Лазерны прамень у Касцюковіцкім небе

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

Як вядома, сустракаюць па апратцы. Першыя ўражанні ад знаёмства з культурным жыццём Касцюковічаў, якія сёлета адсвяткуюць свой 500-гадовы юбілей, толькі станоўчыя, нават калі ты пакуль не ведаеш, бруіцца гэтае жыццё альбо віруе. Культурныя ўстановы гарадка позірк прыкмячае адразу — яны вылучаюцца ў яго ландшафце сваёй, бадай, дасканалай дагледжанасцю і прыгожым выглядам. Не тое што кантрастуюць, а менавіта — вылучаюцца. Зрэшты, па вонкавых адзнаках меркаваць не надта мудра. Што ж тоіцца за гэтымі дбайна атынкаванымі фасадамі? І чаму начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец заўсёды апавядае пра гэты раён з непрыхаваным гонарам і пашанай? Урэшце, як патлумачыць той факт, што апошнім часам ён нязменна займае першыя месцы ў галіне культуры па Магілёўскай вобласці, якая зусім нядаўна адсвяткавала сваё 70-годдзе? Здавалася б, ніякіх аб’ектыўных прычын такога росквіту, бадай, і не знойдзеш. Больш аддалены ад сталіцы райцэнтр варта яшчэ пашукаць — каб патрапіць туды з Мінска, трэба пераадолець не меней за тры з паловай сотні кіламетраў. Пра стварэнне ў Касцюковічах у XVIII стагоддзі опернага тэатра або іншую такога кшталту гістарычную падзею звестак не захавалася. А калі дадаць, што гэты край моцна пацярпеў падчас Чарнобыльскай навалы… Але ўсё ж сімвалам культуры Касцюкоўшчыны зусім не выпадае лічыць дыназаўра — хаця ён у яе палітры таксама прысутнічае (пра гэта ніжэй). Сумны лёс дагістарычных істот дакладна яе не спасцігне. Бо ўсе згаданыя вышэй размаітыя фактары — як і мноства іншых — блякнуць перад самым істотным: чалавечым.

“Добра працуе той, хто добра адпачывае” 

Беларусам не выпадае скардзіцца на нястачу руплівых кіраўнікоў мясцовых улад, якія шчыра дбаюць пра культуру свайго рэгіёна, бачачы ў ёй адзін з “кутніх камянёў” яго развіцця. Ды ўсё ж старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Міхаіл БАРЫСАЎ між іх асаблівы. Недарэмна ж сярод сваіх калег ён адзіны, хто атрымаў найвышэйшы знак падзякі Міністэрства культуры РБ — “За ўклад у развіццё культуры Рэспублікі Беларусь”.

— Прыемна дапамагаць тым, хто прыносіць добры плён, — сціпла кажа з гэтай нагоды Міхаіл Рыгоравіч.

— А ў чым гэты плён выяўляецца — калі зірнуць на жыццё вашага краю комплексна?

— Не мною першым адзначаны той вялікі ўплыў, што аказвае культура на ўнутраны свет асобы, на яе развіццё і выхаванне. Як практык, неаднаразова пераконваўся ў негаласлоўнасці гэтага сцвярджэння. Сярод выпускнікоў нашай школы мастацтваў, мусіць, не знойдзеш ніводнага, хто б збочыў з праўдзівага жыццёвага шляху. Бо калі чалавек з захапленнем танчыць, спявае, выразае па дрэве, да гарэлкі ў яго вялікай ахвоты не будзе — ні ахвоты, ні часу. Больш за тое — ён становіцца прыкладам для суседзяў і калег на працы, самім сваім жыццём прапагандуючы пазітыўны светапогляд. Таму вельмі рады, што мой васьмігадовы ўнук вось ужо тры гады з захапленнем займаецца маляваннем у школе мастацтваў.

— Касцюковіцкі раён мае добрыя эканамічныя паказчыкі — у вобласці ён адзін з лідэраў. На вашу думку, ці ёсць тут унёсак культуры?

— Не дарэмна кажуць: добра працуе той, хто добра адпачывае. Ці можна патрабаваць сумленнага стаўлення да сваіх абавязкаў ад маладога чалавека, які змушаны бавіць вольны час за чаркай у завуголлі? Калісьці ў нас таксама была такая праблема. Цяпер, калі мы адкрылі Маладзёжны культурны цэнтр, я не магу нарадавацца: там збіраюцца ці не ўсе касцюковіцкія хлопцы і дзяўчаты. І— адзначце! — паводзяць сябе вельмі прыстойна. Вядома ж, і да працы ў іх будзе зусім іншае стаўленне.
Сёлета на Новы год у нас было зладжана шыкоўнае свята з сапраўдным феерверкам. І хаця сабралося, мусіць, пад
дзесяць тысяч чалавек, навагодняя ноч — як, зрэшты, і ўсе святочныя дні— прайшла ў нас без эксцэсаў. Прынамсі, сур’ёзных правапарушэнняў зафіксавана не было. Гэта значыць, нашы людзі ўжо прызвычаіліся да культуры.
Хочацца, каб у тваім родным доме
ўсё ладзілася — і вытворчасць, і культура, і побыт. Бо яны, без сумневу, узаемазвязаны. Думаю, падчас знаёмства з нашай зямлёй вы ў гэтым і самі пераканаецеся.

