Без рэтра і гламуру

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Музычная капэла “Санорус” даўно зарэкамендавала сябе калектывам, дзе шукаюць, замаўляюць і выконваюць новую, не вядомую ў нас пакуль музыку. Раней гэтым займаўся арганізатар калектыву і яго кіраўнік Аляксей Шут. Пасля яго раптоўнай смерці год таму паўстала пытанне, у які бок капэла будзе рухацца далей. Але праз некалькі месяцаў яе ўзначаліў малады Аляксандр Хумала. Нядаўні канцэрт “Саноруса” пераканаў: капэла — у надзейных руках.

Аляксандр Хумала “нарабіў шоргату”, яшчэ калі вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі як харавы дырыжор. Потым — калі паступіў у Каралеўскую Ратэрдамскую кансерваторыю, якую скончыў па класе оперна-сімфанічнага дырыжыравання. Справа не толькі ў тым, што ён лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят і лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Ужо паводле свайго характару ён не адно выканаўца (у самым шырокім сэнсе слова), а яшчэ і чалавек, які літаральна фантаніруе творчымі ідэямі і ўмее іх арганізацыйна ўвасабляць. Многія і дагэтуль не могуць забыцца, як ён, будучы студэнтам, зладзіў цудоўны творчы вечар кампазітара Вячаслава Кузняцова — сіламі сямі музычных калектываў, якія ў знак пашаны да аўтара выступалі бясплатна.

Цяперашні канцэрт у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі не мог быць танным (я пра цэны на білеты). Але ён таго каштаваў! Упершыню ў нас выконваліся сучасныя польскія творы, паказ якіх быў прымеркаваны да юбілейных датаў з дзён нараджэння кампазітараў — 100-годдзя В.Лютаслаўскага і 80-годдзя Х.Гурэцкага. Выдаткі, звязаныя з аўтарскімі правамі, узяў на сябе Інстытут Адама Міцкевіча ў Варшаве. Салістамі былі запрошаны беларускі піяніст Юрый Бліноў і польская спявачка Юстына Самборска. Для некаторых твораў праграмы патрабаваўся вялізны склад колькасцю каля сотні музыкантаў, і да капэлы “Санорус” далучыўся сімфанічны аркестр Акадэміі музыкі. Так што зладжаны праект можна назваць сумесным.

Дырыжорская манера Хумалы: мінімум жэстаў — максімум эфекту. Ён спраўляецца са складанымі партытурамі, якія часам патрабуюць большай, чым пры звароце да класікі, падрыхтоўкі. Камерную кампазіцыю “Ланцуг № 1” В.Лютаслаўскага ён адбудаваў паводле драматургіі, даводзячы гучанне ад найтонкіх мігценняў “музычнай цішыні”, што трапеча мяккімі pizzicato (ігра на струнных не смычком, а пашчыпваннем), да магутнай кульмінацыі. Гэтак жа была сабрана форма і шматслаёвая фактура, дзе дакладнасцю вылучаліся духавыя, у найвіртуозных Варыяцыях таго ж аўтара на тэму Паганіні для аркестра і фартэпіяна. Музыка В.Лютаслаўскага гучала і “на біс”, якога ўзрушаная публіка патрабавала ад Ю.Блінова, здольнага і да галавакружных пасажаў, і да чароўнай пявучасці.

Сапраўдным адкрыццём сталася Сімфонія № 3 Х.Гурэцкага, якой А.Хумала ўжо дырыжыраваў у Польшчы, з тамтэйшымі музыкантамі. Названая кампазітарам “Сімфоніяй жалобных песняспеваў”, яна апавядае пра пакуты ахвяр нацызму. Але ў музыцы няма знешняга драматызму, кантрастаў, “скрыгату”, што даводзіць экспрэсіянізм да мяжы натуралізму, звыклых праяў трагічнай тэмы. Твор быў напісаны ў пачатку 1990-х, амаль праз паўстагоддзя пасля Другой сусветнай. І яго тры часткі вырашаны ў розных адценнях смутку. Невыпадкова ў сімфоніі выкарыстаны тэкст Ламентацыі Святой Дзевы Марыі ХV стагоддзя, зварот да маці і Царыцы Нябеснай 18-цігадовай пакутніцы, што яна надрапала на сцяне гестапаўскай турмы, і словы сілезскай народнай песні, дзе маці шукае забітага сына. Ціхі, пранікнёны, надзвычай стыльны твор з абрысамі фінальнай сарабанды аднавіў крыху падзабыты ў ХХ стагоддзі “давер” да струнных без злоўжывання духавымі, а таксама вакал  без залішняй “опернасці”, разлічанай найперш на “сценабітную” моц, але з максімальнай натуральнасцю спеваў.

Аншлаг на канцэрце і такая ж паўнюткая зала пасля антракту разбівалі міф, што сучасная акадэмічная музыка, маўляў, не карыстаецца ўвагай публікі. Шкада толькі, што ў зале было мала беларускіх кампазітараў, якім не перашкодзіла б павучыцца ў калег-суседзяў пошукам новай прыгажосці — без рэтра ці гламуру. Але яшчэ ёсць шанс пачуць гэтыя творы на радыёканале “Культура”.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"