Нямоднае? Схадзіце на “Харошкі”!

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Павел СЫРЫЦКІ, ІТ-менеджар
Нярэдка беларусы не шануюць сваю нацыянальную культуру. Як мінімум — ставяцца да яе з насцярожанасцю. Як максімум — нават з пэўнай пагардай. Гэта з’ява, лічу, парадаксальная. Паспрабуйце прыехаць у якую-небудзь каўказскую рэспубліку і выказацца без піетэту пра тамтэйшыя нацыянальныя танцы, спевы ды іншыя звычаі... Прычынай тое, што мясцовыя жыхары паважаюць свае традыцыі, праявы нацыянальнай ідэнтычнасці. І гэтая павага — не толькі на словах, але і на справе.

Да чаго гэта я? Мне пашанцавала: я ўпершыню апынуўся на вялікім канцэрце Заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” з новай праграмай “Запрашаем на вяселле!”. З дзейнасцю выдатнага калектыву я трошкі знаёмы ўжо некалькі гадоў, але вось канцэртнае выступленне атрымалася наведаць упершыню.

Адразу невялікая выснова: гэта было свята, свята эстэтычнага задавальнення, свята сузірання цудоўнага. Гучыць пафасна, але, запэўніваю вас, праўдзіва.

Я не вялікі спецыяліст у харэаграфіі, але дазволю сабе выказаць колькі каментарыяў з залы.

На дзіва пазітыўнае выступленне. Ніводнага “незадавальнення” пад час канцэрта. Гэта сапраўды надзвычайная рэдкасць. Я часта наведваю культурныя мерапрыемствы і абсалютна ўпэўнены ў апошнім тэзісе. Сакрэт просты: дзівосны талент і бездакорны прафесіяналізм.

Энергетыка. Не, у корані няслушна: шалёная энергетыка! Паўтаруся, я — не знаўца харэаграфіі, і ў пэўнай ступені знаёмы з ёй, у асноўным, па маладзёжных фестывалях. На іх, як правіла, запрашаюць калектывы брэйк-данса са спадарожнымі выкрутасамі прадстаўнікоў гэтай субкультуры. Дык вось, у плане энергетыкі ўсе тыя брэйкеры і блізка не стаяць да таго відовішча, якое я бачыў у “Харошак”. Асабліва гэта датычыцца фіналу. Сакрэт той жа: дзівосны талент і бездакорны прафесіяналізм.

Вакальная трупа і музычны калектыў гучалі на вельмі высокім узроўні. Так! Ніякай фанаграмы, увесь акампанемент — жывы. Харэаграфічныя нумары перамяжоўваліся вакальнымі кампазіцыямі. І, паўтаруся, другое ні ў чым не саступала першаму. Прыемным адкрыццём для мяне стала акапэльная аранжыроўка беларускай народнай песні “Туман ярам”, раскладзенай на шэсць галасоў. Фантастычная поліфанія!

Яшчэ адно адкрыццё — выступленне салістак-цымбалістак з тэмай на народную песню “Ты ж мяне падманула”. Я мноства разоў чуў гучанне цымбалаў у аркестры, але неяк не даводзілася слухаць сольныя выступленні.

...Пад час канцэрта злавіў сябе на сумнай думцы, што ансамбль “Харошкі” сёння з’яўляецца практычна адзіным захавальнікам беларускай народнай і свецкай харэаграфічнай культуры. Пранікненне ў глыбіню стагоддзяў, аднаўленне даўно забытых танцаў і вялізная праца па папулярызацыі нацыянальнай культуры. Гэтая высакародная праца выклікае шчырую павагу!

І, дарэчы, сапраўднае мастацтва павінна "выклікаць думкі”. Гэта адна з яго прыкмет, калі жадаеце, — падахвочваць людзей думаць.

Урэшце, для многіх беларусаў усё апісанае мной з’яўляецца нямодным, нецікавым, некрэатыўным. Хто вінаваты? Магчыма, “скрыня” (яна ж — тэлевізар), магчыма, хада гісторыі нашага народа ў XIX — XX стагоддзях...

А наведаць канцэрт гэтага бліскучага калектыву пад кіраўніцтвам народнай артысткі Беларусі Валянціны Гаявой варта кожнаму. Гэты невялікі “подзвіг” стане вялікім крокам... Можа, і палюбіць гэты канкрэтны беларус сваё, роднае. Хоць трошкі.