Залатыя фаліянты чакаюць…

№ 1 (1127) 04.01.2014 - 10.01.2014 г

Адна з падзей студзеня — Нацыянальны конкурс “Мастацтва кнігі — 2014” (LIII), што ладзіцца Міністэрствам інфармацыі Беларусі. Па традыцыі ён вызначыць лепшыя выдавецкія праекты, што сталі падзеяй у нацыянальным кнігавыданні за мінулы год.

Неацэнная роля конкурсу і ў павышэнні мастацкай і паліграфічнай культуры кнігі, у развіцці кніжнага мастацтва, а таксама — у папулярызацыі лепшых дасягненняў нашых выдавецтваў за 2013 год. Нацыянальны конкурс пройдзе 16 — 17 студзеня.

Па кожнай заяўленай намінацыі ад выдавецтва прадстаўляецца не больш за тры выданні.

Гран-пры конкурсу — намінацыя “Трыумф”. Пераможца будзе ўшанаваны дыпломам імя Ф. Скарыны і знакам-сімвалам “Вялікі залаты фаліянт”.

“Малыя залатыя фаліянты” і спецыяльны дыплом уручаюцца па тэматычных намінацыях: “ЛІТ-фармат” (літаратурна-мастацкі кірунак), “Падручнік новага стагоддзя" (навучальныя выданні), “Фотапогляд” (фотаальбомы і фотакнігі), “Разам з кнігай мы расцём” (выданні для дзяцей і юнацтва), “Залатыя скрыжалі” (даведнікі і энцыклапедыі), “АРТ-кніга” (выданні па выяўленчым мастацтве, факсімільныя, рэпрынтныя, бібліяфільскія кнігі), “Эўрыка” (навуковыя, навукова-папулярныя выданні), “Духоўнасць” (выданні духоўна-асветніцкага кірунку).

Прадугледжаны і спецыяльныя намінацыі з уручэннем дыплома і памятнага знака-сімвала “Малы залаты фаліянт”: “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны”, “За прапаганду чытання”, “Садружнасць” (сумесныя выдавецкія праекты), “У люстэрку часу” (кнігі, выдадзеныя па замове).

Персанальная намінацыя “Майстэрства” прызначана для лепшых ілюстратара, дызайнера, фотамастака кнігі, якім таксама ўручаецца спецыяльны дыплом і “Малы залаты фаліянт”.