"Шырока адкрытымі вачыма..."

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Жывапісец Уладзімір Кожух — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў краіны — даўно здабыў вялікую папулярнасць сярод аматараў цудоўнага. Вось ужо больш за 30 гадоў таму ён уварваўся ў прастору яго Вялікасці Мастацтва і з таго часу трымае планку выдатнага прафесіянала, які ў вобразах і фарбах знайшоў сваю, ні на кога не падобную, дарогу.

/i/content/pi/cult/463/9800/6-3.jpg

Вучань А.Малішэўскага, Б.Аракчэева, П.Крахалёва, М.Савіцкага, мастак даволі хутка вызначыў сваю галоўную тэму — Радзіма і яе простыя і мудрыя людзі, якія жывуць на зямлі сваіх продкаў.

“Прырода Брэстчыны, дзе я нарадзіўся, была маім першым сапраўдным настаўнікам, — мяркуе Уладзімір Уладзіміравіч. — Шырока адкрытымі вачыма я глядзеў, як восень змяняе лета, як багны засыпае белым, бы крупінкі, снегам. Мяне перапаўняла пачуццё радасці і хвалявання. У юнацтве я не ведаў, як распарадзіцца гэтымі пачуццямі, а зараз ведаю, што менавіта закаханасць і здзіўленне перад цудам і таямніцай беларускага пейзажа і ёсць мая сутнасць, мая мелодыя ў жывапісе. А пазней я прасякнуўся ў сваёй творчасці і пранізлівай памяццю Вялікай Айчыннай, і болем Чарнобыля, дзе мне давялося пабываць праз год пасля аварыі. Нямала напісаў карцін, навеяных беларускай міфалогіяй, народнымі легендамі ды песнямі, таксама вобразамі хрысціянскіх святаў, і многа чым яшчэ. Шмат выстаўляўся ў краіне і за яе межамі. Летась былі дзве для мяне важныя персанальныя выстаўкі ў Гомелі і Мінску, на якіх экспанаваліся палотны “Новая дарога”, “Мацярынства”, “Карміліца”, “Хлеб”, а таксама цыкл “Хрысціянскія святы” — творы асабіста для мяне вельмі значныя. Хачу сказаць, што я імкнуся прытрымлівацца ў жывапісе двух галоўных складнікаў — духоўнасці (у вобразной структуры) і прафесіяналізму. Усё астатняе — пабочнае. А што тычыцца прысуджэння мне спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, то я прыняў яе як вялікі аванс для маёй будучай працы. Гэта і радасць за тое, што маё мастацтва патрэбна дзяржаве і народу. Пакуль жыву  — спадзяюся на тое, што зраблю ў творчасці яшчэ штосьці цікавае, патрэбнае грамадству. Мая бліжэйшая мэта — напісаць карціну, прысвечаную 70-годдзю вызвалення Беларусі і 70-годдзю Вялікай Перамогі…”

Дапоўню ад сябе. Уладзіміра Кожуха я ведаю шмат гадоў — з часоў яго вучобы ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце і ў Творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску ў Міхаіла Андрэевіча Савіцкага. Ведаю як па-сапраўднаму таленавітага, мэтанакіраванага жывапісца, добрага, талерантнага чалавека і патрыёта роднай Беларусі. І сёння, калі ён не так даўно адзначыў сваё 60-годдзе, яму па-ранейшаму не дае спакою жаданне пранікнуць у сутнасць, сэнс, таямніцу зямлі, яе жывую памяць, яе прыгажосць — гэтыя найвялікшыя каштоўнасці. Інакш кажучы, мы маем глыбока самабытнага мастака, у чыёй творчасці арганічна спалучаюцца глыбінныя прынцыпы нацыянальнага і сучаснага прафесійнага мастацтва. А гэта дарагога каштуе…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"