Боязна не апраўдаць даверу

Вонкава “агмень культуры” аграгарадка “Тупічына” мала чым адрозніваецца ад мноства падобных устаноў на Беларусі: зграбная аднапавярховая камянічка з дагледжанай прылеглай тэрыторыяй, яўна нядаўна адрамантаваная.
Ды пару адметных рыс у яе абліччы
прыкмеціць усё ж магчыма. Па-першае, акаляе Цэнтр культуры “этнаграфічны” плот — не раўнуючы, як у старадаўнім вясковым двары. Начальнік аддзела культуры Касцюковіцкага райвыканкаму Мікалай Тыманюк кажа, што адмыслова настаяў менавіта на такім варыянце агароджы: бетонная мо і больш трывалая, аднак… для ўстановы культуры яна не надта пасуе. А другая адметнасць здатная хаця б трохі палепшыць настрой кожнаму, хто пераступае парог Цэнтра культуры.
Ля яго ўвахода — пацешная
скульптура, што выяўляе, мусіць, задуменнага творцу або мысляра. Зроблена яна з бярозавых паленняў, і ўжо таму міжволі прыцягвае ўвагу. Здавалася б — дробязь, але — дробязь арыгінальная.
Інтэр’еры Цэнтра культуры звыкла
сціплыя: “дыскатэчнае” фае, глядзельная зала ды пара кабінетаў. Але месца для ўсіх ахвотных сябе паказаць і на іншых паглядзець тут хапае — і ў прамым і ў пераносным сэнсах. Наведваюцца сюды і людзі сталага веку, і моладзь, і дзеці.
Ёсць тут і праява “традыцыйнай” аматарскай культуры — ансамбль “Весялуха”,
ёсць і зухаватая маладзёжная комік-група…
— Людзі штораз патрабуюць нечага новага, — кажа дырэктар ЦК Зінаіда
Буталенка. — Наведвальнікі ў нас адны і тыя ж, і таму паўтарацца нам не выпадае — іначай лёгка “прыесціся”. Пасля канцэртаў нас заўсёды хваляць: гэты, маўляў, быў лепшы за ўсе мінулыя. Нам, вядома, прыемна, але… Як падумаеш, што і наступны мае быць лепшым… Што ні кажы, боязна не апраўдаць даверу!
Але дзе ж адшукаць столькі метадычнай літаратуры, каб ніколі не паўтарацца?
Тым болей, на яе брак скардзяцца многія культработнікі. Са слоў З.Буталенка— слыннай на ўвесь край спявачкі прыпевак, — можна меркаваць, што выйсце тут адзінае:
— Для навагодняга свята сцэнарый
мы самі пісалі. Падчас імпрэзы адбываўся конкурс на новую Снягурку, бо “старую” Дзед Мароз нешта “не ўпадабаў”.
Сярод кандыдатаў і старэнькая бабця
была, і Верка Сярдзючка, усе песні спявалі або чыталі вершы…

