"Як ён малюе — ніяк не разумею... Чарадзей!"

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Іван Пахітонаў: “Каштоўнасць маіх карцін застанецца нязменнай”
Радзіма чарадзея — украінская вёска Матронаўка Бабрынецкага (пасля — Елізавецінскага) павета Херсонскай губерні (цяпер — Новаўкраінскі раён Кіраваградскай вобласці, а сама вёска увайшла ў склад сяла Зялёны Гай). Бацька — Павел Данілавіч Пахітонаў, артылерыйскі афіцэр, сын запарожскага казака Данілы Пахітона.

/i/content/pi/cult/463/9788/15-1.jpg

/i/content/pi/cult/463/9788/15-2.jpg

Гэты самы Даніла ажаніўся з нейкай цыганкай, якая быццам бы нарадзіла яму дваццаць два дзіцяці. Старэйшы з сыноў праславіўся сваёй храбрасцю ў арміі Паскевіча ў Персіі ў 1827 годзе, а малодшы, Павел, стаў бацькам нашага героя. Маці — Варвара Аляксееўна, народжаная Беліч, сербка. Яна паходзіла з сям’і перасяленцаў, якія трапілі на Херсоншчыну ў час праўлення Кацярыны Вялікай і яе фаварыта, пакарыцеля Украіны і Крыма Рыгора Пацёмкіна.

Вось у такой пары, Паўла і Варвары, 27 студзеня (8 лютага па новым стылі) 1850 года і нарадзіўся будучы “чараўнік пэндзля”. Канешне ж, пра тое, што ён стане жывапісцам, ніхто і не меркаваў. Ні ў дзяцінстве, ні ў падлеткавыя гады ніякай адкрытай цягі да алоўка ці фарбаў у Вані не праяўлялася, ды і не было каму вучыць таямніцам мастацтва ў гэтай глушы. Праўда, як усе адораныя ад прыроды дзеці, любіў маляваць херсонскія сцяпныя пейзажыкі, украінскія саламяныя хаткі, хатніх жывёл, блізкіх і перарысоўваць гравюры з часопісаў і кніжак.

Сям’я Пахітонавых была ўсё ж далёка не беднай, а таму хлопчыка аддалі ў прыватны мужчынскі пансіянат Гумберга, што ў Елізаветградзе Херсонскага павета (цяпер — г.Кіраваград), а праз некалькі гадоў, прытрымліваючыся сямейнай традыцыі, — у Палтаўскі кадэцкі корпус. Менавіта ў гэтым корпусе Іван пабачыў прыжыццёвы партрэт Пятра I пэндзля француза Нікаля Ланжыльера і грандыёзнае палатно Васіля Шабуева з адлюстраваннем Пятра Вялікага вярхом на белым кані. Гэта была, мабыць, першая сустрэча юнака-кадэта з высокім мастацтвам, але і тут ён не мог падумаць пра тое, што будзе мастаком. Тым не менш ён вывучаў у корпусе замежныя мовы, матэматыку, хімію, геаграфію, фехтаванне, гімнастыку, танцы, аналітыку, гісторыю, праекцыйнае чарчэнне, рускую славеснасць, ручную працу і, канешне ж, закон Божы. Усё гэта ў будучыні яму спатрэбілася не толькі ў жыцці, але, пэўным чынам, і ў жывапісе.

Калі б Пахітонаў правучыўся тут усе сем абавязковых гадоў, ён бы стаў ваенным, як яго бацька. Аднак прызванне да вайсковай кар’еры ў яго адсутнічала, і лёс пайшоў юнаку насустрач. Павел Данілавіч нічога не мог зрабіць: ну, добра, хай сын самастойна выбірае свой шлях. Праз два гады Іван апынуўся спачатку ў рэальнай гімназіі горада Нікалаева, а потым, у самым канцы 60-х гадоў XIX ст. — у нядаўна адкрытай Пятроўска-Разумоўскай земляробскай і лясной акадэміі ў Маскве.

Яна размяшчалася ў дачным пасёлку — у маёнтку Пятроўска-Разумоўскае. У народзе гэту акадэмію называлі “саламянай старожкай”. Сюды ахвотных прымалі без усялякіх экзаменаў, бо Расіі, пасля адмены прыгоннага права, былі вельмі патрэбны кадры для службы ва ўстановах сельскагаспадарчага профілю. Выпускнікам выдаваўся дыплом на ступень кандыдата і магістра сельскай гаспадаркі і лесаводства.

Але да дыплома Пахітонаў не дабраўся. Ужо праз год, у канцы 1869-га, за ўдзел у антыўрадавым гуртку “Народная расправа”, арганізаваным рэвалюцыянерам-тэрарыстам Сяргеем Нячаевым, Пахітонаў быў выключаны з установы і высланы на радзіму пад нагляд паліцыі. Але такі “нагляд” быў чыста фармальнай рэччу, бо вялікага граху за былым студэнтам так і не было даказана, а да розных нячаеўскіх містыфікацый ды правакацый, да забойства Нячаевым нібыта здрадніка — студэнта І.Іванова, адносін наш герой не меў. Да таго ж Нячаеў у гэты час ужо хаваўся ў Швейцарыі. Быў яшчэ адзін Пахітонаў — Мікалай Данілавіч, член ваеннай арганізацыі “Народная Воля”, які трагічна скончыў сваё жыццё у Шлісельбургскай крэпасці ў 1896 годзе. Але ён нашаму мастаку — толькі цёзка па прозвішчы.

