Паралелі з Хамянтоўскай

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

У Гродзенскай выставачнай зале прайшла першая персанальная выстаўка Наталлі Дораш. Аўтар — журналіст, ветэран народнага фотаклуба “Гродна”, пераможца міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.

/i/content/pi/cult/459/9719/8-6.jpg/i/content/pi/cult/459/9719/8-7.jpg

У экспазіцыі “Палешукі” змешчана больш як паўсотня фота, створаных з 1976 па 2012 год. Чорна-белыя плёначныя і сучасныя каляровыя лічбавыя здымкі паказваюць партрэты жыхароў вёсак Букча, Дзяржынск і Прыбалавічы Лельчыцкага раёна Гомельшчыны. Наталля Дораш рабіла фатаграфіі, калі прыязджала на малую радзіму свайго мужа. Тады, 36 гадоў таму, аўтар здымала родных і суседзяў. Партрэты сівога мужчыны ў бялюткай, як яго валасы, кашулі, выявы басаногіх хлапчукоў, якія сядзяць на плоце, жанчыны ў святочных строях... Не менш цікавыя і цяперашнія фота жыхароў Тураўшчыны. Толькі на сучасных здымках усё больш можна ўбачыць людзей сталага веку, а не моладзь…

Работы — шчырыя і пранізлівыя, як і галоўныя героі сюжэтаў. Фатограф прызналася, што любіць рабіць партрэты людзей сталага веку, таму што яны — захавальнікі гісторыі і традыцый вёскі. Праект “Палешукі” Наталлі Дораш крытыкі параўналі са здымкамі Зоф’і Хамянтоўскай, якая паказала жыццё палешукоў 1-й паловы XX стагоддзя. Здаецца, паралелі — не выпадковыя, таму што для іх крыніцай захаплення стала Палессе…

Дар’я ЧАРКЕС

Гродна