Пад апекай святога Губерта

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

У галерэі “Крыга”, што ў Гродне, працуе персанальная выстаўка Андрэя Філіповіча “Гародня святога Губерта”. Экспазіцыя стала адным з найбольш яркіх акцэнтаў у святкаванні Дня святога Губерта.

/i/content/pi/cult/459/9706/8-1.jpg

Сэнсавай і эмацыйнай дамінантай выстаўкі стала работа “Паляванне святога Губерта”, дзе ў выразна экспрэсіўных вобразах узгадваецца легенда пра герцага Губерта, які жыў у VІІ — на пачатку VІІІ стагоддзя і быў знакамітым паляўнічым. Але аднойчы ў гушчары яму сустрэўся цудоўны алень з залатым крыжом паміж рагоў. Кіруючыся голасам з нябёс, герцаг не забіў яго, а стаў маліцца. Пасля адмовіўся ад усіх сваіх набыткаў, зрабіўся шчырым святаром, а затым біскупам. Пасля смерці Губерт быў кананізаваны, стаў патронам паляўнічых...

На выстаўцы прадстаўлены і партрэты гістарычных асоб. Выява каралевы Боны Сфорца трактавана аўтарам у сучасным фармаце, толькі з пэўнай эстэтычнай апеляцыяй да старажытнага жаночага адзення. Пры Боне у ХVІ ст. наш горад, як і іншыя ў Еўропе, атрымаў Магдэбургскае права, а разам з ім і герб. Паколькі ў той час адным з асноўных заняткаў гродзенцаў было паляванне ў густых навакольных лясах, то і на выяве герба быў адлюстраваны імклівы алень святога Губерта з крыжом паміж рагоў, што пераскоквае агароджу. Мастакоўскімі рэмінісцэнцыямі паводле сармацкага партрэта вызначылася постаць знакавай асобы нашай даўніны — караля Стэфана Баторыя, улюбёнай рэзідэнцыяй якога стаў Гродна.

Гістарычнай скіраванасцю вылучаюцца і гродзенскія краявіды, дзе ўзнаўляюцца старыя будынкі, якія сёння не захаваліся, напрыклад, гарадская ратуша. Іншыя кампазіцыі ўтрымліваюць выявы старажытных касцёлаў, калі пышнае барока гарманічна стасуецца з тым узвышаным настроем, што пануе ў відарысах вузкіх, такіх родных з дзяцінства, вуліц, плошчаў, што праз гады захавалі свае архітэктурныя адметнасці. Светлай рамантыкай прасякнуты панарамы Гродна, дадзеныя амаль з вышыні птушынага палёту (“Дахі Гародні”, “Над горадам”). Гэты прыём дазваляе аўтару аб’яднаць гарадское асяроддзе з неабсяжнай нябеснай прасторай, дзе ў сферах найвышэйшых атульвае сваёй апекай нашых гараджан і святы Губерт. Насельнікі Гродна прадстаўлены Філіповічам пераважна ў жаночых вобразах, але гэта не рэальныя постаці, а тыя ідэальныя персанажы, прывідныя мары, якія на працягу стагоддзяў насычаюць старажытны горад любоўю і прыгажосцю...

Марына ЗАГІДУЛІНА, мастацтвазнаўца

Гродна