Прэм’ера ў Польшчы, да якой творца падрыхтаваў эскізы, выйдзе ўжо без яго. Усяго ж на рахунку мастака — больш як 75 спектакляў для дзяцей і дарослых, якія знайшлі сваіх шчырых прыхільнікаў не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Літве, Польшчы, Балгарыі, Сербіі. Лялькі былі яго сапраўдным прызваннем. Можна сказаць, яны самі знайшлі свайго Майстра. Бо скончыўшы аддзяленне дызайна нашай Акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “прамысловая графіка”, ён быў размеркаваны на... “Інтэграл”. Але яшчэ ў час вучобы афармляў студэнцкія спектаклі лялечнікаў, што і вызначыла яго творчы шлях. Лялькі Рачкоўскага — самыя розныя па эстэтыцы і тэхналогіі, але ўсіх іх яднае нейкая асаблівая “чалавечнасць”, якая выяўляецца зусім не ў поўным падабенстве (тут якраз усё наадварот!), а ў той іскрынцы дабрыні, што здольная ажывіць любую істоту, зробленую чалавечымі рукамі. Спектаклі, як і людзі, сыходзяць — лялькі, бы выяўленне чалавечай душы, застаюцца...
“Культура"ўцы