Дарэчы, менавіта магчымасць больш даведацца адзін пра аднаго, бліжэй пазнаёміцца, пасябраваць і з’яўляецца адной з асноўных мэт надзвычай цікавага праекта, які вось ужо трэці раз ажыццяўляецца ў Ліможы па інцыятыве кіраўніцтва мясцовай кансерваторыі пры фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы гарадской мэрыі.
Афіцыйная назва праекта — “Канцэрт гарадоў-пабрацімаў”. Такіх у французскага Ліможа на сённяшні дзень пяць: Шарлот (ЗША), Сето (Японія), Фюрт (Германія), Плзень (Чэхія) і наш Гродна. Адзін раз у два гады напярэдадні Каляд Лімож запрашае да сябе маладых музыкантаў з гэтых гарадоў, з якіх утвараецца сімфанічны аркестр, і пасля некалькіх дзён рэпетыцый выконваецца канцэртная праграма з твораў краін-удзельніц. Першы раз, у 2003 годзе, канцэрт адбыўся ў зале мэрыі, у 2005-ым і 2007-ым — пры поўным аншлагу — у Ліможскім оперным тэатры, які змяшчае каля 1400 слухачоў.
Кіруе праектам дырэктар Ліможскай рэгіянальнай кансерваторыі Ален Воэрпі. Ён робіць сапраўдны цуд. Уявіце сабе: зусім незнаёмыя музыканты, вельмі рознага прафесійнага ўзроўню, рознамоўныя, мінімум рэпетыцый — і пры ўсіх гэтых няпростых умовах ён стварае з імі музыку!
Нельга не сказаць і пра ягоную жонку, мадам Мары-Катарын Воэрпі, якая не толькі дапамагае мужу ў арганізацыі праекта, але таксама становіцца за дырыжорскі пульт і, дарэчы, робіць гэта даволі прафесійна. Акрамя таго, яна яшчэ мае цудоўнае мецца-сапрана і з’яўляецца вучаніцай славутага французскага флейтыста Патрыка Галуа! Падобны “мульціпадыход” падаецца вельмі характэрным для французскай музычнай адукацыі. Напрыклад, старэйшая дачка А.Воэрпі, якая цяпер вучыцца на настаўніцу пачатковых класаў, у кансерваторыі асвоіла віяланчэль і габой, на апошнім іграла ў аркестры ў 2003 і 2005 гг. А сола барытона ў партытуры Сімфоніі А.Мдзівані выконваў малады чалавек, які запомніўся мне тым, што ў мінулы раз ён літаральна выратаваў “наша” Адажыо з “Маленькага прынца” Я.Глебава, бо дзяўчына-японка, як ні старалася, так і не здолела авалодаць партыяй трубы, нягледзячы на тое, што ў яе руках была бліскучая “Ямаха”.
Безумоўна, сяброўства сяброўствам, але пэўны “дух спаборніцтва” ў падобных міжнародных аркестрах заўсёды таксама прысутнічае. Не без гонару адзначу, што нашы былі лепшыя. Нашы — гэта навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага музычнага вучылішча Д.Пажарыцкая (скрыпка), К.Сацура (альт), К.Шаўчанюк (віяланчэль), Дз.Лашчук (флейта), студэнтка філіяла кафедры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў Гродзенскім дзяржаўным музычным вучылішчы Г.Янцэвіч (скрыпка) і выпускніца Гродзенскай ДМШ № 1 і каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а цяпер — студэнтка Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі Л.Саладухіна (скрыпка), якая, акрамя ўдзелу ў аркестры па запрашэнні гаспадароў, дала ў зале кансерваторыі сольны канцэрт разам з выкладчыцай Гродзенскага дзяржаўнага музычнага вучылішча А.Лябецкай (фартэпіяна). Ведаючы добрыя традыцыі выканальніцтва на струнных смычковых інструментах у Беларусі, А.Воэрпі кожны раз запрашае з Гродна пераважна “струннікаў”.
Увогуле, удзел у падобных імпрэзах дае шмат не толькі цікавых, але і карысных уражанняў. Вельмі прыемна, калі сярод такіх знакамітых імёнаў, як Ж.Бізэ, Й.Сук, А.Копленд, разам з сучаснікамі з Германіі і Японіі Ш.Хіппэ і Р.Арыма ў перапоўненай зале гучыць прозвішча нашага А.Мдзівані, калі дырыжор перад канцэртам нагадвае аркестру, што калі будзе “біс”, то будзем іграць Мдзівані ад такой-та лічбы, і калі гэты “біс” сыграны, апошнія гукі змоўклі, а публіка пасля працяглай паўзы ўзрываецца авацыямі і крыкамі “Брава!” — гэта прыемна, гэта на нашу карысць.
Аляксей САЛАДУХІН, дырэктар Гродзенскага
дзяржаўнага музычнага вучылішча