Што за суседнімі дзвярыма?

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Калінінградскі погляд на сучаснасць
“Russia Next door. Сучаснае мастацтва Калінінграда” — пад такой назвай у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва працуе выставачны праект Балтыйскага філіяла Дзяржаўнага цэнтра сучаснага мастацтва. Выстаўка падаецца яе арганізатарамі як “адзін з першых праектаў расійскага сучаснага мастацтва, прадстаўлены на Беларусі".

/i/content/pi/cult/462/9767/8-1.jpg

Чаму ж акцыю адразу назвалі, як мінімум, адметнай падзеяй? Па-першае, таму, што ўзгадаць выстаўкі менавіта contemporary art усходніх суседзяў сапраўды цяжка (маю на ўвазе менавіта расійскае мастацтва). Па-другое, экспазіцыйны ўзровень праекта можна лічыць пэўным прыкладам майстар-класа: з галоўнай, вельмі нязручнай для экспанавання, залы музея на праспекце Незалежнасці калінінградцы стварылі нечаканую выставачную прастору. Прычым вельмі проста: завесілі вокны, прыглушылі святло і зрабілі светлавыя акцэнты менавіта на работах мастакоў. Атрымалася проста, але ж стыльна: нязручная архітэктоніка залы сышла ў цень, вылучыўшы “на першы план” глядацкай увагі мастацкія творы.

Што ўвогуле беларускі глядач ведае пра сучаснае мастацтва Калінінграда? Ды і пра сам горад? Даючы адказы на гэтыя пытанні, куратар выстаўкі і мастак Яўген Уманскі і пабудаваў экспазіцыю праекта. Распавёўшы праз творы мастакоў пра вострыя рэальныя праблемы расійскага рэгіёна, куратар у той жа час падкрэсліў унікальнасць культурнай сітуацыі, якая скалалася ў Калінінградзе.

— Мяркую, усім вядомая гісторыя Калінінграда, — дае каментарый да першай работы выстаўкі (відэа Аляксандра Падапрыгорава “Як я патрапіў сюды?”) куратар. — Да 1945-га гэта быў Кёнігсберг, цэнтр правінцыі Усходняй Прусіі. Па сутнасці, мы ўсе тут — прыезджыя. Нават калі ўжо два  — тры пакаленні выраслі ў Калінінградзе, іх бацькі, сваякі — з Савецкага Саюза. І выстаўка акурат распачынаецца з гісторыі чалавека, які расказвае, як ён патрапіў у Калінінград.

На супрацьлеглай сцяне — фотасерыя Дзмітрыя Селіна “Замкі”. І Яўген зноў акцэнтуе ўвагу на актуальнасці ўзнятага мастаком пытання. “Мастак адзначае такі цікавы факт. У нашым горадзе засталося шмат гістарычных будынкаў, якім улады не надта надаюць увагу, не клапоцячыся пра іх захаванне. Між тым, у дварах дамоў службы ЖКГ узводзяць свае збудаванні ў выглядзе менавіта “замкаў”. Такі парадокс: з аднаго боку — абыякавасць да рэальных гістарычных помнікаў, з іншага — іх бутафарызацыя на прыкладзе гаспадарчых пабудоў ЖКГ”.

— Наступная работа  — гэта праект Юрыя Васільева “Нарцыс”, — працягвае экскурсію куратар. — Мастак звяртаецца да такіх паняццяў, як “рускасць”, "расійскасць”, задаецца пытаннем, што сёння азначаюць гэтыя сэнсы. На фоташтандартах — чалавек, які ўзіраецца ў люстэрка. Гэта звычайны чалавек з расійскай глыбінкі і звычайнае люстэрка ў чырвонай раме, (якое, тым не менш, адсылае нас і да “чырвонага квадрата” Малевіча, прапаноўвае, наогул, самыя розныя канатацыі). Трошкі далей размешчаны тры маніторы, з якіх транслюецца карцінка, як герой размаўляе з гэтым люстэркам, можна сказаць, сам з сабой. Напэўна, і ў рускага характару ёсць схільнасць да самалюбавання, ідэалізацыі, — можна і так прачытаць работу Юрыя.