Экспанаты са сметніка

Тупічына мала падобнае да традыцыйнай вёскі. Па ўсім відаць, што хваля “абнаўлення сяла” закранула гэтыя мясціны яшчэ за савецкім часам. На жаль, разам з электрыфікацыяй ды іншымі выгодамі, спаконвечны лад жыцця быў ушчэнт парушаны. Таму цяжка сказаць, ці дажыла б да нашых дзён і ці мела б будучыню аўтэнтычная народная культура гэтых мясцін, са сваімі адметнымі арнаментамі і дзівоснай песеннай мелодыкай, каб не такія руплівыя яе заўзятары, як Жанна Садкова.
— Іду я неяк у лес паўз сметнік і бачу: во гэтыя саматканыя ручнікі ляжаць, — распавядае яна. — Камусьці
яны ўжо былі не патрэбны, дык і выкінулі… А вось гэтымі ручнікамі адна жанчына чыгункі брала, каб не апячыся.
Цяпер ручнікі занялі пачэснае месца
ў музеі, створаным Ж.Садковай пры Тупічынскай школе, разам з мноствам іншых цікавых экспанатаў.
— Па вялікім рахунку, гэтае маё захапленне пачалося з самага маленства, — распавядае Ж.Садкова. — Бабуля
мая малілася — спявала. Мама малілася — спявала… Я сваіх продкаў да пятага калена ведаю, да пра-пра-пра-дзеда, які салдатам быў за часамі Кацярыны.
Энтузіястка па крупінках збірае
таксама і песні, і своеасаблівыя гульні-забаўкі, што паспяхова замянялі нашым продкам камп’ютэрныя “стралялкі”. Дый не толькі збірае, але шчодра дзеліцца — са сваімі вучнямі. А іх вунь як багата было ў яе за сорак гадоў настаўніцкага стажу! Цяпер вакол Ж.Садковай сфарміраваўся гурток маладых аднадумцаў, з якімі яна і песні вучыць, і вясну гукае, і калядаванні ладзіць. Насуперак жывучым стэрэатыпам, дзецям ды моладзі такі спосаб баўлення часу па душы.
На жаль, руплівасць настаўніцы не
заўсёды знаходзіла разуменне з боку калег і аднавяскоўцаў. Вось і леташні яе сыход на пенсію быў вымушаны — па ўсім відаць, што сіл ды імпэту ў гэтай жанчыны болей чым дастаткова.
Яе дзейнасць — і музей, і праца з вучнямі— апынулася пад пэўнай пагрозай.
Аднак Мікалай Тыманюк, мусіць, палічыў бы сябе здраднікам уласных ідэалаў, каб не ўмяшаўся ў сітуацыю са сваім заўсёдным імпэтам. У выніку і без таго размаіты спіс падначаленых яго аддзелу ўстаноў зусім неўзабаве папоўніцца яшчэ адной — музеем этнаграфіі. Са штатным дырэктарам у асобе ўсё той жа руплівіцы.
-- Феномен Жанны Садковай у тым, што кіруе ёю не службовы абавязак, а менавіта ўнутраная патрэба, — кажа Мікалай Андрэевіч. — Гэта папраўдзе шчырае заўзятарства, і я лічу сваім абавязкам усяляк падтрымліваць такіх людзей, спрыяць таму, каб іх добрыя памкненні прыносілі плён.
У адраджэнні традыцыйнай культуры ён бачыць альтэрнатыву маскульту, дзе страчаны тыя ўласцівыя народнай песні чысціня і сапраўднасць.
А таксама -- дзейсны спосаб вырашэння актуальных сацыяльных праблем, якія непазбежна вынікаюць з хібаў маралі. Бо, мусіць, невыпадкова, што дзяцей у Ж.Садковай — дзесяць! Пяцёра сваіх і пяцёра прыёмных.

Даводзіцца “арыентавацца на мясцовасці”

У аграгарадку з прыгожай назвай “Муравілле” заспяем рэпетыцыю вакальнага ансамбля “Муравушка”. Дзяўчаты ў ім галасістыя, і спяваюць яны неверагодна чыста ды пранікнёна. На ўласным “слухацкім” досведзе пераканаўся, што песні “свае”, аўтэнтычныя, могуць быць куды больш прыцягальнымі за вядомыя ўсім хіты. Таму і прэтэнзіі калектыву на званне “ўзорны” цалкам абгрунтаваныя.
Знаёмячы мяне з сёстрамі Кірыенка
— творчым тандэмам, які кіруе “Муравушкай”, але ж нярэдка выходзіць на сцэну і сам, — Мікалай Андрэевіч у чарговы раз агучыў вядомую ўсім (але праз гэта не менш актуальную) ісціну:
— Калі работнікі культуры таленавітыя ды ініцыятыўныя, тады і людзі вакол
іх гуртуюцца.
Мяркуючы па той атмасферы, якую
ствараюць спевы “Муравушкі”, па натхнёных тварах яе ўдзельніц, такая пахвальба зусім не галаслоўная. І ўглядаючыся ў гэтыя твары, пераконваешся, што адраджэннем народных традыцый на Касцюкоўшчыне сёння апантаны не толькі адзінкі-энтузіясты. Гэты пачын, актывізаваны і падтрыманы “зверху”, пакрысе набывае масавы характар.
І гэта не агульныя словы. Калі два гады таму ў раёне паўстаў папраўдзе інавацыйны праект — школа рамёстваў,—
сёй-той “звонку” мог цалкам паставіцца да яго скептычна: маўляў, установы культуры новагатыпу сёння ўвайшлі ў моду… Але цяпер такі скепсіс недарэчны: у школе рамёстваў ужо болей за 80 вучняў.
Прычым, што самае цікавае, больш
за палову з іх жыве не ў саміх Касцюковічах, а ў аграгарадку “Новыя Саматэвічы”, дзе працуе філіял школы. Па словах Мікалая Тыманюка, для творчай адукацыі ў яго раёне такая тэндэнцыя ў пэўнай меры характэрная: — Калі я прыехаў працаваць у раён, на сяле не было ніводнага філіяла музычнай школы. Як толькі мы пачалі іх ствараць, адразу стала зразумела, наколькі яны запатрабаваны. Сёння рост колькасці вучняў там адбываецца хутчэй, чым у горадзе.
Дзеці з Новых Саматэвічаў пры жаданні могуць навучыцца кераміцы, бісерапляценню, вышыўцы, роспісу і разьбе
па дрэве. Апрача профільных, у праграме ёсць і такія прадметы, як жывапіс, кампазіцыя і гісторыя мастацтваў.
Пацікавіўся ў выкладчыцы школы
Інэсы Міхальчанка-Ганчаровай наконт методыкі выкладання. Вядома, пакуль яна толькі ў стадыі распрацоўкі — для такога “нестандартнага” тыпу культурнай установы гатовых праграм няма. Тамму даводзіцца “арыентавацца на мясцовасці” і спакваля ствараць іх самім.
— Магчымасці Дома рамёстваў у
плане працы з людзьмі— і асабліва з дзецьмі, — усё ж абмежаваныя, дый, паводле штатнага раскладу, там усяго чатыры спецыялісты, — тлумачыць сутнасць сваёй ідэі яе аўтар Мікалай Тыманюк. — А навучальныя ўстановы культуры патрабуюць ад абітурыентаў пэўнай кваліфікацыі. Вельмі хочацца, каб выпускнікі нашай школы ў перспектыве здолелі атрымаць якасную і прэстыжную адукацыю.
Натуральна, калі з часам гэтая задача
будзе выканана, праблема з выкладчыцкімі кадрамі для школы вырашыцца сама сабою. Але пакуль што яна злабадзённая. Тым болей, школа плануе няспынна пашырацца, пакрысе ахопліваючы ўсё новыя і новыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Таму і пра папаўненне выкладчыцкіх шэрагаў аддзел культуры дбае ўжо цяпер, дасылаючы заяўкі ў адпаведныя ўстановы адукацыі. Ёсць спадзеў, што ў наступным навучальным годзе штат школы павялічыцца сама меней на... дзесяць спецыялістаў.

“Камп’ютэрная пісьменнасць” у аграгарадку

У бібліятэцы Новых Саматэвічаў бачым яшчэ адну карціну будзённага жыцця аграгарадка: дзятва, згрупаваўшыся ля камп’ютэра, жвава засвойвае навыкі валодання гэтай ці не найактуальнейшай у сучасным свеце прыладай. Заняткі па “камп’ютэрнай пісьменнасці” праводзіць маладая бібліятэкарка Маргарыта Круковіч.
— Дзеці гэтыя веды схопліваюць вокамгненна! — пасміхаецца яна. Што ні
кажы — новае пакаленне!
Нягледзячы на свой малады век,
Маргарыта Юр’еўна ужо займела рэпутацыю аднаго з лепшых сельскіх бібліятэкараў раёна. Чалавек яна актыўны, і праяўляе гэтую актыўнасць у розных напрамках — прыкладам, бярэ ўдзел у абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. А каб малады спецыяліст “пусціў у гэтай зямлі карані”, мясцовыя ўлады расшчодрыліся для яе на добрае жытло асобную кватэру. Запытаўшы Мікалая Андрэевіча, чаму назвы ўстаноў культуры ў аграгарадках пачынаюцца з досыць нязвыклага пакуль для нас слова “цэнтр”, пачуў ад яго цэлую канцэпцыю гэткай “цэнтралізацыі”:
— Лічу, вялікі плён прынесла б
аб’яднанне ўсёй соцыякультурнай сферы аграгарадка пад адным дахам, у адзін соцыякультурны цэнтр. Дзейнасці ўстаноў, што працуюць у розных сферах, патрэбна кансалідацыя. Бо ніва ў нас адна, і калі кожны цягне коўдру ў свой бок, комплекснаму вырашэнню нашых задач гэта зусім не спрыяе. Дарэчы, у галіне культуры мы гэтую кансалідацыю ўжо практыкуем: раней тое ці іншае свята рабілася сіламі аднаго Касцюковіцкага цэнтра культуры, цяпер жа да яго падрыхтоўкі падключаюцца і школа мастацтваў, і музей, і Дом рамёстваў… У выніку свята атрымліваецца куды цікавейшае ды маштабнейшае.
“Мясцовы” прыклад
такой супрацы розных галін соцыякультурнай сферы давялося ўбачыць у тых самых Новых Саматэвічах. Пэўная частка прыналежных да аддзела культуры ўстаноў там месціцца ў агульнаадукацыйнай школе— балазе, вялікі будынак дазваляе.
Выгоды такой акалічнасці і сапраўды відавочныя: пасля ўрокаў можна адразу скіравацца на
заняткі танцамі, што ладзяцца ў належна абсталяванай харэаграфічнай зале. А ўрок, прысвечаны творчасці Аркадзя Куляшова, грэх не правесці ў прысвечаным слыннаму земляку музеі — балазе, ён месціцца паверхам ніжэй. Дый і на тых жа энергарэсурсах можна зэканоміць.
Натуральна, гэтая задача сёння таксама актуальная для культурнага
жыцця краю. Уцяміўшы, што карыстацца вадзяным ацяпленнем — неэканомна, аддзел культуры перавёў усе малыя ўстановы на пячное ацяпленне. Гэта рацыянальна: печ можна паліць толькі перад мерапрыемствамі, у той час, як катлы мусяць працаваць і тады, калі клуб пустуе. Хаця выкананне плана па эканоміі энергарэсурсаў у саміх Касцюковічах ад устаноў культуры не залежыць— усе яны ацяпляюцца праз цэнтральную кацельную.

