Разам з супрацоўнікамі АЦНТ метадысты, дырэктары і мастацкія кіраўнікі мясцовых устаноў культуры абмяркоўвалі тэму “Старадаўнія народныя святы і абрады, сакральныя, язычніцкія і хрысціянскія святыні, традыцыйныя іміджавыя культурныя мерапрыемствы і іх пазіцыянаванне як аб’ектаў турызму ў Добрушскім раёне”.
Сярод іншых паведамленняў, прагучала цікавая і змястоўная інфармацыя пра абрад “Ваджэнне Стралы”, які прынеслі ў гарпасёлак Церахоўку перасяленцы з вёскі Ачоса-Рудня гэтага ж раёна, абрад “Провады русалкі” ў вёсцы Усохская Буда, традыцыйны ўніверсальны брэнд раёна — пленэр драўлянай скульптуры “Ажылая старына”, раённае свята “Спасаўскі кірмаш”.
Не застаўся па-за ўвагай і духоўны цэнтр Добрушскага раёна — вёска Карма, вядомая праваслаўным вернікам праз цудадзейную моц святога Іаана Кармянскага. Удзельнікам семінара былі прадстаўлены чатыры версіі паходжання назвы вёскі Перарост, пераказана багатая гісторыя вёскі Насовічы, вядомай па архіўных звестках з 1560 г., праз якую ўжо ў 1873-м праходзіла чыгунка і ў якой да нашага часу сем разоў на год ладзяцца традыцыйныя кірмашы.
Ірына ГЛУШЭЦ, загадчык аддзела народнай традыцыйнай культуры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці