Як вядома, менавіта Віцебшчына ў свой час абрала прыярытэтным кірункам развіцця традыцыйнага мастацтва арганізацыю дамоў рамёстваў у кожным з раёнаў. Таму такія тэматычныя канферэнцыі даўно ўвайшлі ў лік завядзёнак.
Гэтым разам майстроў-рамеснікаў Віцебшчыны сабраў і сустрэў Лепель. У канферэнц-зале мясцовага райвыканкама прайшлі пасяджэнні, прысвечаныя абранай тэме. Народны тэкстыль — адзін з профіляў дзейнасці Лепельскага РДР, пры якім даўно і плённа дзейнічае народны клуб народных майстроў і мастакоў “Скарбонка”. Таму ягоная творчая прэзентацыя стала арганічнай часткай навукова-практычнай канферэнцыі.
Апрача работнікаў культуры і майстроў-рамеснікаў Віцебшчыны, у мерапрыемстве бралі ўдзел і аўтарытэтныя беларускія навукоўцы, дактары мастацтвазнаўства: загадчык кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКіМ Рыгор Шаура і старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута.
Работа была прадоўжана ў Лепельскім РДР. У фае ўстановы працавала выстаўка, што прадставіла традыцыйны тэкстыль і нацыянальныя строі з усёй Віцебшчыны. Лепельскі досвед стаў аб’ектам скрупулёзнага вывучэння творчасці майстроў з іншых рэгіёнаў вобласці.
У канцэртнай зале мясцовай ДШМ было зладжана свята фальклору “Матчыны кросны”.