…Пахітонаў доўга не затрымаўся ў Матронаўцы. Цяга да ведаў прывяла яго ў адэскі Імператарскі Наварасійскі ўніверсітэт на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта (цяпер — Адэскі дзяржаўны ўніверсітэт імя І.І. Мечнікава). Дарэчы, тут ён пазнаёміўся і пасябраваў з прафесарам Ільёй Мечнікавым, які быў на пяць гадоў старэйшы за Пахітонава, і гэтае сяброўства доўжылася да скону жыцця вялікага біёлага ў 1916 годзе.

Акрамя вучобы, якую Іван Паўлавіч, мякка кажучы, не вельмі любіў, ён усё ж песціўся жывапісам. З таго часу захавалася некалькі нясмелых, амаль самадзейных яго твораў — “У стэпе вясной. Матронаўка”, “Партрэт бацькі” і ”Партрэт Кілі” (усе яны ў прыватных калекцыях Францыі).

Але і ва ўніверсітэце Пахітонаў затрымаўся ненадоўга: ужо ў 1871-м разам з маці і старэйшай хворай сястрой апынуўся за мяжой. Вось тут, у галерэі Жэневы, упершыню і рызыкнуў выставіць некалькі сваіх маленькіх пейзажаў, якія былі намаляваны ў хвіліны маркоты, суму — так, для душы. І, што самае дзіўнае, іх купіў нейкі прыватны калекцыянер! Але галоўнае было ў іншым: творы прыцягнулі ўвагу такіх буйных майстроў рускага мастацтва, як І.Рэпін, К.Савіцкі, А.Харламаў, В.Паленаў, М.Антакольскі, І.Гінцбург, У.Стасаў, якія тады час ад часу наведвалі Парыж, а таксама цікавілі французскіх жывапісцаў і літаратараў.

Ілья Рэпін пісаў: “За ўсю нудоту і хандру па бясконцых залах Салона я адпачыў з асалодай перад мініяцюрнымі перлінамі нашага І.П. Пахітонава… З дзесяці яго рэчаў большую частку прадстаўляюць карцінкі з Тора дэль Грэка, на Неапалітанскім заліве. Колькі бляску, свежасці, якая вытрымка малюнка і тона паўсюль, асабліва на будынках!”. І Васіль Паленаў адзначаў: “Учора (гаворка пра 1889 год. — Б.К.) быў я ў Пахітонава ў майстэрні і праседзеў каля дзвюх гадзін. Вельмі ён мне падабаецца, чалавек з мастацкім чуццём і не маньерыст, як я думаў, а з любоўю дабіваецца праўды”. А вось думка французскага пісьменніка Альбера Вольфа: “Неабходна вельмі ўважліва разгледзець… маленькія карцінкі на дрэве гэтага майстра. Гэта цуд, безумоўна, самае незвычайнае з таго, што мяне ўразіла ў жывапісе”.

Тым не менш, Пахітонаў, калі вярнуўся ў Адэсу, не накінуўся на фарбы і пэндзлі, а пайшоў служыць, мабыць, пад націскам бацькі, кантралёрам у банк, дзе атрымліваў неблагую заработную плату, якой яму цалкам ставала на жыццё і без жывапісу. Можа, так бы ўсё і скончылася, але ў 1876 г. пасля наведвання ў Адэсе 5-й выстаўкі Таварыства перасоўных выставак Пахітонаў пазнаёміўся з мастаком Афанасіем Размарыцыным і з выпадку гэтай сустрэчы як бы няўзнак паказаў яму свае творы. Але той прыйшоў у захапленне і, здзіўлены майстэрствам самародка, параіў свайму новаму сябру неадкладна ехаць у Італію вучыцца жывапіснаму майстэрству, бо ўбачыў у Івана Паўлавіча не абы-які талент каларыста і мініяцюрыста. А тут, у Расіі, маўляў, ён наўрад ці ўжо чаму-небудзь навучыцца…

Пахітонаў так і зрабіў: спачатку пабываў у Італіі, дзе ў Мілане і Рыме вывучаў знакамітыя музеі і паралельна лячыў хворыя вочы. Ды і з лёгкімі былі нейкія праблемы. Потым перабраўся ў Парыж, дзе яго помнілі і без усялякай цяганіны ды затрымкі прынялі ў Таварыства ўзаемадапамогі і дабрачыннасці рускіх мастакоў за мяжой, арганізаванае выдатным жывапісцам-марыністам Аляксеем Багалюбавым і знакамітым пісьменнікам Іванам Тургеневым.

