Пракат Новага года: свята тэатральнага маркетынгу і... дэфіцыту?

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Добрых і глыбокіх п’ес — няшмат, а вось “сіропчыку”...
Неяк мне патэлефанавалі на мабільны тэлефон. Дзяўчына, якая прадставілася менеджарам, прапанавала папрацаваць Дзедам Марозам у адным з мінскіх рэстаранаў. Быў самы пачатак кастрычніка. Прадстаўнікі забаўляльных устаноў пачыналі фарміраваць каманды з вядучых, Дзядоў Марозаў, Снягурак ды складаць немудрагелістыя праграмы перадсвяточных вечароў, каб стварыць настрой для наведвальнікаў. Многія акцёры адгукаюцца на падобныя прапановы, бо гэта дае магчымасць дадатковага заробку. А як ідуць справы ў тэатраў? Якімі спектаклямі, новымі ідэямі ці падыходам да арганізацыі святаў яны збіраюцца здзівіць не толькі малечаў, але і дарослага гледача?

Знайсці б незаезджаную п’есу

Мне здаецца, пасля пераезду ў родныя сцены Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача мае канчаткова займець рысы нацыянальнага брэнда, паколькі гэта адзіная дзіцячая трупа ў краіне, якая працуе на беларускай мове. Сёлета з нагоды святаў яна рэпеціруе спектакль паводле п’есы Ксеніі Драгунскай “Куды падзеўся снег?..”. Ставіць яго актрыса тэатра Ганна Казлова (гэта яе другая рэжысёрская работа). Што прывабіла ў матэрыяле маладога рэжысёра? Дый і сам аўтар — няпросты для ўспрымання ды інтэрпрэтацый. Па словах Ганны Казловай, мастацкі кіраўнік тэатра Уладзімір Савіцкі прапанаваў знайсці незаезджаную п’есу. У Сеціве і адшукалі той матэрыял, над якім працуюць акцёры.

— Чырвонай ніткай праз спектакль праходзіць тэма экалогіі, — кажа Ганна. — Толькі вялікае жаданне, вера ў сваю мару ды, вядома ж, гледачы дапамогуць героям вярнуць свята ў горад. Мы рыхтуем вясёлы, чароўны гульнявы спектакль пра мару, да якой трэба ісці наперад! Ну, і, вядома, берагчы прыроду!..

У сценах тэатра, дзе зараз ідзе рэканструкцыя, была Ёлачная зала, у якой праводзіліся навагоднія ранішнікі. Ці захавалася гэтая традыцыя ў Доме літаратараў, дзе тэатр арандуе пляцоўку?..

— Ранішнікі ў ТЮГу былі лепшымі ў горадзе, — сцвярджае Ганна. — Фае нашага часовага прытулку не зусім падыходзіць для правядзення ранішніка. І, тым не менш, дзяцей, якія прыйдуць у тэатр, чакае вясёлая гульнявая праграма. Мы не будзем парушаць традыцыю...

“Новы год — падстава для вартага спектакля”

Аднак Ксенія Драгунская — расійскі аўтар. А ці пішуць нашы, беларускія, драматургі творы, звязаныя з навагодняй тэматыкай? Якія яны, гэтыя п’есы, якога зместу і ўзроўню? Загадчыкі літаратурных частак тэатраў па сваіх службовых абавязках як ніхто іншы ведаюць пра стан драматургіі, у тым ліку дзіцячай. Сваімі ўражаннямі і думкамі дзеліцца загліт ТЮГа Жанна Лашкевіч:

— “Навагодняя тэматыка” ў тэатры — гэта часта пераўтварэнне вартага спектакля ў доўгі ранішнік з Дзедам Марозам, Снягуркай і выкраданнямі нейкага персанажа, праўда, без салодкіх падарункаў для гледачоў. Вядома, з “Ільва, вядзьмаркі і адзежнай шафы” Клайва Льюіса таксама можна ўтварыць навагодняе дзейства (і шмат гадоў таму нашаму тэатру гэта ўдалося). Ды лепш, калі Новы год у тэатры — падстава для вартага спектакля. Сёлетняя прэм’ера “Куды падзеўся снег?..” паўстала паводле добрай п’есы Ксеніі Драгунскай, і яе “навагодняя тэматыка” — нагода для важнай размовы пра свет, у якім мы жывём, пра горад і ягоных насельнікаў, нашых суседзяў — катоў, сабак, птушак, якіх трэба паважаць ды абараняць, пра прыроднае асяроддзе, якое так вымагае нашага чыннага саўдзелу! У беларусаў свята — нагода папрацаваць душой (і наша мова гэта цудоўна адлюстравала). Такой працы вымагае Нараджэнне Хрыстова, таму і спектакль “Дарога на Віфлеем” С.Кавалёва ўжо колькі гадоў у нашым рэпертуары.

Безумоўна, добрых і глыбокіх п’ес пра гэтае свята няшмат, але ёсць літаратура, якая абавязкова зробіцца драматургіяй! У планах тэатра — стварэнне тэатралізаванай праграмы-расповеду пра беларускі язычніцкі пантэон, пра святога Міколу і пра тое, як святкуюць Нараджэнне Хрыстова ў розных краінах свету. Балазе ў адрэстаўраваным будынку тэатра для гэтых праграм аднаўляецца Ёлачная зала. А на сцэне з’явяцца спектаклі паводле Метэрлінка, Андэрсена, братоў Грым... Я не супраць Дзеда Мароза. Але ў тэатры саладжавая маска з бурачнымі шчокамі яму не дужа пасуе...

Прадстаўленні — раскуплены

А зараз звернем сваю ўвагу на рэпертуар лялечных тэатраў. Гродзенцы ў мінулым сезоне здзейснілі пераможны марафон са спектаклем “Пікавая дама”, сабраўшы мноства прызоў і дыпломаў на розных міжнародных і нацыянальных фестывалях. Цяпер яны ўзялі паўзу і прыступаюць да “навагодняга марафону”, як паведаміў галоўны рэжысёр тэатра Алег Жугжда.

— Па традыцыі, на сцэне тэатра гледачы ўбачаць навагодняе шоу — так мы называем гэты спектакль. Сёлета — “Таямніца Снежнай каралевы”. У нас так павялося здаўна: спачатку — спектакль на сцэне, а потым карагоды ў тэатралізаванай форме ля ёлкі. Традыцыю мы не парушаем, таму ля ёлкі адбудзецца другое шоу: “Востраў навагодніх скарбаў”. “Два ў адным” атрымліваецца.

Адміністратары тэатра пастараліся папрацаваць так, што большасць білетаў на прадстаўленні была раскуплена арганізацыямі яшчэ ў кастрычніку. Пачаўся навагодні марафон 17 снежня, а скончыцца ён 12 студзеня наступнага года.

“А пакуль працуем над пастаноўкай “Фаўст. Сны”...”, — дзеліцца планамі Алег Жугжда. Пракат навагодніх прадстаўленняў наладжаны, як гадзіннікавы механізм. Чаму б не надаць пільную ўвагу сур’ёзнай і важнай працы?

Маладзечанцы з Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” кожны год прыдумваюць праграму.

— Галоўная тэма нашых прадстаўленняў — гэта Каляды і Новы год, — паведамляе галоўны рэжысёр тэатра Мікалай Андрэеў. — У нашым тэатры мы абралі форму інтэрактыўнага прадстаўлення. І кожны год выбіраем новага казачнага персанажа, напрыклад, Ката ў ботах або Чараўніка Смарагдавага горада, які выступае ў якасці галоўнай дзеючай асобы і вядзе ўсю праграму. Чаму так? Узроставая аўдыторыя тэатра — гэта малыя ад двух да шасці гадоў. Яны хутчэй і ахвотней ідуць на кантакт з тым персанажам, які ім ужо знаёмы па казках, што паспелі ім прачытаць бацькі, або па мультфільмах, якія яны паглядзелі, — гэта псіхалогія малечаў, — дзеліцца сваімі назіраннямі галоўны рэжысёр.

У гэтым годзе галоўны герой прадстаўлення маладзечанскіх лялечнікаў — Карлсан, а сам інтэрактыў называецца “Штукарствы Карлсана”.

Прадаць свята —  папоўніць бюджэт

Мне здаецца, з пункта гледжання тэатральнага маркетынгу, адна толькі назва кшталту "Штукарстваў Карлсана" здольная прывабіць многіх бацькоў, якія абавязкова захочуць прывесці дзяцей на гэты інтэрактыў. А яго поспех будзе залежыць ад таго, наколькі выканаўца ўжывецца ў той гарэзлівы вобраз і персанаж.

Колькі тэатраў — столькі поглядаў на стварэнне навагодняга прадукту (прабачце за гэтае слова) — cпектакль або прадстаўленне. Усюды ёсць свае асаблівасці, якія ўлічваюць рэжысёры труп.

Пераднавагодні час для большасці акцёраў — гэта магчымасць папрацаваць у вобразах Дзядоў Марозаў або Снягурак і выдатны спосаб папоўніць свой сціплы бюджэт. Таму яны ахвотна адгукаюцца на падобныя прапановы, пра якія я згадаў на пачатку агляду. Тэатры як бюджэтныя арганізацыі — не выключэнне. Планавыя паказчыкі трэба выконваць: фінансавыя, па колькасці гледачоў, па колькасці спектакляў.

Гэта той адваротны бок медаля, пра які не здагадваецца ды і не павінен ведаць маленькі глядач. Пераступаючы парог тэатра, ён мусіць акунуцца ў казачны свет, які прыдумаў рэжысёр-пастаноўшчык, а разыгралі артысты. А потым — атрымаць свой запаветны падарунак ад сапраўднага Дзеда Мароза. І ён ні ў якім разе не павінен здагадацца, што гэты падарунак клапатлівыя бацькі набылі ў краме і папрасілі акцёра, схаванага пад пазнавальнае футра і бараду, уручыць сыну або дачцэ.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр