Што ў скарбонцы?

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Дырэктар Лепельскага дома рамёстваў Алена Барадзейка паведамляе “К”, што 12 снежня ў Лепелі прайшла абласная навукова-практычная канферэнцыя “Народны тэкстыль і адзенне Віцебшчыны”.

Як вядома, менавіта Віцебшчына ў свой час абрала прыярытэтным кірункам развіцця традыцыйнага мастацтва арганізацыю дамоў рамёстваў у кожным з раёнаў. Таму такія тэматычныя канферэнцыі даўно ўвайшлі ў лік завядзёнак.

Гэтым разам майстроў-рамеснікаў Віцебшчыны сабраў і сустрэў Лепель. У канферэнц-зале мясцовага райвыканкама прайшлі пасяджэнні, прысвечаныя абранай тэме. Народны тэкстыль — адзін з профіляў дзейнасці Лепельскага РДР, пры якім даўно і плённа дзейнічае народны клуб народных майстроў і мастакоў “Скарбонка”. Таму ягоная творчая прэзентацыя стала арганічнай часткай навукова-практычнай канферэнцыі.

Апрача работнікаў культуры і майстроў-рамеснікаў Віцебшчыны, у мерапрыемстве бралі ўдзел і аўтарытэтныя беларускія навукоўцы, дактары мастацтвазнаўства: загадчык кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКіМ Рыгор Шаура і старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута.

Работа была прадоўжана ў Лепельскім РДР. У фае ўстановы працавала выстаўка, што прадставіла традыцыйны тэкстыль і нацыянальныя строі з усёй Віцебшчыны. Лепельскі досвед стаў аб’ектам скрупулёзнага вывучэння творчасці майстроў з іншых рэгіёнаў вобласці.

У канцэртнай зале мясцовай ДШМ было зладжана свята фальклору “Матчыны кросны”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"