Ці патрэбна ў райцэнтры паэзія?

Вёскі, дзе нарадзіўся Аркадзь Куляшоў, сёння ўжо практычна няма. У Саматэвічах можна ўбачыць адно закінутыя хаціны і вялікую мураваную царкву, якая раней на ўсе ваколіцы славілася сваёй прыгажосцю, — яе і Куляшоў згадваў у сваіх творах.
Крыж на жыцці вёскі паставіла Чарнобыльская
трагедыя.
Прызвычаіцца да свайго новага месца жыхарства — да Новых Саматэвічаў—
перасяленцам, асабліва сталага веку, было нялёгка, хаця і адлегласць паміж двума паселішчамі ўсяго якіх дваццаць пяць кіламетраў. Але малая радзіма — гэта заўсёды нешта вельмі дарагое і канкрэтнае…
Мемарыяльная дошка, што раней вісела на сцяне роднай хаты паэта, цяпер у
прысвечаным яму музеі. Там можна ўбачыць не толькі разнастайныя яго фотаздымкі розных гадоў, скульптурны бюст, шматлікія кнігі, лісты і публікацыі, але і цікавыя асабістыя рэчы. Напрыклад, асадку, якой была напісана знакамітая паэма “Хамуціус”.
Літаральна за некалькі кіламетраў
ад Новых Саматэвічаў — вёска Бялынкавічы, дзе нарадзіўся яшчэ адзін выдатны лірык Алесь Пісьмянкоў. Толькі ўтрапёны літаратуразнаўца здатны падлічыць, колькі разоў паэт згадваў у вершах свае родныя мясціны. Мабыць, у думках і мроях ніколі іх не пакідаў.
— Сапраўдны маштаб таленту гэтага
творцы нашым сучаснікам яшчэ толькі належыць усвядоміць, — перакананы М.Тыманюк.— Прызнаюся, я і сам усвядоміў яго са спазненнем, хаця мне і давялося ведаць Алеся асабіста. Ягоныя радкі вельмі простыя, не перагружаныя метафарамі, але менавіта ў гэтай прастаце — геніяльнасць. Вось, паслухайце:

Проста хочацца да болю
Першароднай чысціні,
Той, што мроіцца начамі,
Што з душы здымае грэх…
Проста ў вёсцыБелы Камень
Самы белы ў свеце снег.

Белы Камень — гэта зусім побач з яго роднымі Бялынкавічамі. Ён і сапраўды няспынна шукаў той чысціні, дасягальнай толькі ў еднасці з прыродай, бо ў горадзе пачуваўся, бы не ў сваёй талерцы. Аднойчы Алесь прыйшоў да мяне ў госці і запытаў: “Слухай, мо ў цябе знойдзецца для мяне які куток? Так хочацца вярнуцца ў родныя мясціны!” А праз тры дні яго не стала…
Данінай памяці земляку стане абласны фестываль паэзіі, які пройдзе ў Касцюковічах 25 лютага — у дзень нараджэння
Алеся Пісьмянкова. Мікалай Тыманюк надае гэтай імпрэзе асаблівую ўвагу: ён хоча, каб яна атрымалася не легкадумна-забаўляльнай, але здатнай адкрыць глыбіню і прастору для асобаснага духоўнага росту людзей. І перакананы, што знойдзе ў гэтым паразуменне з аўдыторыяй, што сапраўдная паэзія ў Касцюковічах патрэбна — нават у той час, калі і ў вялікіх гарадах цікавасць да яе праяўляе адно вузкае кола “далучанай” публікі.
Назіраючы за тым, з якой любоўю і
пашанай згадваюць тут сваіх песняроў— і Куляшова, і Чыгрынава, і Пісьмянкова (дарэчы, імёнамі двух апошніх названы касцюковіцкія бібліятэкі — адпаведна, цэнтральная і дзіцячая), — разумееш, што паэзія ў райцэнтры і сапраўды можа “прагучаць”.
Дый, зрэшты, яна тут ужо гучыць — няспынна. Літаратурная гасцёўня “Крынічка”, якая зусім нядаўна атрымала статус
народнага аб’яднання, ніколі не зведвала нястачы ўдзельнікаў. І адказам на “правакацыйнае” пытанне ў падзагалоўку могуць паслужыць пранікнёныя светлымі эмоцыямі радкі Наталлі Азаранка або філасафічнасць вершаў Ніны Жураўлёвай.
Так, паэзія патрэбна. Бо яна незаменная.

