Бабруйская “прапіска” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

Няшмат захавалася архіўных звестак пра жыццё слыннага беларускага літаратара, драматурга, пачынальніка беларускага тэатра Вінцэнта Іванавіча Дуніна-Марцінкевіча, звязаных з Бабруйскам. Найперш — гэта Вінцэнтава хросная метрыка ад 23 студзеня 1808 года з кнігі “Копій метрык Бабруйскага касцёла”. Дарэчы, у гонар яго хрышчэння ў Бабруйскім касцёле тут была ўсталявана дошка, урачыстае адкрыццё якой адбудзецца неўзабаве, 3 лютага. Мяркуецца, што ўдзел у яе адкрыцці прымуць мясцовыя вернікі, інтэлігенцыя горада, а таксама архіепіскап Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі мітрапаліт Тадэуш Кандрусевіч. Другі дакумент — “Список дворянский 1816 г., августа 19 дня Минской губернии Бобруйского повета живущих в застенке Сухотном Панюшкевичах Марциянны Марцинкевичевой и малолетних детей”, дзе ўзгадваецца дзевяцігадовы Вікенцій. І яшчэ адна архіўная звестка гаворыць пра тое, што “…малолетний Викентий в 1819 г. отправлен матерью его из Панюшкевич в г. Санкт-Петербург на попечение римско-католических церквей бискупа Сестранцевича…” Няшмат звестак, але і гэтага дастаткова, каб ганарыцца тым, што такая адметная асоба нарадзілася на Бабруйшчыне.

 /i/content/pi/cult/145/977/D-M1.jpg

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

Нічога дзіўнага для бабруйчан не было ў тым, што напрыканцы 1977 года наш тэатр стаў насіць імя В.Дуніна-Марцінкевіча. Але акрамя гонару гэта, бясспрэчна, накладала і пэўныя абавязкі. Магу з упэўненасцю сказаць, што на Беларусі няма другога, акрамя нашага, тэатра, які ажыццявіў бы пастаноўкі ўсіх п’ес Беларускага Дудара. Мы ж нават цягам адносна нядоўгага існавання ў Бабруйску Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча паспелі гэта зрабіць і маем ужо сваю гісторыю сцэнічнага жыцця твораў славутага земляка.
Пачалася яна пастаноўкай неўміручай “Пінскай шляхты”, якой у 1978 годзе ў
адноўленым пасля рэканструкцыі будынка наш тэатр адкрыў новы сезон . Адкрыццё новага тэатральнага будынка сталася святам не толькі для калектыву, але і для ўсяго горада. І спектакль, пастаўлены знакамітым рэжысёрам Барысам Уторавым, таксама атрымаўся святочным. У фарсе-вадэвілі, паводле жанравага вызначэння, было шмат песень, прыпевак, скокаў, мноства камічныхсітуацый і нават выдуманы рэжысёрам сабака Шарык (Я.Грахаў), што весела танчыў з Марыськай (Г.Агейкіна). Канешне, раз-пораз гучалі ў спектаклі і сатырычныя матывы (нездарма ж часта “Пінскую шляхту” разглядаюць як сатырычную камедыю), але больш у тым спектаклі было добрага гумару, весялосці, іроніі. З задавальненнем і асалодай працавалі літаральна ўсе артысты, сярод якіх у першую чаргу— Ю.Саевіч, Ю.Краўчанка, Г.Кліменка і іншыя.
Амаль праз два дзесяцігоддзі — у
1997 годзе — “Пінская шляхта” была пастаўлена ў Бабруйску другі раз — рэжысёрам Сяргеем Палешчанковым. І зноў напрыканцы года, акурат напярэдадні 190-годдзя з дня нараджэння драматурга, у горадзе адбылося свята, арганізатарам якога быў наш тэатр, а заснавальнікамі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі аблвыканкам і Бабруйскі гарвыканкам. Тады на працягу трох дзён бабруйчане змаглі пабачыць тры спектаклі паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча: нашу “Пінскую шляхту”, “Ідылію” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і “Залёты” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

 /i/content/pi/cult/145/977/D-M2.jpg

Сцэна са спектакля “Пінская шляхта”, 1997 г.

