Маляўнічы карагод

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

У чэрвені ў Гродне адбудзецца VII Усебеларускі фестываль нацыянальных культур. А напрыканцы мінулага года прайшоў VII фестываль нацыянальных культур Міншчыны. Маляўнічыя вобразы ў назвах мастацкіх калектываў — удзельнікаў VII Абласнога фестывалю нацыянальных культур Міншчыны — уяўляюцца мне адным з сімвалаў гэтага форуму яднання. Фестываль быў багаты на таленты. Але перш чым распавесці пра яго, падзялюся яшчэ адным уражаннем: я была ў захапленні ад самой арганізацыі гэтага мерапрыемства.

 /i/content/pi/cult/145/972/Karagod1.jpg
 Сваё майстэрства прадстаўляюць “Обчынскія гаспадыні” з Любаншчыны.
... “Госці фестывалю ўжо пачынаюць  падцягвацца,  пастаўце  на ўваход  чалавека,  які  будзе  нак роўваць іх у залу”; “Увага, прыехалі  карэспандэнты  з  тэлебачання, запрасіце  Раісу  Вайцяхоўскую і Анатоля Акушэвіча даць інтэрв’ю”;   “Прасачыце,   ці   ўсе прадстаўнікі ад нацыянальна-культурных  аб’яднанняў  прысутнічаюць, хутка будзем уручаць дыпло- мы і падарункі”; “Клуб беларускай кухні “Обчынскія гаспадыні” зараз пачне выконваць народныя песні. Паменшыце  гук  фонавай  музыкі”...
Такую  зладжаную  арганізацыю даводзіцца бачыць не часта. Літаральна  праз  20  секунд  пасля  аб’явы наведвальнікаў  свята  сустракала дзяўчына ў беларускім нацыянальным  строі,  праз  30 —  начальнік упраўлення  культуры  Мінскага  аблвыканкама  Анатоль Акушэвіч даваў інтэрв’ю, праз хвіліну — выразнаму  гучанню  песень  прадстаўніц Любанскага раёна ўжо нішто не перашкаджала.  А  пакуль  удзельнікі свята праводзілі генеральную рэпетыцыю, госці, якія прыйшлі ў Сеніцкі дом культуры загадзя, праглядалі даведнік  фестывалю,  знаёміліся  з работамі народных майстроў і фотавыстаўкай  Беларускага  грамадскага  аб’яднання  грэкаў  “Пелапанес”. Карацей, ужо за гадзіну да пачатку галоўнай дзеі ўсё было гатова да шыкоўнага прыёму наведвальнікаў.
Частуйцеся  ўкраінскімі клёцкамі! — Рускія бліны, пельмені,   каштуем! —   Запрашаем   на плоў  па-азербайджанску! —  гучала з усіх бакоў. Гледачы з задавальненнем падыходзілі да багата накрытых сталоў, частаваліся, нават рэцэпты некаторых страў запісвалі. А, улічваючы тое, што ў фестывалі бралі ўдзел прадстаўнікі 10 нацыянальнасцей з 18 рэгіёнаў Міншчыны, вучыцца майстэрству гатаваць сапраўды было ў каго.
 /i/content/pi/cult/145/972/karagod2.jpg

Украінскімі клёцкамі частуе культурна-асветніцкае таварыства “Краяны”.


Сталы смачных страў чаргаваліся  са  стэндамі  дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вышыўка і бісерапляценне, гліняныя цацкі і вырабы з лазы ўпрыгожвалі фае ДК, адлюстроўваючы і  спецыфіку творчасці пэўных нацыянальнасцей.
Відовішчны пачатак фестывалю прагназаваў такі ж яркі працяг дзеі — наперадзе былі выступленні творчых калектываў і асобных выканаўцаў. Пасля ўзнагароджання народных майстроў і аматараў нацыянальных кухняў усе рушылі ў глядзельную залу.
Святочны  канцэрт  распачалі польскія   калектывы.   Вакальны квартэт “Валожынка”, жаночы фальклорны ансамбль “Згода” з Нясвіжа,  калектыў  “Чэрвонэ  яблушко” сям’і Сабалеўскіх з вёскі Рубяжэвічы, сям’я Гжыбоўскіх з Нясвіжа і  культурна-асветніцкае  аб’яднанне  “Саюз  палякаў  на  Беларусі”  з цэнтрам у Маладзечне дэманстравалі вакальныя і танцавальныя, тэатральныя і літаратурныя таленты. Адточаным  харэаграфічным майстэрствам вылучаліся  і ансамбль  “Спадчына”,  які  выступаў  з  танцам “Малдаваначка”,  і народны фальклорны тэатр танца “Карагод” — прызёр многіх беларускіх і міжнародных фестываляў. Армянскую культуру на форуме  прадстаўлялі  сямейны  калектыў Барсегян і студэнт БДУ культуры  і  мастацтваў  Віталь  Тавасян. Але, нягледзячы на невялікую ко- лькасць прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці, гледачы напоўніцу адчулі адметнасці армянскай культуры, яе багацце.
 /i/content/pi/cult/145/972/Karagod3.jpg
 "Пелапанес".
Пра  змест  узбекскіх  песень  у выкананні   Рустама   Ачылава   і юнай салісткі Пагосцкага сельскага дома культуры Іны Тагіравай госці і ўдзельнікі   фестывалю нацыянальных культур маглі толькі здагадвацца,  але  гэта  не  перашкодзіла шчыраму  захапленню  і  ўдзячным апладысментам гледачоў.
Грэчаскі  харэаграфічны  нумар “Хасапіко” вядучыя канцэрта аб’явілі як самы складаны ў выкананні нацыянальны танец гэтай краіны. Але выканаўца  Аляксандр Харлампідзіс са сваёй задачай справіўся бліскуча.
Варта адзначыць, што аб’яднанне грэкаў, таксама, як і палякаў, базіруецца ў Маладзечне. І з гэтага ж горада   на   фестываль   прыехалі яшчэ два аб’яднанні: “Рускае таварыства”  і  ўкраінскае  культурна-асветніцкае  таварыства  “Краяны”, якія ў якасці асноўных жанраў для сваіх  канцэртных  нумароў  абралі нацыянальныя песні і вершы.
Новыя  мастацкія  матывы  ў фестывальны  канцэрт  унеслі  Зіта Марцінкевіч, якая праспявала цыганскі раманс, Людміла Ціхамірава,  чый  рэпертуар   склалі  рускія прыпеўкі,  клуб творчай інтэлігенцыі  ўкраінцаў  “Калынова  гілка”. Апошняе   канцэртнае   слова   на фестывалі  трымаў  фальклорны ансамбль  “Украінська  пісьня”,  і яно   было змястоўным, каларытным, па-славянску прыгожым.
Вось  такім  маляўнічым,  яркім атрымаўся абласны фестываль. Наперадзе —  рэспубліканскі  форум нацыянальных культур, дзе беларуская і руская, польская і ўкраінская, узбекская і грэчаская мовы зноў загучаць  у  мастацкім  увасабленні лепшых аматарскіх калектываў.

Вольга МАКРЫЦКАЯ, студэнтка БДПУ імя Максіма Танка
Фота аўтара