"Як ён малюе — ніяк не разумею... Чарадзей!"

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Іван Пахітонаў: “Каштоўнасць маіх карцін застанецца нязменнай”
Гэтак сказаў пра майго сённяшняга героя Ілья Яфімавіч Рэпін. А яму верыць можна. Зараз я хачу распавесці пра жыццё таго выдатнага мастака-жывапісца, лёс якога самым непасрэдным чынам звязаны з нашай Беларуссю. На жаль, яго яшчэ мала ведаюць не толькі ў нас, але і ў Расіі (мастак лічыў сябе менавіта рускім жывапісцам): а ён быў акадэмікам імператарскай Акадэміі мастацтваў і членам Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. Затое яго літаральна абажаюць у Францыі і Бельгіі: у гэтых краінах ён пражыў амаль палову жыцця. У Брусэлі 23 снежня 1923 года знайшоў апошняе месца вечнага спачыну. Яму было 73 гады…

/i/content/pi/cult/462/9771/15-2.jpg

/i/content/pi/cult/462/9771/15-1.jpg

Упершыню я пазнаёміўся з творчасцю Маэстра (а па-іншаму цяпер я не магу яго назваць!), калі яшчэ быў студэнтам Ленінградскага ўніверсітэта. З Ленінграда я прыехаў на пару дзён у Маскву, а там якраз адбыўся вернісаж незнаёмага мне тады жывапісца. Іван Паўлавіч Пахітонаў — так яго звалі. Штосьці ў гэтым прозвішчы пачулася знаёмае: ах, так, узгадаў — быў такі перасоўнік, сучаснік Рэпіна, Паленава, Сярова, Васняцова,Траццякова… А ў чым яго “разыначка” і своеасаблівасць як мастака — не ведаў. Падумаў, мабыць, ён проста з другага або трэцяга “разраду” перасоўнікаў. Такіх творцаў, так бы мовіць, “сярэдняй рукі”, у рускім мастацтве другой паловы XIX ст. было шмат.

Але, калі паглядзеў экспазіцыю, прыйшоў у захапленне ад маленькіх пейзажных твораў Пахітонава — такая ў іх была пранізлівая пяшчотнасць, дзівоснае каларыстычнае майстэрства, зграбныя танальныя эфекты, адкрытая наросхрыст душа. І нейкая таямніца самой тэхналогіі жывапіснага пісьма: ніяк не мог зразумець, як гэта зроблена. Ён не быў падобны ні на Левітана, ні на Саўрасава, ні на Каровіна — ні на каго іншага з рускіх пейзажыстаў таго часу, ну, можа, штосьці нагадвала французскіх барбізонцаў і трошкі імпрэсіяністаў…

Потым я нешта даведаўся пра гэтага мастака з розных крыніц, а калі прыехаў у Мінск, яшчэ раз здзівіўся. Аказваецца, у нашым Дзяржаўным мастацкім музеі БССР ёсць тры творы Івана Пахітонава з “беларускага цыкла”, набытыя ў свой час Аленай Васільеўнай Аладавай — “Паляванне. Жабаўшчына. Беларусь” (з паляўнічым і сабакам у полі), “Квітнеючы май” (з фігурай жанчыны ў цэнтры палатна) і “Зімовы дзень. Жабаўшчына. Беларусь”, якія паступілі ў музей, адпаведна, у 1946, 1959 і 1962 гг. Пазней адна работа — “Пейзаж з касцамі”  — была набыта ў 1986-м ў Вольгі Антаноўскай, калі музей узначальваў Юрый Карачун.

