“Аліўе” і эканамічны закон

№ 2 (1128) 11.01.2014 - 17.01.2014 г

Пра Новы год са старымі песнямі
Да ўстойлівых навагодніх традыцый, падобна на тое, апошнім часам далучыліся “старыя песні пра галоўнае” — у ролі гэткага культурна-забаўляльнага дадатку да праславутага аліўе. З адзінай толькі розніцай: ад аліўе, дзякуючы гастранамічнаму выбару ў крамах, не цяжка адмовіцца. Ад рэтра-хвалі, колькі ні пстрыкай пультам тэлевізара, пазбавіцца ў навагоднюю ноч практычна немагчыма: яна набыла ўжо моц сапраўднага “дзявятага вала”, які цалкам засланяе гарызонт. Добра гэта ці дрэнна? І чаму так?

/i/content/pi/cult/462/9757/2-1.jpgАпрабаваны варыянт дае, найперш, гарантыю: маўляў, столькі і столькі адсоткаў навагодніх тэлегледачоў будуць задаволены, пачуўшы штосьці блізкае і роднае. Ну, а хоць якога элементу навізны, без чаго сам Новы год рызыкуе канчаткова ператварыцца ў чарговы Стары, можна дасягнуць праз новыя словы. Для мастацтва такі падыход — знаходка вельмі даўняя. Звычайна да яе звяртаюцца ў тых выпадках, калі бракуе часу. Ці калі патрабуецца парадыйна-іранічна-жартоўны эфект, гуллівы настрой.

Урэшце, для навагодніх святаў гэта далёка не горшы варыянт. Асабліва, калі ўсе пераробкі падпарадкаваны нейкай адной ідэі — да прыкладу, нечаканых дуэтаў, ды яшчэ і з прадстаўнікоў розных мастацкіх сфер, жанраў, стыляў. Але ў эканоміцы невыпадкова ёсць так званы закон змяншальнай карыснасці: маўляў, першая цукерка заўсёды смачнейшая за другую такую ж, а тым больш за дваццатую. У мастацтве гэты закон спрацоўвае яшчэ больш жорстка: копія не бывае лепшай за арыгінал. Іншая справа — творчае развіццё ідэі, яе далейшае ўдасканаленне. Таму сама па сабе цяперашняя “мода на рэтра” можа быць неблагім сімптомам. Па сутнасці, гэта працэс фарміравання і далейшага захавання песеннай класікі ХХ стагоддзя, асэнсаванне таго, што песенны жанр зусім блізкай ад нас “даўніны” з’яўляецца не проста часткай побыту, а такой жа паўнавартаснай фарбай агульнай мастацкай палітры, як, да прыкладу, “высокая” акадэмічная музыка. Іншымі словамі, адбываецца адбор і далейшае замацаванне ў шэрагу “культурных помнікаў эпохі”.

Але давайце зірнём на ўсё гэта з іншага боку, узгадаўшы выслоўе: як Новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш. Можа, і сапраўды ёсць нейкая заканамернасць у тым, што трывала праводзячы святы ў асяроддзі былой савецкай, зрэдку замежнай эстрады, мы адначасова замыкаем на гэтым сваю фонасферу, усё больш скіроўваючы яе ў 1950-я? І гэта пры тым, што нават колішнія “Блакітныя агеньчыкі” трымаліся не толькі на “падвядзенні вынікаў”, але і на ледзь не абавязковых прэм’ерах.

Што ж, можа, само па сабе навагодняе застолле, якое моладзь усё больш імкнецца па-еўрапейску перанесці на вуліцу, і не лепшы час для прэзентацыі песенных тэлепрэм’ер. Але ж іх не стае і па-за адрэзкам ад поўначы да рання. Значыць, іх не хапае ўвогуле? А тыя, што здараюцца, не прэтэндуюць на сапраўдную падзею, годную абмеркавання “на ўвесь год”? Ёсць пра што задумацца...

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"