Чаго не стае ў культурнай прасторы невялікага горада?

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Якіх аб’ектаў, устаноў, мерапрыемстваў не хапае на культурнай карце раённых гарадоў? “К” звярнулася па каментарыі да прадстаўнікоў улады Мсціслава і Расонаў, геаграфічна далёкіх ад сталіцы і абласных цэнтраў. У якасці эксперта выступіў кансультант у галіне гарадскіх стратэгій.

Наталля БІСКУП, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама:

— Намі распрацавана Праграма захавання гісторыка-культурнай спадчыны і развіцця традыцыйных культур у Мсціслаўскім раёне. У ёй распісаны ўсе праекты па кожным аб’екце з абгрунтаваннем, фінансавымі разлікамі… У раёне ёсць гісторыка-культурныя каштоўнасці першай, другой катэгорый, праца з якімі прыцягне дадатковую турыстычную плынь. Зразумела, каб былі вылучаны сродкі на рэстаўрацыйную працу щ сферы культуры і турызма з’явіліся б іншыя магчымасці. У цэлым, на сёння ў раёне — шмат яркіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца штогадова. Напрыклад, Рэспубліканскі фестываль мастацтваў імя Мікалая Чуркіна, Фестываль сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст” — гэтыя форумы будуць працягвацца. Можна казаць, што ў нашым раёне даволі насычанае культурнае жыццё.

Галіна ПАДВІЦЕЛЬСКАЯ, намеснік старшыні Расонскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях і інфармацыі:

— РДК адрамантаваны, ёсць дзіцячая школа мастацтваў, Музей баявой славы. Установы культуры — добрыя не толькі ў Расонах, але, у прынцыпе, ва ўсіх аграгарадках. Калі разглядаць тое, чаго не стае, то, лічу, годная база ў раёне ёсць: чатыры народныя аўтэнтычныя калектывы, два ўзорныя, праводзяцца раённыя мерапрыемствы, фестывалі... Для невялікай колькасці насельніцтва (10,5 тысячы чалавек), мяркую, — дастаткова. Магчыма, не хапае мерапрыемстваў рэспубліканскага ўзроўню, але ўжо робяцца першыя крокі ў гэтым кірунку. Да прыкладу, працуем над тым, каб надаць нашаму форуму сельскага турызма “Заборскі фэст” статус рэспубліканскага.

У нашым раённе багацце ў першую чаргу — прыроднае, а менавіта гістарычных аб’ектаў амаль няма. Ёсць царква Святога Узнясення сярэдзіны ХІХ стагоддзя, сядзіба пабудовы тых жа часоў… Нельга ўжо аднавіць крэпасць Сокал, закладзеную ў 1599 годзе, бо ад яе засталіся руіны, а на месцы Клясціцкай баталіі 1812-га ўсталяваны помнік. Перспектыва нашага развіцця — агратурызм.

Георгій ЗАБОРСКІ, архітэктар, кансультант у галіне гарадскіх стратэгій:

— Наогул стварэнне і развіццё аб’ектаў — генератараў і транслятараў культуры ў малых гарадах — зараз не мясцовая, а сусветная тэндэнцыя. Яна паралельна развіваецца ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе, у Японіі, на поўдні ЗША... Без гэтага малым гарадам проста не выжыць: руйнуецца сацыяльная і падзейная прастора, вялікія гарады выйграюць у канкурэнтнай барацьбе. У мяне, як кансультанта па гарадскіх стратэгіях, ёсць шэраг удалых досведаў, якія кажуць наступнае:

1. Сучасны культурны аб’ект у малым горадзе трэба ствараць, грунтуючыся на рэальных культурных працэсах у ім, на тым, чым людзі па-сапраўднаму захопленыя. Моладзь хоча хіп-хопа? Вось з яго і пачынайце, паралельна ўключаючы ў праграму экспазіцыі сучаснага жывапісу і іншыя “сур’ёзныя” рэчы.

2. У кожным горадзе ўжо ёсць унікальная культурная сістэма, проста афіцыйныя структуры па пэўных прычынах яе не заўважаюць. У адным — многія па-сапраўднаму захоплены лакальнай гісторыяй, кожны трэці — краязнаўца. А праедзеш пяцьдзясят кіламетраў — тут людзі відавочна займаюцца так званым наіўным мастацтвам, у кожным двары свая інсталяцыя, на галоўнай плошчы фестываль нейкі спантанны. У трэцім — моладзь захоплена электроннай музыкай... Вось гэта і трэба праяўляць, адкопваць, развіваць — а не імпартаваць у горад стандартны набор: загаданыя жывапіс, музыку і народныя рамёствы. Пойдзе працэс, кансалідуюцца людзі, падцягнецца моладзь — кожны сам адкрые для сябе атанальны джаз ці каштоўнасці традыцыйнага мастацтва.

3. Важна, каб на чале гэтага працэсу стаяў не той, хто стане працягваць традыцыі савецкіх дамоў культуры, а малады мясцовы жыхар пры падтрымцы пары знешніх экспертаў, якія дапамогуць прывязаць гэтыя лакальныя працэсы да сусветнай культурнай плыні.

А архітэктура такога цэнтра... Яна з усяго гэтага і вырастае ў добрага архітэктара: з асаблівасцей мясцовага культурнага працэсу, з яго месца ў сусветнай карціне. Для аднаго горада я запраектаваў бы мінімальную рэстаўрацыю пары старадаўніх драўляных дамоў, а для іншага — ультрасучасны комплекс. Мова архітэктуры тут — гэта добра пачутая і праяўленая мова мясцовай культуры, ні больш і ні менш. І мне было б цікава ўзяцца за такую задачу ў невялікім горадзе...