Яе героі — людзі і прырода

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

“Я да гэтага часу ўдзячна лёсу за тое, што з першых дзён свядомага жыцця была сярод цудоўнай беларускай прыроды, сярод простых людзей. Напэўна, яны і абудзілі ўва мне мастака”.

 /i/content/pi/cult/145/969/Los.jpg

А.Лось. Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі

“Залатая яблынька”.
Гэтае прызнанне Алены Георгіеўны Лось раскрывае сакрэт сапраўднай народнасці творчасці шматбакова таленавітага беларускага графіка.
Яе работы прасякнуты рэдкім у нашы дні светлым і радасным светаўспрыманнем, разуменнем арганічнага адзінства чалавека і прыроды. Таму творчасць мастачкі шырока вядома не толькі заўсёднікам вернісажаў. Яна ўваходзіць у многія сем’і прыгожай добрай кніжкай, якая адрасавана — пераважна — самым маленькім чытачам.
Асноўнымі героямі твораў А.Лось з’яўляюцца жыхары беларускіх вёсак, дзеці і казачныя персанажы. Часцей за ўсё яны адлюстраваны ў суседстве з жывёлінамі, птушкамі і кветкамі, формы якіх, любоўна арнаментаваныя клетачкамі і спіралямі, крыжыкамі, кропкамі і зорачкамі, сплятаюцца ў мудрагелістыя рытмічныя ўзоры.
У народных песнях, прыказках, казках і прымаўках раскрываецца душа народа, таму гэтак ахвотна мастачка прысвячае ім серыі лінагравюр, гуашаў, літаграфій, у якіх часам сціраецца мяжа паміж рэальнасцю і фантазіяй. Стылістыка яе твораў мае шмат агульнага з традыцыйнымі беларускімі рамёствамі: разьбой на пернікавых дошках і калаўротах, карункамі і вышыўкамі, яркімі размалёўкамі куфраў і дываноў, наіўнымі і мілымі глінянымі і драўлянымі цацкамі, а таксама — з традыцыйным народным лубком. Мастачку прывабліваюць ягоныя спрошчаныя формы з дакладна прамаляванымі контурамі, ягоны адкрыты святочны колер, рукапісныя тэксты, уведзеныя ў тканіну твора.У сваіх кампазіцыях яна адвольна змяняе маштабы, зрушвае планы, размяшчае прастору па вертыкалі.
Асаблівае месца ў яе творчасці займае кніга “Дзесяць дзён у Барку”, у якой Алена Георгіеўна ўпершыню выступае і ў ролі аўтара, ведучы апавяданне ад імя дзіцяці. З дзіцячай непасрэднасцю апісвае яна любую сэрцу вёску на рацэ Прыпяць (за два гады да Чарнобыльскай катастрофы).
Дарожныя ўражанні адбіліся ў серыях жывапісных і графічных работ, што адлюстроўваюць пейзажы, помнікі архітэктуры і ўлюбёныя аўтарам палескія краявіды і матывы, якія і да сённяшняга дня натхняюць Алену Лось на новыя творы.
Больш за паўстагоддзя мастачка ўдзельнічае ў выстаўках, а з 1957 года доўга працавала ў выдавецтвах Беларусі. З пачатку сваёй творчай дзейнасці яна праілюстравала больш за сотню літаратурных выданняў.Высокі прафесіяналізм графіка-ілюстратара адзначаны высокімі ўзнагародамі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах на лепшае афармленне кніг.

Ірына НАЗІМАВА,
мастацтвазнаўца

Рэдакцыя “К” віншуе Алену Георгіеўну з юбілеем
і жадае ёй зда
роўя і новых творчых здзяйсненняў!