Гэта — прыемна, гэта — на нашу карысць

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

“Гэта вялікая страта для Францыі — быць мала знаёмай з творчасцю такога кампазітара, як Андрэй Мдзівані”, — такімі словамі пачаў адзін з канцэртаў Міжнароднага маладзёжнага сімфанічнага аркестра яго галоўны дырыжор, дырэктар Ліможскай рэгіянальнай кансерваторыі Ален Воэрпі. І сапраўды. Калі за дзве з паловай тысячы кіламетраў ад Беларусі пад скляпеннямі старажытнага храма, напоўненага багацейшай гісторыяй Францыі, адной з самых прыцягальных і прыгожых краін свету, загучала музыка І часткі 6-й Сімфоніі нашага таленавітага зямляка; калі адзін за адным пачалі паўставаць славутыя абліччы-постаці нашай беларускай зямлі, увасобленыя кампазітарам у яскравых музычных вобразах; калі твары дасведчанай заходняй публікі літаральна засвяціліся ад прыгажосці і ўзнёсласці музыкі, прысвечанай цудоўнай тэме Еўфрасінні Полацкай, — мяне ахапілі супярэчлівыя пачуцці. З аднаго боку — вялікі гонар за Беларусь, за нашу дзяржаву, за беларусаў. Маўляў, ведай нашых! А з другога — пачуццё крыўды, бо, на жаль, якраз не надта тут і ведаюць нашых.

 /i/content/pi/cult/145/971/France.jpg
Дарэчы, менавіта магчымасць больш даведацца адзін пра аднаго, бліжэй пазнаёміцца, пасябраваць і з’яўляецца адной   з   асноўных мэт надзвычай цікавага  праекта, які  вось  ужо  трэці  раз  ажыццяўляецца ў  Ліможы  па  інцыятыве кіраўніцтва мясцовай кансерваторыі  пры фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы гарадской мэрыі.
Афіцыйная назва праекта — “Канцэрт гарадоў-пабрацімаў”. Такіх у французскага  Ліможа   на   сённяшні  дзень  пяць:  Шарлот  (ЗША),  Сето (Японія), Фюрт (Германія), Плзень (Чэхія) і наш Гродна. Адзін раз у два гады напярэдадні  Каляд Лімож запрашае да сябе  маладых  музыкантаў з гэтых гарадоў, з якіх  утвараецца  сімфанічны  аркестр, і  пасля   некалькіх дзён   рэпетыцый    выконваецца   канцэртная праграма з твораў краін-удзельніц. Першы  раз, у 2003 годзе, канцэрт  адбыўся  ў  зале  мэрыі, у   2005-ым   і   2007-ым  — пры поўным аншлагу  — у   Ліможскім оперным тэатры, які змяшчае каля 1400 слухачоў.
Кіруе  праектам  дырэктар Ліможскай рэгіянальнай кансерваторыі Ален Воэрпі. Ён робіць  сапраўдны  цуд.  Уявіце сабе: зусім незнаёмыя музыканты, вельмі  рознага  прафесійнага ўзроўню,  рознамоўныя, мінімум рэпетыцый — і пры ўсіх  гэтых  няпростых умовах ён стварае  з імі  музыку! 
Нельга не  сказаць і  пра  ягоную жонку, мадам Мары-Катарын Воэрпі, якая не  толькі  дапамагае мужу ў  арганізацыі праекта, але  таксама становіцца за дырыжорскі пульт і, дарэчы, робіць гэта  даволі прафесійна. Акрамя таго, яна  яшчэ  мае  цудоўнае  мецца-сапрана  і  з’яўляецца  вучаніцай  славутага французскага флейтыста Патрыка  Галуа!  Падобны  “мульціпадыход”   падаецца  вельмі   характэрным для   французскай музычнай адукацыі.   Напрыклад, старэйшая   дачка А.Воэрпі, якая цяпер вучыцца на настаўніцу пачатковых класаў, у кансерваторыі асвоіла віяланчэль і габой, на апошнім іграла ў аркестры ў 2003 і 2005 гг. А  сола  барытона ў партытуры Сімфоніі А.Мдзівані  выконваў малады чалавек, які запомніўся мне тым, што  ў мінулы раз ён літаральна выратаваў “наша” Адажыо з “Маленькага прынца” Я.Глебава, бо дзяўчына-японка, як  ні  старалася, так і не здолела  авалодаць партыяй  трубы,  нягледзячы   на  тое,  што  ў  яе  руках  была   бліскучая “Ямаха”.
Безумоўна, сяброўства сяброўствам, але пэўны “дух спаборніцтва” ў падобных міжнародных аркестрах заўсёды таксама прысутнічае.  Не без гонару адзначу, што   нашы  былі  лепшыя.  Нашы — гэта навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага музычнага вучылішча Д.Пажарыцкая (скрыпка), К.Сацура (альт), К.Шаўчанюк (віяланчэль), Дз.Лашчук (флейта), студэнтка філіяла кафедры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў  Гродзенскім дзяржаўным  музычным  вучылішчы Г.Янцэвіч (скрыпка)  і  выпускніца Гродзенскай ДМШ № 1  і каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а цяпер — студэнтка Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі Л.Саладухіна (скрыпка), якая, акрамя ўдзелу ў аркестры па запрашэнні гаспадароў, дала ў зале кансерваторыі сольны канцэрт разам з выкладчыцай Гродзенскага дзяржаўнага музычнага вучылішча А.Лябецкай (фартэпіяна).  Ведаючы добрыя традыцыі выканальніцтва на струнных смычковых інструментах у Беларусі,  А.Воэрпі  кожны  раз  запрашае з  Гродна  пераважна  “струннікаў”.
Увогуле,  удзел  у падобных  імпрэзах дае  шмат  не толькі цікавых, але і  карысных  уражанняў. Вельмі прыемна, калі  сярод  такіх  знакамітых імёнаў, як Ж.Бізэ, Й.Сук, А.Копленд, разам  з  сучаснікамі  з Германіі і Японіі   Ш.Хіппэ і Р.Арыма ў перапоўненай зале гучыць прозвішча нашага А.Мдзівані, калі дырыжор перад канцэртам  нагадвае аркестру, што калі будзе “біс”, то будзем іграць Мдзівані ад такой-та лічбы, і калі гэты “біс”  сыграны,  апошнія  гукі змоўклі, а публіка  пасля  працяглай паўзы  ўзрываецца  авацыямі і  крыкамі “Брава!” — гэта  прыемна, гэта на нашу карысць.

Аляксей  САЛАДУХІН, дырэктар Гродзенскага 
дзяржаўнага музычнага  вучылішча