Капліца з 1802-га — новы “цвік” маршруту скансена

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

“Хэпі-энд” праз 27 гадоў, прадугледжаны Дзяржпраграмай
Гісторыя капліцы з вёскі Каралеўцы на Вілейшчыне была пакручастай. Унікальны драўляны храм ратандальнай формы, збудаваны ў 1802-м стараннямі мясцовага селяніна Аляксандра Рогача, не адзін год прастаяў без даху, спакваля пераўтвараючыся ў парахню. Яшчэ ў 1986-м тое, што ад яго засталося, разабралі ды перавезлі ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, а неўзабаве пачалася рэстаўрацыя...

/i/content/pi/cult/460/9726/3-1.jpg

/i/content/pi/cult/460/9726/3-2.jpg /i/content/pi/cult/460/9726/3-3.jpg

Аднак добрыя два дзесяцігоддзі капліца (што праўда, ужо з дахам) знаходзілася нібыта ўбаку ад музейнага жыцця — наведвальнікі паглядалі на яе хіба мімаходзь. Але цяпер прыспеў час пратаптаць туды сцежкі: дзякуючы Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” гэтая гісторыя зведала “хэпі-энд”, і 20 снежня ў музеі адбылося адкрыццё новай экспазіцыі.

Цяпер храм з больш як двухсотгадовай гісторыяй выглядае як новы. Але дырэктар музея Святлана Лакотка тлумачыць, што гэта толькі вонкавыя ўражанні. Сапраўды, ашалёўка цалкам абноўлена, але пад ёй захавалі ўсе тыя аўтэнтычныя элементы, якія толькі было магчыма. А неўзабаве “паціна часу” мае знівеляваць гэтае ўражанне “навадзела”.

Рэстаўрацыю праводзіла спецыялізаваная арганізацыя — “Белрэстаўрацыя”, і кіраўніцтва музея засталося цалкам задаволена ўзроўнем выкананых работ ды адказным стаўленнем да тых іх аспектаў, якія простым будаўнікам могуць падацца дробязнымі. Тым не менш, работы занялі трохі больш за год, і гэты сціслы тэрмін, мабыць, тлумачыцца адэкватным фінансаваннем.

Паралельна з рэстаўрацыяй супрацоўнікі музея займаліся аднаўленнем інтэр’ера храма, які змяняў як канфесійную прыналежнасць (збудаваны як грэка-каталіцкі, ён стаў праваслаўным), так і прызначэнне — ад могілкавай капліцы да прыхадской царквы. Інтэр’еры было вырашана рэканструяваць менавіта на першы этап гісторыі помніка, калі еўрапейскія традыцыі сакральнага дойлідства “прышчапіліся” на народную глебу. Карпатлівая праца навукоўцаў здолела аднавіць тыя цікавыя рэгіянальныя звычаі.

Элементы інтэр’ера, якія сёння могуць убачыць турысты, — “родам”, вядома, не з гэтага храма (там унутры ўвогуле нічога не ацалела), але менавіта з Вілейшчыны пачатку ХІХ стагоддзя. Некаторыя прадметы — аўтэнтычныя, і ў выніку рэстаўрацыі яны набылі свой адпачатны выгляд ды колеры — як, напрыклад, панікадзіла. Некаторыя ж прадстаўлены ў выглядзе копій: умовы, набліжаныя да натуральных, не дазваляюць захоўваць у храме арыгінальныя абразы двухсотгадовай даўніны.

А на рэканструяванай званіцы (арыгінал у свой час не аддалі музею мясцовыя жыхары) з’явіўся сапраўдны звон канца XVIII стагоддзя. Ён быў перададзены ў скансен на дэпазітнае захоўванне Музеем старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі. Рэстаўрацыя ў дадзеным выпадку таксама спатрэбілася: у савецкі час звон выкарыстоўваўся ў якасці пажарнага набату, і для пераканаўчасці яго пафарбалі ў чырвоны колер.

— Мы даўно марылі, каб па-над тэрыторыяй музея луналі гукі звона, і нарэшце нашы мары ўрэчаісніліся, — распавяла Святлана Лакотка.

Звон, які пад час адкрыцця экспазіцыі быў апрабаваны вядомым рок-музыкантам (а па сумяшчальніцве — супрацоўнікам скансена) Андрусём Такіндангам, гучыць і сапраўды звонка.

Між тым, рэстаўрацыйныя работы актыўна працягваюцца і яшчэ на адным аб’екце музея  — царкве пачатку XVIII стагоддзя з мястэчка Барань, якую нехта ўжо паспеў прылічыць да страчанай спадчыны. Мяркуючы па аб’ёме зробленага, адкрыцця экспазіцыі выпадае чакаць ужо ў хуткім часе. Затрымка можа ўзнікнуць хіба з інтэр’ерам: па словах Святланы Лакотка, аднавіць унікальны іканастас царквы будзе няпроста. Але калі гэта здарыцца, у Музеі драўлянага дойлідства з’явіцца яшчэ адзін турыстычны “цвік”.

Фота аўтара