных таму ці іншаму гарадку са слаўным мінулым. Мы іх выпусцілі ўжо 18.

“Залатое кола” — гэта папраўдзе “вялікая форма” ў той рабоце з малымі гарадамі, якую мы няспынна вядзем вось ужо болей за два дзесяцігоддзі. Прычым праграма кожнага з фэстаў — эксклюзіўная. Адкуль мы бярэм матэрыял? Ведаеце, белых плямаў у нашай музыцы пакуль яшчэ ўдосталь. Адна з іх — кампазітар Яўген Карлавіч Цікоцкі. Гэтае надзвычайнай важнасці імя сёння падзабыта, творы амаль не гучаць. Болей за тое — нават нотны матэрыял быў страчаны, і спецыялістам аркестра давялося карпатліва яго аднаўляць. Тое, што атрымалася, вы пачуеце падчас аднаго з фэстаў сёлетняга сезона.

Урэшце, закрану і яшчэ адзін аспект нашага маштабнага праекта — арганізацыйны. Натуральна, для аркестра ўсе гэтыя фестывалі маюць цалкам некамерцыйны характар, пад час іх правядзення мы спрабуем абысціся найменшымі з магчымых выдаткамі. Але апошнія ўсё адно непазбежны, і каб не добрая воля нашых губернатараў, абласных упраўленняў, іншых прадстаўнікоў мясцовай улады, мы б гэтую праблему не здолелі вырашыць.

Вярнуся да пачатку. Сапраўды, многія прадстаўнікі ўлады на месцах не хаваюць сваёй пагарды... не, зусім не да беларускай культуры, але менавіта да асобных яе прадстаўнікоў, якія гастралююць па гарадах і вёсках пад фанаграму ды яшчэ і патрабуюць па дзесяць мільёнаў за канцэрт. Гэтыя “зоркі” не могуць самі сабраць залу, і таму яны ходзяць па розных кабінетах, шукаюць пратэкцыю, намагаюцца задзейнічаць адміністрацыйны рэсурс... Натуральна, такіх артыстаў простыя людзі не паважаюць. Цярпець, можа, і церпяць, а вось паважаць — ніколі!

Публіка ў маленькіх гарадах адрозніваецца ад сталічнай нават знешне. Дабрабыт не параўнаць, і на канцэрты людзі апранаюцца досыць сціпла, але пры гэтым вельмі ахайна. Відаць, што яны і сапраўды рыхтуюцца да гэтай падзеі, што для іх наш канцэрт — сапраўды падзея.

Гэта людзі, якія прызвычаіліся здабываць свой хлеб цяжкай працай. Ніколі не забуду рукі тых жанчын на Капыльшчыне, дзе мы рабілі канцэрт з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Адама Русака. Яны нагадалі мне патрэсканыя рукі маёй маці, якая працавала прачкай у воінскай частцы.

Падманваць чаканні гэтых людзей — проста кашчунна. Ды і наўрад ці ў вас атрымаецца: жыццё навучыла іх адрозніваць сапраўднае ад фальшу. Яны слухаюць вельмі ўважліва, чула рэагуюць, шчыра дзякуюць... Але і халтуру бачаць за вярсту. І калі б мы хоць раз схібілі дзесьці ў Нясвіжы альбо, скажам, Хойніках, нас бы там болей ніколі не прынялі.

Выступаць у маленькім горадзе — гэта заўсёды вельмі адказна. І менавіта да гэтай адказнасці я хачу заклікаць сваіх калег.

Фота Юрыя ІВАНОВА