У сваім беларускім маёнтку Жабаўшчына Мінскай губерні Пахітонаў напісаў столькі маленькіх палотнаў, “мініяцюрных перлін”, па выказванні Рэпіна, што сёння немагчыма дакладна іх падлічыць. Сярод іх — “Ваколіцы ў Жабаўшчыне”, “Збор бульбы”, “Жніво”, “Вясновы дзень” і шмат іншых “чыстых” паэтычных пейзажаў ды жанрава-пейзажных кампазіцый, большая частка якіх сёння раскідана па расійскіх і заходнееўрапейскіх музеях ды прыватных калекцыях. Канешне, сярод іх шмат работ, напісаных у Заходняй Еўропе, на Кубані і Украіне. Ёсць проста выдатныя карціны, якія ні ў чым не саступаюць па якасці лепшым творам французскіх барбізонцаў і раннім імпрэсіяністам. Напрыклад, як не любавацца такімі карцінамі, як “Лес паблізу Тора дэль Грэка”, “Наваколле Льежа”, “Нармандыя. Від на Суверэн Вандрот”, “Зіма. Маёнтак”, “Эфект”, “Адліга. Руская зіма”, “Жніво”, “Паляўнічы зімой”, “Мастак на беразе мора”, “Вуліца ў паўднёвай Францыі”, “Від на Бужываль”, “Алешына заквітнела”, “Пасля заходу сонца”, “Барбізон”, “Рыбацкі дамок у Ла-Пан”, “Тру-Луэт, Зіма, Від з кватэры мастака”, “Вяселле ў Матронаўцы”, “На поўдні Расіі. Авечкі на тырле”…

Ёсць, праўда, выпадкі, калі з дапамогай падробленых подпісаў творы прыпісваюцца Пахітонаву. Урэшце, мастак, які яшчэ пры жыцці сутыкаўся з фальсіфікацыяй сваіх работ, прадбачліва выкарыстоўваў у подпісах адмысловы “замес” фарбаў, пра што не ведалі і не ведаюць махінатары. Затое яны ведаюць, што самая маленькая работа Пахітонава каштуе нават не менш за іншую шматфігурную карціну вядомага жывапісца-перасоўніка другой паловы XIX ст., таму і ідуць на ўсе хітрыкі, каб падмануць экспертаў.

Пры напісанні карціны на маленькіх дошках чырвонага і лімоннага дрэва, і нават на кафлевых плітках, Пахітонаў выкарыстоўваў паліраваныя рыбіныя косткі, скальпелі, вельмі тонкія пэндзлі. Сярод дадатковых інструментаў — лупы, спецыяльныя здвоеныя акуляры, вымяральнікі. Так ніхто да яго не працаваў: мініяцюрнымі мазочкамі ён дасягаў поўнай завершанасці і ў той жа час захоўваў свежасць непасрэднага ўспрымання натуры.

Па сутнасці, ён быў не толькі “чыстым” паэтам-лірыкам у пейзажы. Яго адлюстраванні прыроды часта ўключаюць у сябе невялічкія жанравыя сцэнкі, фігуры людзей і жывёл. Акрамя таго, Пахітонаў маляваў партрэты і нацюрморты, займаўся акварэллю і малюнкам. У яго творах вы не знойдзеце бурных, шпаркіх рухаў і парываў: свет ясны, спакойны і гарманічны, бадзёрае свежае марознае паветра, цёплы вясенні вецер і нават адчуваюцца пахі зямлі ў летні поўдзень або ў восеньскую пару. Але больш за ўсё мастак любіў зіму, называючы яе “верным сябрам”. Крытыкі пісалі: “У яго карцінах нават адчуваецца свежае зімовае паветра. Яму варта толькі мазануць і ў гэтым мазку ёсць ужо ўсё! І ствалы дрэваў, і сучкі, і галінкі — гэта нейкае чараўніцтва!” Я ужо не кажу пра бездакорную вернасць натуры, бліскучы пленэрны жывапіс, дзе зіхаценне святла і колеру дасягае дзіўнай дасканаласці!

Большая частка твораў Пахітонава засталася за мяжой, таму звесткі ў дарэвалюцыйным і савецкім друку пра творчую і асабістую біяграфію мастака вельмі адрывістыя і заснаваныя часта на разрозненых, выпадковых фактах і здагадках. Між тым, у Расійскім Дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва, у аддзеле рукапісаў Рускага музея, у архіве Краснадарскага краявога мастацкага музея імя Ф.Ф. Каваленкі захаваліся яго лісты да П.Траццякова, І.Астравухава, іншых дзеячаў культуры, якія адкрываюць некаторыя аспекты біяграфіі Пахітонава і ягонай творчай лабараторыі. У тым ліку ёсць звесткі і пра жыццё мастака ў маёнтку Жабаўшчына (часам можна сустрэць — “Жабаўшчызна”).

Калі Пахітонаў купляў гэты маёнтак, ён меркаваў тут абсталявацца надоўга, мо — да канца жыцця. Вось што ён піша з Жупіля (непадалёк ад Льежа) І.Астравухаву 18 сакавіка 1906 года: “Жыву я зараз у Бельгіі. Мяркую тут прабыць да 1 жніўня. Потым вярнуся адсюль на сваё звычайнае месца жыхарства ў Мінскую губерню Мінскага павета ў маёнтак Жабаўшчына. Адрас у гэтым выпадку для пісем і тэлеграм просты: Радашковічы, Пахітонаву. Колькі там прабуду, не ведаю”.

І так здарылася, што ў тым жа 1906-м ён быў вымушаны пакінуць беларускі край, нягледзячы на тое, што усе яго паважалі: ад мастацкай эліты да простых сялян. Тая самая расійская эліта ўжо добра ведала мастака, які за гады прабывання ў Беларусі паказаў сябе вельмі таленавітым і непадобным да іншых жывапісцаў. Ён імкнуўся ўдзельнічаць у многіх выстаўках перасоўнікаў, у пецярбургскай выстаўцы “Mignon”, у выстаўках на поўдні Расіі. Менавіта ў гэты перыяд — час жыцця ў Жабаўшчыне — яго прынялі ў члены Таварыства перасоўных мастацкіх выставак і абралі акадэмікам пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Так, ён ведаў моц свайго майстэрства: “Не хачу вызначаць мастацкую каштоўнасць сваіх карцін, але ручаюся, што яна застанецца нязменнай”. У выніку, як аказалася, меў рацыю.

Але не ўсе прымалі Пахітонава як рускага мастака. Адзін крытык, праўда, пазней, пісаў: “Для нас жа рускіх, Пахітонаў — мастак па сутнасці французскі; ды і не толькі для нас. Менавіта ў французскі раздзел вылучыць ягоную творчасць будучая гісторыя мастацтваў”. Ды і еўрапейцы лічылі Пахітонава “самым французскім сярод рускіх пейзажыстаў”. Такія ацэнкі не вельмі радавалі творцу. Практычна ўсё жыццё адчуваючы адмаўленне яго “рускасці”, ён яшчэ ў канцы 1890-х скардзіўся П.Траццякову: “Як сабе хочаце, а я ўсё ж рускі мастак, і мне сумна падумаць, які невялікі і непрыкметны след я пакіну пасля сябе на радзіме”.

Мастак Васіль Бакшэеў, узгадваючы сваю сустрэчу з Пахітонавым, пісаў: “Не ведаю, чаму ў нас у Расіі Пахітонаў не карыстаецца такой папулярнасцю, як за мяжой. І.Рэпін жа, У.Макоўскі і К.Савіцкі вельмі высока цанілі Пахітонава”. І ў іншым месцы ў Бакшэева: “У большасці мастакоў бачна, як намалявана, можна разгадаць тэхніку, а ў Пахітонава не зразумела: панамазана, пасчышчана і зверху зноў намалявана. А ўсё жыве, дыхае. Гэта па-сапраўднаму чарадзей”.

І тут, думаю, дарагога каштуюць падобныя словы Рэпіна пра нашага героя: “Гэта якісьці чарадзей — мастак, так усё…віртуозна зроблена; як ён малюе — ніяк не разумею… Чарадзей!”...

 

Працяг гісторыі пра лёс Івана Пахітонава, што так любіў Міншчыну, чытайце ў наступных нумарах газеты.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"