Як знайсці спонсара?

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Валанцёрам — рэспект, музеям — камп’ютары
Некамерцыйная он-лайн-платформа сацыяльных праектаў Talaka.by, якая дапамагае актыўным людзям рэалізаваць значныя для грамадства ініцыятывы, прыступіла да камп’ютарызацыі раённых музеяў. Дабрачыннай ініцыятывай кіруе Арцемій Панькоў.

Як ён паведаміў «К», праект так і называецца: «Камп’ютарызацыя рэгіянальных музеяў Беларусі». Яго валанцёры знайшлі спачатку аднадумцаў у адной з буйных IT-кампаній. Яна апрацоўвае вялікія аб’ёмы інфармацыі, карыстаецца самай сучаснай тэхнікай, таму пастаянна яе абнаўляе. “Бэушныя” камп’ютары (не самыя, як вы разумееце, горшыя) і вырашылі бязвыплатна перадаць у музейныя ўстановы.

Ці цяжка было знайсці спонсараў-мецэнатаў? Па словах кіраўніка праекта, спатрэбілася ўсяго толькі трапіць у пэўнае месца ў канкрэтны час. Трапілі! І ў гэтым — сіла добраахвотнага валанцёрскага руху. Спонсары, адчуўшы энтузіязм і сацыяльную моц талакі, таксама становяцца валанцёрамі.

Чаму менавіта музеі, а не сельскія бібліятэкі ці клубы, частка якіх таксама пакутуе сёння з-за недахопу камп’ютарнай тэхнікі? Арцемій Панькоў тлумачыць, што музейная тэма цяпер вельмі яму блізкая, бо адна з чарговых ідэй звязана са стварэннем нефармальнага музея электроннай музыкі. Але новыя ідэі нараджаюцца ці не штодня. Таму не выключана магчымасць таго, што пад валанцёрскую апеку патрапяць у свой час бібліятэчныя і клубныя ўстановы нашых рэгіёнаў.

А музеі абіраліся таксама талакой. Хтосьці з валанцёраў праекта наведаў калісьці ўстановы і на ўласныя вочы пераканаўся ў іхняй, мякка кажучы, не надта грунтоўнай матэрыяльнай забяспечанасці.

Ліст з падзякай у Мінск накіравала дырэктар Карэліцкага краязнаўчага музея Святлана Моніч.

— Я нядаўна на пасадзе, — узрушана кажа яна, — і вось ужо працую на новай тэхніцы. У выніку рэалізацыі праекта мы атрымалі і два камп’ютары, і прынтары да іх, якія сёння будуць падключаны. Вось такая нечаканая, але прыемная спонсарская дапамога!..

Гэткімі ж станоўчымі эмоцыямі перапоўнены і кіраўнік Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар, які сваю «дабрачынную» тэхніку гэтымі днямі толькі забірае. Камп’ютары ад сацыяльнай талакі, як паведаміў кіраўнік праекта Арцемій Панькоў, трапілі яшчэ ў Клуб-музей Чэслава Немэна ў Старых Васілішках, што на Шчучыншчыне, і ў Любчанскі замак…

Дык хто яшчэ купіў новы камп’ютар? Не забывайцеся, што ў рэгіёнах установы культуры і старым рады...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"