Этыкет перадаецца ў спадчыну

На этыкетцы з “брэндамі” Касцюкоўшчыны абавязкова красавала б слова “Этыкет”. Вакальна-інструментальны ансамбль з такой назвай паспяхова выступае далёка за межамі раёна, а ягоны выканальніцкі ўзровень дазваляе прэтэндаваць на рэдкае для калектываў з рэгіёнаў званне “заслужаны”.
Кіраўнік ансамбля Ігар Гіркін— работнік культуры не толькі са стажам, але
і не ў першым пакаленні. Ягоная маці Людміла Гіркіна працуе мастацкім кіраўніком у Цэнтры культуры вось ужо 47 гадоў, стварыўшы за гэты час тры народныя калектывы.
Ды і сам Ігар Валер’евіч праяўляе сябе на розных дзялянках — і ў ВІА, і ў духавым аркестры, і на пасадзе дырэктара
раённага Цэнтра культуры, спалучаючы і творчую працу, і адміністрацыйную.
— Сумяшчаць іх вельмі складана,—
прызнаецца ён, — таму кожны мой дзень распісаны літаральна па хвілінах.
Ды нічога не зробіш: рух — гэта жыццё…
Нягледзячы на свой паважны стаж
у культуры, Людміла Гіркіна зусім не страціла маладога імпэту ды жаночай абаяльнасці. І па-ранейшаму ахвотна дзеліцца запалам і шчодрасцю душы з іншымі. У тым ліку і з ветэранамі: вось ужо 28 гадоў яна кіруе іх народным клубам “Полымя”, які часам ператвараецца ў хор.
Як гэта адбываецца, мы маглі ўбачыць на ўласныя вочы — якраз патрапілі на “вячоркі” клуба. Яны перамяжоўваліся харавымі спевамі — такімі душэўнымі, што карцела падпець самому.
Яшчэ адзін вядомы ў раёне калектыў — “Калініца”, які акурат тым часам
ладзіў рэпетыцыю на сцэне Цэнтра культуры, — таксама дэманструе пераемнасць традыцый. Некаторыя з яго колішніх удзельнікаў, што гадоў дваццаць таму пачыналі ансамбль, спяваюць цяпер у ветэранскім хоры, саступіўшы месца моладзі.
Яскравае шоу “Калініцы” мы глядзелі ў невялікай, але ўтульнай зале, забяспечанай добрым гукам і святлом. Хаця для
жыхароў гарадка яна трохі зацесная. Таму з цягам часу тут спадзяюцца пабудаваць новы Палац культуры.
І ёсць сякія-такія падставы меркаваць, што гэтыя маштабныя планы здзейсняцца. Як і іншыя — напрыклад, стварэнне ў Касцюковічах свайго каледжа,
які рыхтаваў бы работнікаў культуры для раёна і яго ваколіц. Бо ў гэтых мясцінах умеюць увасабляць мары ў жыццё.

Не пражэкты, а пражэктары

Сапраўды, пра магчымасць танчыць не ў цесным фае ДК, а на прасторным танцполе, які паводле свайго інтэр’ера і тэхнічнага забеспячэння нічым не саступае сталічным клубам, моладзь многіх нашых райцэнтраў пакуль толькі марыць. А ў Касцюковічах гэта ўжо рэальнасць.
Пражэкты ўвасобіліся... у пражэктары. І
лазерны прамень, які штовечар рассякае неба, ствараючы ў горадзе лёгкую атмасферу свята, нікога цяпер не здзіўляе.
Ажыццяўленне мары абышлося раённаму бюджэту ў 350 мільёнаў рублёў.
Менавіта столькі каштавала пераўвасабленне занядбанага кінатэатра ў сапраўдную “цукерачку” з бліскучай абгорткай і прыемным на смак начыненнем. Называецца яна “Маладзёжны культурны цэнтр“Юнацтва”. Прычым слова “культурны” тут ужыта не проста фармальна. Сведчаннем таму хаця б тое, што цэнтр працуе ўжо два гады — а выглядае, бы навюткі. Ды і дырэктар “Юнацтва” Святлана Казлова сцвярджае, што наведвальнікі яе ўстановы праблем не ствараюць.
Апрача дыскатэкі і кінапаказаў,
Цэнтр увабраў у сябе самыя розныя праявы маладзёжнай культуры. Ёсць тут і рок-гурт “Татэм”, і танцавальныя калектывы ў стылі “r’n’b”, і тэатр моды “Стыль”, і эстрадная вакальная студыя “Візаві”. Усё гэта разам спалучаецца ў адмысловых шоу-праграмах, якія збіраюць па некалькі соцень удзячных гледачоў. А ў вольны ад іх час адбываюцца сустрэчы клуба маладых сем’яў — не толькі забаўляльныя, але і пазнавальныя. Неўзабаве пад дахам Цэнтра плануецца стварыць і фотавідэастудыю, адрадзіўшы тым самым ужо ладна прызабыты від арганізаванай аматарскай творчасці і адначасова папоўніўшы спіс ды аб’ём платных паслуг. А іх сума, між іншым, і без таго ўнушальная — у “Юнацтве” яна летась склала 53 мільёны рублёў!
Цэнтр, які быў прызнаны на абласным конкурсе клубам года, сведчыць за
тое, што ўстановы культуры новага тыпу і сапраўды здатныя вырашаць актуальныя праблемы ў сваёй галіне. Але ж і ў саміх такіх устаноў сёння ёсць пэўныя праблемы. Напрыклад, са штатным раскладам — нарматываў, якія б яго рэгулявалі, пакуль не існуе. Таму на 11 фарміраванняў, якія працуюць пад дахам Цэнтра, прыпадае ўсяго тры спецыялісты.

