Інсіт плюс Дом рамёстваў...

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Віцебску не стае музея наіўнага мастацтва
У выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці прэзентаваны выданні «Мастацтва insita: з гісторыі правядзення выставак непрафесійнага мастацтва» ды «Мастацтва прымітыву і яго формы ў сучаснай культуры». У пэўнай ступені падзея стала падвядзеннем вынікаў абласной і чатырох нацыянальных выставак інсітнага мастацтва, што з 1994 года прайшлі па ініцыятыве ВАМЦНТ у Віцебску і Мінску.

/i/content/pi/cult/463/9789/12-1.jpg

/i/content/pi/cult/463/9789/12-2.jpg /i/content/pi/cult/463/9789/12-3.jpg

/i/content/pi/cult/463/9789/12-4.jpg

/i/content/pi/cult/463/9789/12-5.jpg

Першае выданне — своеасаблівая энцыклапедыя інсіту, дзе гаворка вядзецца пра гісторыю зараджэння непрафесійнага мастацтва, пра яго формы, характэрныя рысы. Тут ёсць каталогі выставак і кароткія біяграфіі іх удзельнікаў. Другое выданне створана паводле матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі, што прайшла пазалетась у Віцебску пад час IV Нацыянальнай выстаўкі наіўнага мастацтва і прысвячалася 125-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала. Да падрыхтоўкі абедзюх кніг мае непасрэднае дачыненне вядучы метадыст па народнай творчасці ВАМЦНТ Людміла Вакар, якая цяпер піша доктарскую працу па прымітыўным мастацтве....

Не бяруся шмат разважаць пра адметнасць інсітнага мастацтва. Наіўная шчырасць, падмацаваная прыродным талентам самавыражэння, асабліва прыцягальная ў наш мітуслівы, перагрувашчаны меркантыльнай хлуслівасцю час. На ўласныя вочы пераканаўся ў гэтым пад час адной са згаданых выставак. Карацей, мастацтва прымітыву — тэма грунтоўнай гаворкі, якую «К» прэзентуе чытачам у бліжэйшых нумарах.

Цяпер жа не менш важным падаецца тое, што дырэктар ВАМЦНТ Кацярына Лабука пераканана, што развіццё інсіту — перспектыва далейшай дзейнасці дамоў рамёстваў, якія, як вядома, ёсць у кожным раёне Віцебшчыны. Менавіта гэтае мастацтва, як лічыць кіраўнік метадцэнтра, і павінна стаць для вобласці брэндавым. Дарэчы, менавіта вакол РДР збольшага і гуртуюцца майстры інсіту: жывапісцы, разьбяры, керамісты… «Наша ініцыятыва па арганізацыі нацыянальных выставак інсіту менавіта ў Віцебску, — сцвярджае Кацярына Лабука, — падаецца цалкам натуральнай, бо менавіта ў гэтым жанры пачынаў ствараць і Марк Шагал. Таму ўтварэнне асобнага музея інсітнага мастацтва ў Віцебску — таксама лагічная і даўно наспелая патрэба».

Гаворка пра арганізацыю такога музея ў абласным цэнтры вядзецца ці не з дзясятак гадоў. За гэты час удзельнікі нацыянальных выставак інсіту з іншых абласцей Беларусі, а таксама — з Латвіі, Літвы і Расіі падаравалі выставачнай зале ВАМЦНТ шмат унікальных твораў. Зацікавіўся ініцыятывай Віцебшчыны і маскоўскі Фэст-Наіў… Па словах Людмілы Вакар, у калекцыі метадцэнтра — каля пяцісот твораў непрафесійнага мастацтва: у асноўным — жывапіс і разьба па дрэве, ёсць і кераміка, цацкі з гіпсу… Гэта — аснова будучага музея.

Інсіт называюць мастацтвам першага вобраза, а занятак наіўным мастацтвам — другім жыццём. Такім чынам, гэтае другое жыццё набылі раённыя дамы рамёстваў Віцебскай вобласці. Стратэгія ВАМЦНТ тут падаецца вытанчана прадуманай і гарантавана выніковай. Стварэнне адпаведнага музея ў горадзе Шагала падаецца ў такім выпадку больш чым заканамерным уганараваннем жывой і невычэрпнай народнай творчасці. Колькі такога музея яшчэ чакаць? Хацелася б нядоўга.

На здымках: работы М.Ларынай "Рай", З.Ляйко "Аўтапартрэт", Б.Лабкоўскага "Лось", А.Маісеева "Масленка" і В.Цяцёркіна "Возера Халамер'е".

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"