Не абыходзіцца выстаўка і без праектаў, якія прысвечаны тэме гендарнай ідэнтычнасці, таму, як яна выяўляецца ў звычайным жыцці. Да гэтага ўмоўнага блока можна далучыць фотаінсталяцыю Алены Цвятаевай “Любовь смотровая”, і работы групы “Пяшчотныя бабы” — перформанс “Дазвольце мне пачысціць ваш абутак”, відэа “Бруд”. Яўген Уманскі ахвотна дае разгорнуты каментар да апошняй.

— “Бруд” зняты ў нас пад Калінінградам, — каментуе ён відэа, у якім дзве дзяўчыны ў вясельных строях трапляюць у палон бруду, паступова становячыся часткай дзіўнага і “бязлітаснага” ландшафту.  — На Куршскай касе ёсць такія гразевыя патокі. І існуе міф, што раней на гэтай тэрыторыі пражывала такая народнасць, як куршы. (Іх потым вынішчылі прусы.) Куршы жылі ў такой галечы, што літоўскія рыбакі, якія прыплывалі да іх на лодках, маглі без перашкод і асаблівых патрабаванняў выбраць сабе куршскую нявесту. І, абраўшы, потым звозілі дзяўчын назаўжды ад іх сем’яў, дамоў. Вось такая гісторыя ёсць ў гэтага месца. Але для мяне праблематыка відэаработы значна шырэйшая: тут і барацьба чалавека з прыродай, цалкам бессэнсоўная, і, уласна кажучы, стаўленне да жаночай прыроды...

Што да работы Алены Цвятаевай “Любовь смотровая”, дык гэта серыя здымкаў аглядальнага кабінета, падсветленых ультрафіялетавым святлом. Мастакоўскі позірк збоку дэманструе халоднасць і функцыянальнасць медыцынскага абсталявання, уласцівага падобным працэдурным, і разам з тым — веданне магчымага выніку, да якога можа прывесці Любоў. Любоў можа быць рознай, падкрэсліваецца ў анатацыі да інсталяцыі, у тым ліку — скончыцца ў падобным кабінеце.

На другім паверсе Музея сучаснага выяўленчага мастацтва — праекты, якія прысвечаны савецкаму мінуламу Калінінграда, яго мілітарысцкай “спадчыне”.

Вянчала экскурсію відэаінсталяцыя Алега Блябляса “Кананада” — дасціпнае адлюстраванне прысутнасці ў жыцці калінінградцаў мілітарысцкіх чыннікаў. Аб’ект, які ўяўляе з сябе канструкцыю з тэлевізара і своеасаблівага пастамента, можна назваць цалкам інтэрактыўным. На тэлеманіторы транслюецца відэазапіс з аўтастаянкі: сціплая “легкавушка”, што адзінока месціцца на прасторнай пляцоўцы. У пэўны момант даносіцца гук моцнага выбуху, спрацоўвае сігналізацыя машыны на паркоўцы, і раптам разам з гэтым гукам пачынае дрыжаць пастамент, на якім стаіць тэлевізар. Нечаканасць гэтага “труку” выклікае пэўную збянтэжанасць і спалоханасць гледача.

— І тым самым ён трапляе ў сітуацыю, у якой вымушаны знаходзіцца жыхары Калінінграда, што жывуць побач з палігонамі, — тлумачыць Яўген Уманскі. — З аднаго боку, гэта работа трошкі забаўная, але з іншага  — яна дэманструе нам праблему наяўнасці ўзбраення...

— У рамках першага візіту мы хацелі, каб адбыўся менавіта такі момант знаёмства з Калінінградам, яго сацыяльным асяродкам, — падвёў вынік праведзенай экскурсіі карэспандэнту “К” Яўген Уманскі. — Аднак дзейнасць нашага філіяла ўключае ў сябе шэраг напрамкаў. У нас ёсць куратары, якія працуюць са спадчынай, з новымі тэхналогіямі, медыя, тыя, хто працуе з гукам.

Можна сказаць, што візіт ў Мінск Балтыйскага філіяла ДЦСМ Расіі ў Калінінградзе прадэманстраваў магчымасці сучаснага мастацтва ў даступнай форме. У 2015-м на базе калінінградскай установы плануецца адкрыццё самастойнага Дзяржаўнага музея сучаснага мастацтва, які размесціцца ў вежы “Кронпрынц” — помніку XIX стагоддзя.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"