Паболей бы дыназаўрыкаў!

Ладзіць як мага болей зменных выставак Касцюковіцкі краязнаўчы музей вымушае само жыццё: план платных паслуг для гэтай установы — ажно 10 мільёнаў. А глядзець адно і тое ж па некалькі разоў наведвальнікам не надта цікава. Незалежна нават ад якасці экспазіцыі.
Яе галоўная “разыначка”, якую з аднолькавым захапленнем упадабалі і дзятва, і дарослыя, месціцца ў Зале прыроды. Там можна ўбачыць не толькі тых звяроў, што і сёння насяляюць навакольныя лясы, але і істоту, якую падчас паходу ў грыбы не сустрэнеш: мала хто ўстрымаецца ад жадання сфатаграфавацца побач з...
дыназаўрам.
Дагістарычная пачвара выглядае
надзвычай пагрозліва— нават у выглядзе муляжу. Палец у рот ёй дакладна класці не варта: зубоў — не пералічыць!
Ростам яна ўдвая вышэйшая за сярэдняга
чалавека, і гэта прытым, што стваральнікі экспазіцыі рэканструявалі ў натуральную велічыню нават не дарослага дыназаўра, а зусім маленькае дзіцятка!
Так, важная характарыстыка гэтай
цікавосткі — ейная навуковая абгрунтаванасць. У адваротным выпадку музейшчыкам было б не ўнікнуць заўваг наконт таго, што падобныя прынады для наведвальнікаў куды больш пасуюць для якога кірмашу. А тут удалося адразу двух зайцоў забіць: і падарыць людзям усплёск яркіх эмоцый, і ў папулярнай форме распавесці пра тых, хто і сапраўды насяляў калісьці гэтыя мясціны.
Калі такіх дыназаўраў (ва ўсіх магчымых сваіх абліччах) у нашых музеях паболее, ніхто не будзе ўспрымаць іх наведванне як нудную “абавязалаўку”.
Адна з выставачных залаў музея ператворана ў грамадска-палітычны
цэнтр — ідэальнае месца для самых розных сустрэч за “круглым сталом”, ад нарад да пасяджэнняў усё той жа “Крынічкі”. А вось гістарычная зала пакуль не гатова прыняць наведвальнікаў — хаця пра тое, што ейная экспазіцыя будзе арыгінальнай і густоўнай, можна меркаваць ужо па прыемнай колеравай гаме “зробленай” часткі. Давесці справу да лагічнага фіналу ў музея не хапае сродкаў.
Але ведаючы стаўленне да культуры
мясцовых улад, можна меркаваць, што да святкавання 500-гадовага юбілею Касцюковічаў патрэбныя грошы знойдуцца.

Умельствы закладзены ў генах

У мінулыя часы Касцюкоўшчына славілася сваімі разьбой па дрэве, ткацтвам і асабліва— керамікай. Гліна тут была ўласная, і рамеснікаў, што ўмелі яе абпальваць, у гэтым краі некалі было каля васьмідзесяці. Ды потым, разам са зменай эпох, традыцыі майстэрства заняпалі.
Вяртаць іх да жыцця работнікам Дома рамёстваў даводзіцца літаральна па
крупінках — праз пошукі ў архівах ды проста па хатах.
— Не так даўно яшчэ здавалася, быццам народныя рамёствы прыйшлі ў такі
заняпад, што ніколі ўжо не адродзяцца,— кажа дырэктар установы Віктар Давыдаў.
— Але ж не — спакваля яны аднаўляюцца! Бо, мусіць, у генах гэта закладзена.
Вось, не так даўно з’явіліся ў Доме рамёстваў кросны. Іх адшукалі ў адной хаце ў вёсцы Сяргееўка і давялі да ладу.
Цяжэй было знайсці майстра. Але ўрэшце Домурамёстваў пашчасціла сустрэць сапраўднага энтузіяста.
— Паводле сваёй адукацыі, я не маю да ткацтва ніякага дачынення, — кажа кіраўнік гуртка Валянціна Волкава. — Але гэтая справа настолькі мяне захапіла, што змяніла ўсё маё жыццё!
Цяпер ткачыха вучыць працаваць на кроснах сваю дачку. І ставіць перад сабой задачу ўласнымі рукамі выткаць традыцыйны жаночы строй Касцюковіцкага краю паводле старадаўніх узораў.
— Ведаю, што мой дзядуля ўмеў вырабляць прыгожыя драўляныя лыжкі,— распавядае кіраўнік гуртка разьбы па дрэве Сяргей Благушка. Навучыцца ад дзядулі ён не паспеў, але ўмельства гэтае ўсё ж засвоіў. Хаця па адукацыі заатэхнік.
На занятках Сяргея Аляксандравіча некалькі хлапчукоў засяроджана працуюць разцамі. Пытаюся, што натхняе іх траціць свой вольны час на такую карпатлівую і складаную працу, тым болей, столькі цяпер ёсць магчымасцей прабавіць яго бесклапотна. Адказ прадказальны: хочацца зрабіць нешта сваімі рукамі.
Славу выдатнага разьбяра па дрэве мае і Віктар Давыдаў. З дапамогай немудрагелістых інструментаў і звычайных дошак ён стварае барэльефы на самыя розныя сюжэты — ад партрэта Францыска Скарыны да жартоўных сцэнак.