Калі ж гаварыць пра спектакль нашага тэатра, дык ён выклікаў у гледачоў, так бы мовіць, шок: на першы план гэтым разам выйшлі сатыра, гратэск, гіпербала, а сам жанр пастаноўкі быў вызначаны як опера-кіч. Страшны, небяспечны Куторга (В.Слышкоў), які наўмысна спойвае ўсю вёску, жудасны Кручкоў (В.Старавойтаў), дзейнасць якога можна вызначыць адным словам — беспакаранасць, дэгенератыўныя сяляне, якія п’юць, а потым усчыняюць грандыёзную бойку, агромністае балота, дзе пачынаецца і заканчваецца дзея, — ад усяго гэтага, нягледзячы на смех, рабілася страшнавата. У спектаклі не было ніводнага станоўчага героя, нават, як пісала тады мясцовая газета, “…маладыя закаханыя не выклікаюць нашага спачування”. Але, тым не менш, гэта быў жывы спектакль, які закранаў, “чапляў” літаральна кожнага, спараджаў безліч думак, пытанняў, спрэчак. А мо гэтага калісьці і жадаў Дунін-Марцінкевіч?
Сяргей Палешчанкоў яшчэ раз звярнуўся да творчасці пачынальніка беларускай драматургіі ў 1999 годзе, калі паставіў на бабруйскай сцэне “Залёты”.
П’еса была створанаў 1870 годзе і ставілася толькі ў 1925 годзе ў Вільні, ды напрыканцы 80-х — у Віцебску. Напярэдадні прэм’еры рэжысёр гаварыў: “… На такога мядзведзя, як В.І. Дунін-Марцінкевіч, аднаму ісці небяспечна. Вось мы і пайшлі статкам: я— наперадзе, за мной — Д.Саладуха са сваёй сцэнаграфіяй, услед — В.Кандрасюк, дзівосны кампазітар з Брэста, а потым і В.Шчэрбін— балетмайстар. Думаю, што ўсе разам мы гэтага мядзведзя з логава паднялі…”.

 /i/content/pi/cult/145/977/D-M3.jpg

Юлія — В.Лебедзева (“Ідылія”, 2005 г.).

Акцёры, усе без выключэння, у спектаклі стварылі яркія, маляўнічыя характары, але асобна хацелася б вылучыць В.Бабініча. Сабковіч у яго выкананні стаўся і страшным, і агідным, і адначасова смешным. Акцёр, які валодае выключнай акцёрскай абаяльнасцю, стварыў вобраз непараўнальны і непаўторны. І як жа пераканаўча з яго вуснаў гучалі словы, напісаныя драматургам у далёкім ХІХ стагоддзі: “Дурны той, хто гоніцца за сумленнем, калі яно пакінула нас і ўцякло на край свету… Золата — гэта ўсё. Хто мае яго, той патрапіць нават перацягнуць на сваю старану сумленне…” Вылучаліся ў “Залётах” сваім выкананнем П.Мікулік, Л.Пакрэўская, А.Волчак. І шкада, што гэты спектакль, як, дарэчы, і ранейшыя два, больш не ўпрыгожваюць афішу тэатра.
Яшчэ адной старонкай у нашай гісторыі стала ў 1994 годзе сцэнічная версія
твораў Дуніна-Марцінкевіча пад назвай “Вечары ў Люцынцы”, створаная рэжысёрам Уладзімірам Караткевічам, — “смяхотнае відовішча” паводле жыцця аўтара і яго твораў “Дурны Зміцер”, “Пінская шляхта”, “Вечарніцы”, “Шчыроўскія дажынкі”, “Залёты”. І нягледзячы на спрэчныя моманты, што былі ў спектаклі, адзін з рэцэнзентаў пісаў тады: “… Не хачу закрэсліваць і таго добрага, што зроблена… рытмічнае дзеянне, нечаканыя змены падзей, суседства рэальнага і гіпербалічнага, забаўляльнасць многіх сітуацый усё гэта шчыра прымаецца гледачом і гаворыць аб тым, што спадчына нашага выдатнага драматурга не састарэла”.
Быў на бабруйскай сцэне і яшчэ адзін
годны спектакль, прысвечаны асобе Дуніна-Марцінкевіча. Дзесяцігоддзем раней — у 1984 годзе — рэжысёр Міхаіл Кавальчык ажыццявіў пастаноўку “Камедыянта” па п’есе А.Асташонка, у якой дзейнічае сам Вінцэнт Іванавіч, яго жонка, дзеці. Дзея разгортваецца на Каляды ў фальварку Люцынкаў 1865 годзе, калі, як вядома з гісторыі, пісьменнік быў пад пільным наглядам паліцыі. У спектаклі гучаць словы: “Змяніць свет праз тэатр!” — вось яна, фантастычная, але рэальная ідэя, якой кіраваўся наш вялікі зямляк. “Камедыянт” стаўся спектаклем трапяткім, эмацыянальным, хапаючым за душу. У ролі самога Дуніна-Марцінкевіча выступіў цудоўны артыст В.Міхайлаў. Цікавы дуэт склалі прыстаў (С.Кліменка) і сакратар (Я.Грахаў), якія, па волі камедыёграфа, у ходзе спектакля пачынаюць гуляць па яго правілах. Другая назва п’есы — “Узнёсласць сумнай надзеі”, і акурат гэта адчувалася ў спектаклі: праз смех, праз пераадоленне страху, праз сум мацуецца надзея.

