Апрача таленту — дарагі інструмент

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Валерый ГЕЙХМАН, Ельскі райвыканкам:
Аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама пашанцавала: ім кіруе работнік культуры, што называецца, ад Бога. Строгі, прынцыповы, справядлівы, дасведчаны… Таму і лічыцца аддзел адным з лепшых на Гомельшчыне.

/i/content/pi/cult/463/9790/12-6.jpg— Паказчыкі, вызначаныя Дзяржпраграмай «Культура Беларусі» на мінулы год, мы выканалі. Працягвалі рамонт устаноў культуры гаспадарчым спосабам. Вельмі актуальная справа, бо такая задача пастаўлена нашым губернатарам і выкананне яе гарантуе сур’ёзную эканомію фінансавых сродкаў. Дык вось, адрамантавалі такім спосабам больш за два дзясяткі ўстаноў… Па платных паслугах таксама спрацавалі няблага: план перавыканалі. Надалі статус юрасоб бібліятэкам, краязнаўчаму музею, цяпер мяркуем правесці гэтую работу сярод клубаў.

Летась аддзел займеў дадатковыя функцыі. Мы і раней рабілі агульную справу. Але пасля аб’яднання райвыканкамаўскіх структур значна павялічыўся аб’ём паператворчасці, што замінае нашым спецыялістам працаваць з поўнай аддачай сіл. І колькасць лістоў, дакументаў з пазнакай «Тэрмінова!» з кожным днём павялічваецца...

Бягучы год будзе больш цяжкім, бо фінансаванне аддзела складае сёлета 83 працэнты ад леташняга бюджэту на развіццё раённай культуры. А аб’ём нашай працы застаецца, натуральна, ранейшым. Як і ў іншых аддзелах, праводзім аптымізацыю. Але ад інтэгравання бібліятэк нічога не выйграем у эканамічным плане. Пры аб’яднанні ўстановы застаюцца на балансе нашага аддзела, але і падручнікі застаюцца. Інакш кажучы, абяднанне бібліятэк не спрыяе павелічэнню заробкаў ні школьных, ні нашых бібліятэкараў. На мой погляд, пытанне інтэгравання патрабуе большага аналізу.

«Буксуе» праграма «Культура Беларусі». На бягучы год раёну для набыцця музычных інструментаў для ДШМ у адпаведнасці з ёй было закладзена 450 мільёнаў рублёў. На сёння гэтая тэма нават і не ўзнімаецца. Але ж гаворка ідзе пра праграму, што мае дзяржаўны статус. Ці можна нам яе ігнараваць? І яшчэ адна акалічнасць, звязаная з вышэйназванай праблемай. Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь можна займець у адпаведнасці з Указам Кіраўніка дзяржавы ад 13 верасня мінулага года. Умовы атрымання такога гранта для нас не вельмі простыя: прэтэндэнту трэба мець статус пераможцы прэстыжнага фестывалю. У нас ёсць дзяўчынка, якая няблага выступіла ў міжнародным музычным конкурсе, а вось далей яна наўрад ці даб’ецца такога поспеху, бо апрача таленту трэба мець добры дарагі інструмент, а грошай для яго набыцця ў нас пакуль проста няма…

Але завяршыць хачу на аптымістычнай ноце. Сёлета мы праводзім цудоўны фестываль гарманістаў палескага краю «Грай, гармонік!», у якім бяруць удзел 15 раёнаў вобласці, гарманісты з Украіны, Расіі, чакаем гасцей з Польшчы. Гэта — рэгіянальны фэст, але прымем любога ахвотнага музыку з любога кутка краіны… Вянцом сёлетніх мерапрыемстваў стане святкаванне 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"