Поспех — у адчуванні далучанасці

Перайшоўшы цераз дарогу, апынаемся ў школе мастацтваў. На жаль, не давялося там сустрэцца з выкладчыкам жывапісу Аляксандрам Захарэнкам — ён акурат з’ехаў на выстаўку ў Маскоўскі дом мастака, прыхапіўшы з сабою і ўласныя палотны.
Нягледзячы на адсутнасць настаўніка, некаторых яго вучаніц гэтым вечарам усё ж можна было заспець у школе — мусіць, надта карцела ім папрацаваць. Тым часам у харэаграфічным класе зусім маленькія дзеткі асвойвалі першыя танцавальныя па пад кіраўніцтвам Наталлі Кляус, а ў зале праводзіў рэпетыцыю народны вакальны ансамбль “Альянс”. Калектыў, які складаецца з выкладчыкаў школы, мае досыць разнапланавы рэпертуар, адно што гэтая музыка заўсёды інтэлігентная. Дзякуючы “Альянсу” ды яго ўдзельніцам усе ахвотныя могуць паслухаць, скажам, раманс у выдатным выкананні Юліі Бяспалавай — зорачкі Касцюкоўшчыны, якой, на думку некаторых слухачоў, наканавана з часам скарыць і вялікую сцэну.
Як можна было заўважыць, у палітры культурнага жыцця раёна пакуль не хапае важнага адцення — тэатра. Але насамрэч ён ёсць — прычым лялечны. Раскватараваны ў дзіцячай бібліятэцы.
— Гледзячы іх казачныя спектаклі, часта ловіш сябе на думцы: вось ты дарослы чалавек, а дзеяй, што адбываецца перад табою, чамусьці захапляешся, — кажа Мікалай Тыманюк. — Напэўна, гэта і ёсць найбольшае сведчанне поспеху тэатра.
Калі “Каласок” прадэманстраваў фрагмент свайго спектакля, я і сам пераканаўся, што гэта “працуе”. Нават без дапамогі музычнага аздаблення, святла і дэкарацый лялечнікам удаецца выклікаць у гледачоў адчуванне далучанасці.
Дарэчы, Мікалай Андрэевіч ужо выношвае планы па ператварэнні “Каласка” ў прафесійны лялечны тэатр — адзіны ў сваім родзе ў райцэнтрах. Чарговыя пражэкты? Жыццё пакажа.

* * *

Рэзюмэ тут можа быць адназначным. Панарама касцюковіцкай культуры ўражвае не толькі сваёй маштабнасцю, але і гарманічнасцю. Гарманічным спалучэннем формы і зместу, традыцый і навацый. І развіваецца яна комплексна, у самых розных напрамках, без якіх-кольвечы “перагібаў” у той ці іншы бок.
За дасягненнямі культурнага жыцця краю выразна праглядаецца мажная — ва ўсіх сэнсах слова — постаць чалавека, якому даверана адказнасць за яго стан.
Ён шчыры ідэаліст — але, у той самы час, і выкшталцоны прагматык. Валявы і рашучы — але, у той самы час, ветлівы, лагодны і ўважлівы да кожнага. У стасунках з людзьмі — незалежна ад іх пасады — ніколі не крывіць душой. Прынцыпова жыве ў вёсцы і перакананы, што хадзіць па зямлі куды прыемней, чым па асфальце. Мае два чырвоныя дыпломы. Бацька чатырох дзяцей. Лічыць, што адзінае, дзеля чаго варта жыць, — гэта любоў…
Вось толькі некаторыя штрыхі да партрэта Мікалая Тыманюка.
— Зносіны чалавека з чалавекам — як і чалавека з Богам — гэта два найважнейшыя фактары нашага жыцця, — перакананы ён. — І калі ты маеш здольнасці да арганізацыі гэтых міжчалавечых стасункаў, маеш Божы дар, ніякіх праблем у цябе не ўзнікне. Шыкоўныя ўстановы культуры, добрая матэрыяльная база — гэта не галоўнае. Галоўнае — душа. Калі яна палае, вакол цябе будуць гуртавацца людзі, і ты станеш для іх, бы родны.

Ілля СВІРЫН,
наш спецкар.
Мінск — Касцюковіцкі раён —Мінск
Фота аўтара.