Каму патрэбен сёння музычны кліп?

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Гурт “Дразды” зняў кліп на песню “Сыплецца сняжок”. Прычым навагодняя кампазіцыя займела два відэаўвасабленні (а планавалася наогул тры!). Спачатку тэлегледачы ўбачылі (а прэм’ера першага роліка ў Інтэрнэце ўжо адбылася) версію ў чырвонай студыі, а бліжэй да Новага года — у белай. Праца над абодвума кліпамі вялася два дні. Іх рэжысёрам, аператарам і аўтарам ідэі выступіў Аляксандр Шутаў. Карцінка атрымалася добрай, цёплай, усмешлівай, сямейнай, як і сам трэк. Яго музыка і тэкст пытанняў не выклікаюць, як і сам ролік. Але паразважаць “з нагоды”, навошта выканаўца сёння здымае кліп, чаго ён ім хоча дасягнуць, ці ёсць у наш час попыт на кліпы ў тэлеканалаў і публікі, мы папрасілі людзей, якія, што называецца, “у тэме”. І тэзіс мой вось які: яшчэ гадоў дваццаць таму, апроч, магчыма, нейкіх культурных місій кліпа як з’явы ў галіне сучаснай музыкі, а то і кінаіндустрыі, факт з’яўлення відэароліка ў артыста казаў пра цалкам канкрэтную мэту — раскрутка сінгла, альбома, самога выканаўцы. А якое сёння месца кліпа ў сістэме шоу-бізнесу?

/i/content/pi/cult/459/9714/3-1.jpeg

Віталь КАРПАНАЎ, лідар гурта “Дразды”:

— Апошнім часам не выпускаем сінглы без відэа. Я зразумеў некалі, што вельмі важна, каб меўся “поўны пакет”: песня, ролік і хаця б мінімальная фотасесія. І не абавязкова ўсё гэта мусіць аказацца дарагім — галоўнае, каб “у тэму”!

Так, сёння кліп — гэта не тое, што было раней, калі артысту хапіла б і аднаго-двух кліпаў у год для падтрымання папулярнасці ці для таго, каб проста заявіць пра сябе. Сёння кліпы варта выпускаць не радзей, чым раз у два-тры месяцы: канкурэнцыя ў свеце шоу-бізнесу — шалёная. Да ўсяго, пэўны час таму кліп з’яўляўся сапраўды “маленькім кіно”, да працы над ім доўга рыхтаваліся, выціскаючы максімум, ну, і аддача была адпаведнай.

А што сёння? У нашай краіне музычнае відэа практычна няма дзе паказваць: ні па тэлевізары, бо практычна не існуе адмысловых праграм, што “круцяць” кліпы, ні ў Сеціве — тэматычных інтэрнэт-рэсурсаў ці тых, што аддалі б частку прасторы пад названы сегмент, таксама бракуе. (Наяўнае і па ТБ, і ў Сусветным павуцінні — бездапаможныя драбкі.) Яшчэ адзін фактар: кліпаў ад артыстаў цяпер мала хто чакае, бо эфект вiдэанавiзны ўжо не спрацоўвае.

Але, нават зважаючы на вышэйназваныя акалічнасці, ролікі патрэбны. І перш за ўсё — самім артыстам. На нашай эстрадзе ёсць паважаныя зоркі, якія даўно займаюцца песеннай справай і не маюць ніводнага роліка! Яны сцвярджаюць, што кліп павінен быць альбо дарагім, альбо яго наогул не павінна быць. Але, на мой погляд, артыст мусіць тварыць, у тым ліку, і ў кліпмэйкерстве. Бо гэта ж выдатна, калі і ён сам, і слухачы змогуць убачыць на экране “гісторыю паводле” песні!

Час сёння такі, што каваць сваё імя і сваю папулярнасць можа кожны, незалежна ад таго, ці мае ён музычную адукацыю. І няхай Інтэрнэт перапоўнены адкрытай халтурай, якая на сцэну і ТБ прарвалася, але ж там ёсць і тыя таленавітыя людзі, якім раней шлях да такіх рэсурсаў з розных прычын быў закрыты. Цяпер не патрэбны ніякія прэміі і званні, нават хіт-парады: напісаў песню, зняў крэатыўны сюжэцік на яе, няхай і немудрагелісты, ды выклаў у Сеціва. “Выжыве” больш моцны і ўпарты. Вядома, добра, калі ён пры гэтым акажацца яшчэ і таленавітым…


/i/content/pi/cult/459/9714/3-2.jpeg

Уладзімір МАКСІМКАЎ, прадзюсар:

— Вядома, пры класічнай мадэлі шоу-бізнесу кліпы патрэбны выканаўцу для таго, каб раскруціць прадукты: галоўныя хіты альбома, а ў канчатковым выніку і саму кружэлку — будучую ці наяўную. У нашых рэаліях артыст выпускае ролік, каб пра яго (артыста) даведалiся, альбо каб нагадаць пра сябе публіцы. Адсюль і цяперашняя якасць асноўнай масы беларускіх кліпаў: зняць як мага хутчэй за невялікія грошы. І тут ужо ўсё залежыць ад таго, наколькі крэатыўна працуе здымачная група, наколькі добрая кампазіцыя. А візуалізаваць яе сёння вялікай працы не складзе: дастаткова мець мабільны тэлефон, здольны здымаць, прасценькі лічбавы фотаапарат, не занадта “наварочаны” камп’ютар з мінімальным наборам праграм. Ну, і паколькі цяперашняе тэлебачанне асабліва не мае патрэбы ў роліках, аддаючы перавагу павільённым перадачам, то і наша відэа распаўсюджваецца, перш за ўсё, у Інтэрнэце. (Нагадаю, нават такі першапачаткова спецыялізаваны гігант, як канал MTV, ужо даўно пераарыентаваўся на серыялы.) Ну а кліп “Драздоў” — яркі прыклад таго, пра што я казаў.

Быў час, калі нашы артысты з кліпмэйкерамі рабілі ролікі, умоўна кажучы, пад Мілен Фармэр — “маленькае кіно” са скразным сюжэтам. Але і тады гэта рабілася не для таго, каб прадэманстраваць высокі мастацкі густ, а для “ўкіду” інфармацыі ў СМІ: мы, маўляў, знялі відэа за столькі долараў, і мэсэдж гэты азначаў: фінансава артыст сябе пачувае выдатна, на нагах стаiць цвёрда. Зараз жа паказчыкам фінансавай упэўненасці музыканта служыць тое, як часта яго запрашаюць на карпаратывы. Маральнае задавальненне яму прыносіць гэты факт, а не тыя ж магчымыя новыя ролікі…

Калі прагназаваць, дык мяркую, што тыя, хто хоча займацца сапраўднай творчасцю, будуць развіваць арыгінальнае відэа, прыдумваць цікавыя хады, ажыццяўляць вар’яцкія, падавалася б, ідэі. Але, зноў жа, паўтаруся, — не за вялікія грошы. А Саша Саладуха як здымаў сур’ёзныя — фінансава, творча, па нашых мерках, — кліпы, так і будзе тое рабіць, падтрымліваючы тым самым імідж галоўнага спевака краіны. Гэта нібыта банк, які кажа кліентам: я надзейны, сталы, мне можна давяраць сродкі.

Дарэчы, у мяне ёсць некалькі думак, як здымаць сёння бюджэтнае і эксклюзіўнае відэа. Звяртайцеся!..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"