Запрашэнне прыйшло з горада Равенсбурга — пабраціма Брэста. Нашых музыкантаў чакалі муніцыпалітэт на чале з бургамістрам Даніэлем Рапам, а таксама тамтэйшая музычная школа і яе дырэктар Харальд Хефнер. Бургамістр не толькі прыняў юных аркестрантаў у старадаўняй гарадской ратушы, але і запрасіў іх наведаць свой працоўны кабінет.
Першы канцэрт адбыўся ў велічным Фарным касцёле пры манастыры ў горадзе Ройцы. Цудоўная акустыка залы дапамагла нам перадаць глыбіню і прыгажосць тых сур’ёзных і нават трагічных па характары твораў, якія мы спецыяльна ўключылі ў праграму. Вельмі кранула прызнанне адной са служак манастыра: гэты канцэрт стаўся для яе своеасаблівым прывітаннем ад бацькі, які загінуў пад Брэстам у час Другой сусветнай вайны.
Другі канцэрт адбыўся ў канферэнц-зале Равенсбурга. У першым аддзяленні з вялікім поспехам выступіла навучэнка каледжа, юная піяністка Таццяна Глушаніна. А ў другім — наш камерны аркестр прапанаваў танцавальна-жартаўлівыя творы, якія прывялі публіку ў захапленне.
Шмат уражанняў было і ў нас. У тым ліку ад знакамітай Дрэздэнскай галерэі, мінуць якую мы не маглі яшчэ па дарозе ў Равенсбург. Наведалі мы і Бадэнскае возера, пазнаёміліся з летнімі рэзідэнцыямі кайзераў і епіскапаў. І раптам пачулі там... гукі музыкі. Аказалася, у музычнай школе курортнага гарадка Меербург ішла рэпетыцыя духавога аркестра, і юных музыкантаў у ім было — безліч. Можа, узровень валодання інструментамі ў нямецкіх дзяцей і не такі высокі, як у нашых навучэнцаў, але ўражвае сама колькасць тых, хто займаецца музыкай. У тым жа Равенсбургу — менш за 50 тысяч жыхароў. А ў музычнай школе навучаюцца каля трох тысяч чалавек. Адных толькі віяланчэлістаў там — ажно 85! Дзеці, вядома, растуць, становяцца дарослымі — і ў выніку іграць умее ледзь не кожны, з радасцю прысвячаючы гэтаму свой вольны час...
Вольга КАСТЭНКА, кіраўнік аркестра
Брэст