Адплыў у вечнасць

№ 1 (1127) 04.01.2014 - 10.01.2014 г

Так здарылася, што “Ладдзя Роспачы” паводле У.Караткевіча сталася яго апошняй працай у родным тэатры: 2 студзеня памёр галоўны мастак Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Валерый Рачкоўскі.

/i/content/pi/cult/461/9755/1-114.jpg

Прэм’ера ў Польшчы, да якой творца падрыхтаваў эскізы, выйдзе ўжо без яго. Усяго ж на рахунку мастака — больш як 75 спектакляў для дзяцей і дарослых, якія знайшлі сваіх шчырых прыхільнікаў не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Літве, Польшчы, Балгарыі, Сербіі. Лялькі былі яго сапраўдным прызваннем. Можна сказаць, яны самі знайшлі свайго Майстра. Бо скончыўшы аддзяленне дызайна нашай Акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “прамысловая графіка”, ён быў размеркаваны на... “Інтэграл”. Але яшчэ ў час вучобы афармляў студэнцкія спектаклі лялечнікаў, што і вызначыла яго творчы шлях. Лялькі Рачкоўскага — самыя розныя па эстэтыцы і тэхналогіі, але ўсіх іх яднае нейкая асаблівая “чалавечнасць”, якая выяўляецца зусім не ў поўным падабенстве (тут якраз усё наадварот!), а ў той іскрынцы дабрыні, што здольная ажывіць любую істоту, зробленую чалавечымі рукамі. Спектаклі, як і людзі, сыходзяць — лялькі, бы выяўленне чалавечай душы, застаюцца...

“Культура"ўцы