Дыялог культур

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Інстытут культуры Беларусі стаў пляцоўкай для міжнароднага культурнага дыялога паміж Беларуссю і Ізраілем.

У час падзеі прэзентавалі юбілейны паштовы блок, які пабачыў свет 30 лістапада бягучага года і быў прысвечаны дзеячам Дзяржавы Ізраіль — выхадцам з Беларусі: Іцхаку Шаміру, Залману Шазару, Хаіму Вейцману, Менахему Бегіну і Шымону Перэсу. Філатэлістычную навінку гасілі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў нашай краіне Іосіф Шагал ды рэктар Інстытута культуры Беларусі Канстанцін Рэмішэўскі.

Нагодай для мерапрыемства, арганізаванага Інстытутам культуры Беларусі па ініцыятыве Міністэрства культуры краіны, сталі ўгодкі былога і сучаснага кіраўнікоў Урада Ізраіля, лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру  — 100-годдзе з дня нараджэння Менахема Бегіна, выхадца з Брэст-Літоўска (сучасны Брэст), і 90-годдзе ўраджэнца Валожыншчыны (мястэчка Вішнева) Шымона Перэса.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ўстаноў культуры Беларусі ды Ізраіля і далейшага культурнага дыялога. “Да 3 ліпеня 2014-га, да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, плануем пабудаваць на мінскай Яме сцяну з імёнамі Праведнікаў свету — гэта 728 грамадзян Беларусі, якія ратавалі яўрэяў. Іх імёны высечаны ў Іерусаліме на Мемарыяльным комплексе “Яд Вашэм”… Мы хочам, каб і тут ведалі імёны сваіх суачыннікаў, якія, рызыкуючы сваім жыццём, ратавалі яўрэяў. Гэта будзе нашым знакам падзякі”, — адзначыў Іосіф Шагал.

Сярод іншага, доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс распавёў пра планы па стварэнні даведніка для сайта сусветных супольнасцей, звязаных з Беларуссю, што мае з’явіцца ў лютым наступнага года.

На мерапрыемстве была прадстаўлена кніжная выстаўка, падрыхтаваная Ізраільскім культурным цэнтрам, экспазіцыя ханукальных падсвечнікаў і стэнд “Гонар нацыі“.