 /i/content/pi/cult/145/977/D-M4.jpg

Навум Прыгаворка —С.Баброўнік (“Ідылія”, 2005 г.).

І, канешне ж, нельга не ўзгадаць апошнюю па часе пастаноўку — “Ідылію”, якую ажыццявіў С.Палешчанкоў у 2005 годзе. Гэтаму рэжысёру, мабыць, вядомыя нейкія таямніцы, што звязваюць яго з аўтарам: ён умее стварыць такую атмасферу, такі вобраз спектакля, які прыцягвае, прываблівае гледачоў, надаючы сцэнічнаму дзейству сучаснае гучанне і тым самым набліжае яго да нашай рэчаіснасці. І ў стварэнні таго непаўторнага спектакля слоў падзякі вартая ўся пастановачная група (кампазітар В.Сажын, балетмайстар В.С’янава, мастак В.Навакоўскі), якая працавала з ясным разуменнем таго, што яны робяць і дзеля чаго. Словы захаплення можна выказаць і кожнаму выканаўцу, пачынаючы з “сялян”. А апроч любові бабруйскага гледача, можна ўзгадаць і ўзнагароды, атрыманыя за спектакль на IV Міжнародным тэатральным фестывалі “Класіка сёння” ў Днепрадзяржынску (Украіна): дыплом за важкі ўклад у папулярызацыю класікі тэатру, прыз за лепшую ролю другога плана — Н.Кашпур, а лепшай маладой актрысай фестывалю была прызнана В.Лебедзева за выкананне ролі Юліі-Югасі.
Зрэшты, не забываецца тэатр на
спадчыну Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і па-за сваёй асноўнай сцэнай. На пачатку верасня мінулага года, акурат да ўдзелу нашага калектыву ў Дні беларускага пісьменства ў Шклове рэжысёрам Сяргеем Карбоўскім была створана сцэнічная кампазіцыя “Тэатр Дуніна-Марцінкевіча”, у якой, дарэчы, быў выведзены сам аўтар. Кампазіцыя гэтая носіць асветніцкі характар і шырока выкарыстоўваецца на творчых сустрэчах з гледачамі,найперш — маладымі.
А напрыканцы хочацца ўзгадаць і
пра два фестывалі беларускай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча, што ў 1998 і 2001 гадах праводзіліся на базе нашага тэатра і збіралі лепшыя пастаноўкі па творах беларускіх аўтараў з усёй Беларусі. І мы маем надзею, што ў гэтым юбілейным з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча годзе фестываль у Бабруйску будзе адноўлены. У марах — стварэнне ля сцен тэатра помніка гэтаму знакаваму для Беларусі чалавеку. А калі б адной з прылеглых вуліц было нададзена імя Дуніна-Марцінкевіча, то гэтае месца, бясспрэчна, стала б своеасаблівым куточкам памяці, данінай нашай павагі і любові да слыннага сына зямлі беларускай.

Ала ГРАХАВА,
артыстка,
кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі
Магілёўскага абласнога тэатра
драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча
Бабруйск