Так Пахітонаў трапіў пад крыло Аляксея Багалюбава, які і стаў ягоным “хросным бацькам” у мастацтве. І цэлымі днямі прападаў у доме настаўніка на вуліцы дэ Рома, 95, дзе асвойваў і ўдасканальваў сваё майстэрства. Канешне, шмат чаго ўзяў у чароўных рэалістаў танальнага жывапісу — Каміля Каро, Тэадора Русо, Жуля Дэпрэ, Шарля Дабіньі, Дыаза дэ ла Пенья і іншых барбізонцаў. У Саратаўскім мастацкім музеі імя А.М. Радзішчава ёсць нацюрморт Пахітонава “Фазаны”, на пярэднім баку якога надпіс: “Глыбокапаважанаму настаўніку А.П. Багалюбаву. І.Пахітонаў. 1 студзеня 1880 г.” Дарэчы, там жа, у музеі, можна пабачыць шмат пахітонаўскіх пейзажаў з відамі Бардо, Веля, Вішы, Ментона, Амстэрдама, Венецыі, Гаўра, Тулона...

Акрамя мастакоў, Пахітонаў ахвотна сустракаўся і з членамі рускай калоніі — эмігрантамі-рэвалюцыянерамі П.Лаўровым, А.Лапаціным, Г.Пляханавым, І.Паповым, М.Курачкіным (братам паэта-іскраўца В.Курачкіна), вакол якіх групаваліся народнікі. Такія сустрэчы мастака адбываліся пад уплывам яго стрыечнай сястры — рэвалюцыянеркі А.Д. Пахітонавай, якая жыла ў Парыжы пасля ўцёкаў з сібірскай ссылкі. А мо настальгаваў па сваім студэнцкім мінулым, калі ледзь не апынуўся ў каталажцы? Іван Папоў, адзін з былых кіраўнікоў групы “Народная Воля”, пісаў: “Праз Пахітонаву-эмігрантку мы пазнаёміліся з яе братам, мастаком, а праз яго і з іншымі мастакамі і, між іншым, з Антакольскім”.

Скульптар Ілья Гінцбург, наш зямляк з Гродна, у сваіх “Успамінах” пісаў пра парыжскі перыяд Пахітонава: “Хто найбольш мне тады спадабаўся, дык гэта ўжо вядомы малады пачатковец Пахітонаў — высокі, непрыгожы, з велізарнай шапкай ускудлачаных валасоў і шырока расстаўленымі вачыма. Пры ўсім яго пакланенні перад французскімі мастакамі-пейзажыстамі, ён больш за іншых заставаўся ў душы рускім. Сціпласць і прастата Пахітонава выклікалі прыхільнасць усіх на яго карысць”. Крытыкі адгукаліся пра Пахітонава як пра “фенаменальнага мастака”, як пра “талент вышэйшага парадку, што заслугоўвае ўвагі самых патрабавальных знаўцаў”. З французаў асабліва захапляўся “рускім цудам” мастак Жан-Луі Эрнэст Мейсанье, таксама майстар жанру мініяцюрнай карціны, пэндзаль якога называлі “пёркам калібры”.

Не памылюся, калі скажу, што з гэтага часу і пачынаецца мастак Пахітонаў. Творчая праца кожны дзень, выстаўкі ў Салоне на Елісейскіх Палях, кантракт з Жоржам Пці, удзел ў Міжнароднай выстаўцы ў Парыжы і г.д. Дарэчы, Пахітонаў быў адзіны з усіх рускіх мастакоў-парыжан, хто меў права выстаўляцца ў парыжскім Салоне без журы: рэдкая прывілея для асабліва таленавітых мастакоў. І, што дзівіць, чалавек, практычна без прафесійнай адукацыі, і вось — калі ласка! Канешне, творцы з такім лёсам самародкаў сустракаюцца ў гісторыі мастацтва, але вельмі рэдка. Ну, скажам, Аляксей Венецыянаў, Ван Гог, Поль Гаген, Марыс Уламінк, Кес Ван Данген, Поль Сіньяк, Марыс Утрыло, Марсель Дзюшан, Фрыда Кало… Зараз такіх асоб, без спецыяльнай адукацыі, не прынялі б у Саюз мастакоў…

А што да мецэната-маршана Жоржа Пці, то гэта — буйны дзеяч мастацкага жыцця Парыжа, заснавальнік Міжнароднай суполкі мастакоў. У 1882 г. Пахітонаў заключыў з ім дагавор, па ўмовах якога ён, незалежна ад работы, павінен быў атрымліваць тысячу франкаў у месяц да таго часу, пакуль мастаку не споўніцца… 100 гадоў, а таксама 65 працэнтаў ад кошту карцін, якія ён абавязваўся прадаваць толькі праз галерэю Жоржа Пці. Гэты дагавор, праўда, быў скасаваны праз 10 гадоў у сувязі з фінансавымі цяжкасцямі галерэі.

На ілюстрацыях: фотапартрэт Івана Пахітонава і яго карціна "Загатоўка льду".

Працяг гісторыі пра лёс Івана Пахітонава, што так любіў Міншчыну, чытайце ў наступных нумарах газеты.

Пачатак аповеду пра лёс мастака тут.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"