Блогеры ўсіх сёл, яднайцеся!

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Пра банеры, гаджэты і акаўнты вясковых бібліятэк
16 студзеня мінулага года на блогу «Сельская бібліятэка» з’явілася першае паведамленне. Такім чынам, у дзіцяці бібліятэчнага камп’ютарнага крэатыву неўзабаве — першы дзень нараджэння. Павіншуем? Безумоўна! Падстаў для шчырых і цёплых слоў — хапае. Але з’яўленне вузкаспецыялізаванай старонкі з неймаверна шырокімі магчымасцямі — "ураджайная" глеба для гаворкі зусім пра іншае…

/i/content/pi/cult/462/9772/12-1.jpg

Было б дзіўна, калі б такі блог прыдумалі не ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І. Х. Каладзеева, дзе творчы падыход да любога нюансу бібліятэчнай справы даўно стаў нормай. Дык вось, аўтар праекта — вядучы метадыст тамтэйшага аддзела бібліятэчнага маркетынгу Алена Капыток. Пачынала з сельскага бібліятэкара, узнялася па ўсіх адукацыйных прыступках, таму няма патрэбы тлумачыць ёй, чым павінен займацца «кніжны» маркетолаг-метадыст.

Блог цікавы не толькі таму, што зручны. Але спачатку менавіта пра гэты, тэхнічны, бок. Адным клікам можна павялічыць шрыфт, абраць мову, без цяжкасцей змяніць маршрут шпацыру па меню. Толькі зыходзячы з гэтага варта браць у вас майстар-класы па падвышэнні камп’ютарнай адукацыі. Калегі з сельскіх бібліятэк іншых раёнаў і абласцей у чэргі да вас не выстройваюцца?

Алена, якая сціпла хаваецца пад нікам «Бібліятэкар», галоўнай мэтай старонкі вызначае прасоўванне сельскіх устаноў Барысаўшчыны з дапамогай сацыяльных сервісаў і наладжванне стасункаў з прафесійнай аўдыторыяй у Інтэрнэце. Задачы блогу не менш амбіцыйныя: падтрымка прафесійнага прэстыжу, супольнае абмеркаванне бібліятэчных праектаў і праблем, рэклама інавацый ЦРБ і яе філіялаў (сельскіх бібліятэк у раёне — больш за тры дзясяткі). Менавіта гэтыя мэты і задачы, я ўпэўнены, і палягаюць у прасторы бібліятэчнага маркетынгу.

Што ж зацікавіла мяне ў «Сельскай бібліятэцы» і адабрала некалькі гадзін рабочага часу нягледзячы нават на тое, што старонка ў блогасферы — яшчэ толькі пачатковец? Прывабіла ўсё… Візітоўкі ўстаноў, да прыкладу, даюць інфармацыю пра спецыялізацыю і працоўны рэжым кожнай. Рубрыкі «Сцэнарыі» і «Праекты» адрасна піяраць самыя лепшыя, як я зразумеў, творчыя інавацыі сельскіх калег. Праўда, сцэнарыяў і праектаў — вельмі мала. Спадзяюся, яны стануць пастаянна абнаўляцца… А ёсць яшчэ не менш цікавыя багата ілюстраваныя спасылкі «Бібліярарытэты» і «Агляды-конкурсы выставак». Раённы блог, па сутнасці, ужо цяпер выглядае як агульнарэспубліканскі.

Можна пазнаёміцца і навесці кантакты з аналагічнымі ўстановамі свету. Праўда, іх пакуль дзве — амерыканская і расійская. Але, мяркуючы па аўдыторыі, павінны з’явіцца звесткі, прынамсі, пра калег з Украіны, Казахстана, Германіі…

І ўся інфармацыя, як смачная страва, аздабляецца прывабным «гарнірам» — літаратурнымі паліцамі, дзе можна абраць для працы і чытання любое па гусце выданне. А бягучы радок на галоўнай старонцы аператыўна паведамляе пра юбілеі пісьменнікаў з усяго свету і знакавыя для сусветнай літаратуры даты.

Галоўная старонка падалася найбольш цікавай. Што напачатку новага года найбольш чытэльнае на блогу для «кніжнікаў» Барысаўшчыны? Самае надзённае: план бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва з каментарыямі метадыста, дзённік работніка бібліятэкі: метадычныя рэкамендацыі па запаўненні… Я асабіста «запаў» на знаёмства з дзённікам работы Віленскай публічнай бібліятэкі 1910 — 1911 гадоў, які ў чарговы раз пераканаў, што бібліятэчныя праблемы, па вялікім рахунку, не мяняюцца цягам дзесяцігоддзяў… Цяжка было адарвацца і ад артыкула англійскага фантаста Ніла Дэвіда Джона Геймана «Чаму наша будучыня залежыць ад чытання». Аргументацыя, трэба сказаць, зусім не фантастычная і можа быць выкарыстана як яркі метадычны матэрыял для ўдасканалення працы любой бібліятэчнай установы. А што яе трэба неадкладна ўдасканальваць, ніхто, напэўна, ужо не сумняваецца. Менавіта пра гэта — апошнія абзацы маіх разваг.

Актыўнага стасункавання шырокай прафесійнай аўдыторыі з дапамогай блогу я, даруйце, так і не заўважыў. Ёсць некалькі каментарыяў кшталту «Ого, як класна зроблена!» Мабыць, асноўныя дыскусіі адбываюцца ў лабірынтах сацыяльных сетак, якія блог таксама актыўна выкарыстоўвае? Мабыць-мабыць. Але дыскусійны модуль, па маім суб’ектыўным меркаванні, варта змяшчаць ужо на галоўнай блогавай старонцы. Такая «гарачая вёрстка» дадала б блогу дзелавітасці, выконвала б таксама і рэкламныя мэты: калі блогер прапаноўвае на абмеркаванне самыя хваравітыя пытанні бібліятэчнай справы, які прафесіянал застанецца ўбаку?!

Не паверу, што цікавыя праекты, балючыя праблемы не выклічуць у калег Бібліятэкара шэрагу неабыякавых пытанняў, слушных падказак і парад. Не паверу, што агульнаму мазгавому штурму можа замінаць на сёння спрэчны ў канструктыўнасці карпаратыўны тэзіс: «Смецця з хаты не выносіць». Пра якую чысціню прафесійных памкненняў можа ісці ў такім выпадку гаворка?

Упэўнены, што «Сельская бібліятэка» не толькі знайшла сваю нішу ў блогасферы, але і ўпэўнена пашырае сёння сферу свайго прафесійнага ўплыву не адно на Барысаўшчыне. Але не магу не зазначыць: нам па-ранейшаму не стае талакі і еднасці. Так што, бібліятэчныя блогеры ўсіх сёл — аб’ядноўвайцеся!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"