Школьная опера ў ... лесе

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

У выкананні Дзіцячага тэатра “Казка” пад кіраўніцтвам Глеба Аляксандрава на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылася прэм’ера дзіцячай оперы Віктара Войціка “Лясная школа, ці Сон першакласніцы” паводле лібрэта Валянціны Лучанок.

 /i/content/pi/cult/145/970/Opera1.jpg
Першае, што ўразіла, —  як ні дзіўна, публіка: сціша-назасяроджаная, папраўдзе зацікаўленая. Прэм’ера была ўключана ў абанементны цыкл “Нясумныя ўрокі” Філармоніі для дзяцей і юнацтва і склала сабой другое аддзяленне  праграмы,  прысвечанай  знаёмству  з  жанрам оперы. Першае аддзяленне з удзелам салістак Ніны Цішко, Святланы Старадзетка і юнай піяністкі, дыпламанткі міжнародных конкурсаў Насці Дудко будавалася на рэтраспекцыі  опернага  жанру:  ад  юначай  творчасці  Моцарта да казак Рымскага-Корсакава і камічных опер ХХ стагоддзя. Абаяльная музыказнаўца Ала Агаркава распавядала так заўзята і эмацыянальна, што заслухаўся б нават той, хто не ведае рускай мовы. Дый аповед яе ўключаў не толькі вядомыя факты, але і плён уласных даследаванняў, выкладзеных надзвычай вобразна і даступна. Яна  ж  прадстаўляла  і  беларускую  прэм’еру,  здолеўшы імгненна пераключыць дзятву з гуллівасці, уласцівай перапынку,  на прыўзнята-святочнае,  радаснае  суперажыванне сцэнічнай творчасці аднагодкаў.
Новы  твор  знанага  кампазітара,  вядомага  найперш па сур’ёзных канцэпцыйных партытурах, працягваў распачатую ім яшчэ ў 90-ыя працу ў сферы дзіцячага музычнага тэатра.   Яго   першая  опера  “Вясновая песня”, пастаўленая  ўсё  тым жа  тэатрам  “Казка”  ў Беларускім  дзяржаўным музычным  тэатры,  была адзначана  прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў  Беларусі.  Шырокі рэзананс атрымаў  і  ўвасоблены  на  той жа сцэне ягоны мюзікл “Прыгоды ў замку
Алфавіт”. Так паступова —  ад спектакля, зробленага дарослымі для дзяцей, праз удзел “старых і малых” у сумеснай пастаноўцы —  ён прыйшоў да спектакля, разлічанага выключна на дзяцей. Прычым не на вундэркіндаў і нават не на падлеткаў са спецыяльнай адукацыяй, а на самых звычайных малодшых школьнікаў, якім гэта цікава.
Трэба толькі радавацца, што ў нас, нарэшце, адраджаецца так званая “школьная опера” —  жанр, добра вядомы ў Еўропе і распаўсюджаны ў навучальных установах Беларусі ХVIII ст. Яго універсальнае прызначэнне —  і эстэтычнае, і павучальна-навучальна-метадычнае —  дапамагала “перафарбаваць” цяжкую працу (а хто сказаў, што вучыцца лёгка?) у захапляльныя колеры непадробнай цікавасці,  адчування  ўласнай запатрабаванасці,  жадання дзейнічаць, а не назіраць, чаго, здараецца, так не хапае цяперашнім “камп’ютэрызаваным” малым. Невыпадкова сваю “Лясную школу” В.Войцік спачатку “апрабаваў” не ў тэатры “Казка”, а на звычайных перша- і трэцякласніках мінскай СШ № 166. Марыць ён і пра тое, каб з дапамогай Міністэрства адукацыі выдаць гэты клавір —  у якасці навучальнага дапаможніка для выкладчыкаў малодшых класаў і выхавальнікаў
 /i/content/pi/cult/145/970/opera2.jpg

дзіцячых садкоў, змясціўшы ў дадатку парады па вырабе сцэнічных строяў і ажыццяўленні пастаноўкі. Тым больш, што нумарная драматургія твора дазваляе  выкарыстоўваць  музычны  матэрыял  як  цалкам, так і часткова — у залежнасці ад колькасці дзяцей і ўзроўню іх падрыхтоўкі (дарэчы, і малодшая група тэатра “Казка”, у якой зараз усяго 11 юных артыстаў, уносіла свае купюры і нават змяніла фінал, прымусіўшы Бабу Ягу таксама пайсці вучыцца ў школу для лясных жыхароў).
Ды ўсё ж галоўнымі віноўнікамі ўрачыстасці сталі непасрэдныя ўдзельнікі спектакля, іх выкладчыкі  і  нястомныя  бацькі,  якія,  між іншым,  самі  шылі  касцюмы.  Увогуле,  тэатр
“Казка”, які летась змяніў ажно тры “прапіскі”, шукаючы месца для рэпетыцый, трымаецца выключна на энтузіязме. І пры гэтым раз за  разам выходзіць  пераможцам  на  разнастайных  замежных  конкурсах  і  фестывалях. Чым не падстава для роздуму? Бо цяперашнімі фінансавымі цяжкасцямі тэатра тлумачацца і недасканаласці аранжыроўкі   (пры   ўсім   багацці аркестравага  мыслення  кампазітара), і агульны мастацкі арэол проста-такі пасляваеннага дзесяцігоддзя, які настальгічна  зыходзіць  з  усіх  “шчылін”.  А  так хочацца дакрочыць, нарэшце, і да оперы  ХХІ  стагоддзя!  У  тым ліку,  з  дапамогай  адраджэння  школьнага тэатра.
 

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымках: сцэны са спектакля
“Лясная школа, ці Сон першакласніцы”.
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА