Ружанскі метэарыт з 1894-га

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Дырэктар Музея «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў» Руслан Кніга паведаміў «К», што 18 снежня ў музейнай экспазіцыі з’явіўся… метэарыт. Што гэта менавіта ружанскі метэарыт, вядомы з 1894 года, даказана, па словах кіраўніка ўстановы, на 99 працэнтаў.

/i/content/pi/cult/462/9770/14-5.jpg

Прынамсі, да такога меркавання прыйшлі пасля візуальнага агляду аб’екта вагой амаль у 30 кілаграмаў спецыялісты з Расіі і Украіны. Далейшая экспертыза будзе праведзена, магчыма, у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Каменна-жалезны метэарыт быў перададзены музею ў жніўні ад айца Аляксандра, настаяцеля мясцовага храма. Аб’ект знайшлі пад час рамонту царквы Святых Пятра і Паўла — адной з найстарэйшых на Пружаншчыне. Існуюць усе падставы меркаваць, што камень быў часткай царкоўнай агароджы, узведзенай пасля Другой сусветнай вайны.

Адносна таго, што метэарыт завяршыў свой палёт у Ружанах, але месца яго падзення аказалася нявысветленым, навуковы свет не меў сумневаў. Захавалася дастатковая колькасць сведчанняў таго палёту, зафіксаваных у 1894-м...

Новы экспанат выклікаў чарговую хвалю зацікаўленасці музейным комплексам з боку не толькі СМІ, але і турыстаў, колькасць якіх у Ружанах штогод павялічваецца.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"