Місія (пера)выканана!

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Культурны Мінск праводзіў мяне ў дарогу песнямі выканаўцы Жэкі. Усе дзве з паловай гадзіны ў маршрутцы, якая везла мяне ў культурны Магілёў, гучалі кампазіцыі расійскага шансанье — прыблізна, усе 217 трэкаў. Так што прыбыў я ў горад у належным тонусе. Паправіць настрой магла б мая прысутнасць на адкрыцці памятнага знака “Магілёў — культурная сталіца Беларусі і СНД 2013 года” каля тамтэйшага гарвыканкама. Але ж уліўся я ва ўрачыстасці з нагоды закрыцця акцыі на дзень пазней — 9 снежня. І амаль адразу са згаданай вышэй маршруткі — на баль: на прыём у Гарадскую ратушу.

/i/content/pi/cult/458/9689/12-1.JPG

/i/content/pi/cult/458/9689/12-2.JPG /i/content/pi/cult/458/9689/12-3.JPG

/i/content/pi/cult/458/9689/12-4.JPG /i/content/pi/cult/458/9689/12-5.JPG

Культурная сталіца з эканамічным эфектам

Старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў адзначыў там, што наданне ў 2013-м Магілёву статуса Культурнай сталіцы Рэспублікі Беларусь і Садружнасці Незалежных Дзяржаў дазволіла перайсці гораду на якасна новы ўзровень правядзення мерапрыемстваў у сферы культуры, рэалізаваць шматлікія творчыя пачынанні і наватарскія ідэі. А таксама статус стаў дадатковым брэндам, умацаваў сувязі не толькі на ўзроўні гарадоў але і краін, пазітыўна паўплываў на актывізацыю знешнеэканамічнай дзейнасці. Уладзімір Цумараў нагадаў пра найбольш трэндавыя мерапрыемствы праекта, паведаміўшы, якая дапамога ў яго рамках была аказана ўстановам культуры і як іх прадстаўнікі ўслаўлялі горад на фестывалях і конкурсах.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, які выступіў следам, у прыватнасці, выказаў падзяку Эльвіры Долі — намесніку выканаўчага дырэктара Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД, абыграўшы яе прозвішча ў тым сэнсе, што фінансавая доля МФГС у праекце была досыць адчувальнай.

Стаўшы з нядаўніх часоў фанатам лічбаў, пасля заканчэння прыёму я папрасіў Эльвіру Рафікаўну агучыць тую самую долю. Ды суразмоўца ў адказ нават паскардзілася на тое, што доля магла б быць і большай. Урэшце, павялічвацца фінансаванне абавязкова будзе. Эльвіра Доля нават працытавала вядомы радок з песні гурта “Наўтылус Пампiлiус” — “связанные одной целью”, але ў станоўчым кантэксце: маўляў, на падзеях, якія вядуць да збліжэння народаў Садружнасці, эканоміць не варта...

...А Зоя Кулеша, намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама, пасакрэтнiчала са мной наконт таго, чым яе горад, які стане з 18 студзеня 2014 года культурнай сталіцай Беларусі, збіраецца здзіўляць.

— Мы мэтанакіравана працавалі на тое, каб у наступным годзе Гродна атрымаў статус Культурнай сталіцы Рэспублікі Беларусь, — сказала яна. — На нашу карысць спрацавала велізарная колькасць аб’ектаў спадчыны, якімі валодае горад, тыя мерапрыемствы, якія ладзяцца ў Гродне цягам многіх гадоў. А ў 2014-м, сярод іншага, у нас пройдзе фінал X Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, 18 студзеня стартуе праект “Гродзенцы — гродзенцам”, запланаваны Другі фестываль-свята “Лялькі над Нёманам” ды многае іншае.

Сваю параду Зоі Вацлаваўне даў начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец:

— Адна з галоўных задач, якую трэба будзе вырашыць гродзенцам, заключаецца ў тым, каб кожны гараджанін стаў удзельнікам праекта. Напрыклад, у Магілёве мы праводзілі “спаборніцтвы” на лепшы дворык, а жыхароў Першамайскай вуліцы ў летні перыяд папрасілі яркім, незвычайным спосабам ўпрыгожыць уласныя дамы.

Практычна на выхадзе з Ратушы я задаў Барысу Святлову пытанне, што трэба зрабіць, каб які-небудзь беларускі горад атрымаў статус кшталту “Культурная сталіца Еўропы”. Барыс Уладзіміравіч адзначыў, што для пачатку неабходна прайсці працэдуры для суіскання такога звання. Але нічога немагчымага няма, паколькі які беларускі горад, па меншай меры, з абласных цэнтраў, ні вазьмі, яны ўсё вартыя! І з пункту гледжання сваёй шматвяковай культуры яны маюць перавагу перад самымі вядомымі мегаполісамі.

Усім дзякуй!

У Палацы культуры вобласці мела адбыцца ўрачыстае закрыццё праекта. Па шляху зыркае вока выявіла, што прыступкі лесвіцы, размешчанай побач з Ратушай, якія вялі да Дняпра, добра заледзянелі. Мабыць, лесвіца тая была не надта культурная, калі яе абышлі ўвагай камунальныя службы...

А вось шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак па Магілёве мне ўбачыць не давялося: яно прайшло таксама за дзень да майго прыезду. А масавае шэсце гледачоў да Палаца назіраў на свае вочы. У яго фае працавала выстаўка-прэзентацыя “Магілёў — культурныя традыцыі: ад мінулага да сучаснасці”. Наведвальнікі сачылі за тым, як ганчары ляпілі гаршчкі, майстры пісалі іконы, на кроснах ткаўся ручнік, каваліся вырабы з металу. Публіцы прапаноўвалася набыць карціны, вырабы з саломкі і керамікі, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва… Гучала таксама праграма ансамбля старадаўняй музыкі, артысты дэманстравалі строі з мінулага...

Канцэртная ж частка трошкі затрымалася. І віной таму сталі... карэспандэнт “К” з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыем Малашкам, які адмыслова для нашай газеты падвёў вынікі праекта. Праўда, спачатку ён крыху панаракаў на СМІ ўвогуле:

— На мой погляд, вашы калегі не ў поўнай меры асвятлялі мерапрыемствы, якія праводзіліся ў рамках праекта. Так, пра галоўныя з іх гаварылася, але ж была і процьма іншых, якія заслугоўваюць увагі. Мы паспрабавалі падлічыць, колькі ж усяго было праведзена імпрэз у Магілёве і вобласці, ды збіліся з рахунку. Толькі самых рэзанансных — больш ці менш — каля пяцідзесяці. Міжнародныя фестывалі — XX, юбілейны, форум духоўнай музыкі “Магутны Божа”, анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”, маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт”, музычны “Залаты шлягер”, пленэр па скульптуры з каменя “Каменная казка” і жывапісны “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, выстаўкі карцін Аляксандра Шылава, прадметнай фатаграфіі “Трусіная нара”, акцыі “Mast Act — Mast Art” і “Zabor”. Таксама прайшлі дні культуры Арменіі, Кітая, Кубы... Да нашых заслуг, а таксама ўсіх без выключэння ўстаноў культуры, майстроў мастацтваў і дзеячаў культуры, як вядомых, так і пачаткоўцаў, да заслуг, нарэшце, усіх жыхароў горада i вобласцi хачу аднесці тое, што ўсе мы засталіся неабыякавыя да праекту, і, хто як мог, удзельнічаў у ім. А гэта азначае, што патрэба ў такіх падзеях — відавочная, што духоўнасць у людзях, імкненне да прыгожага не зніклі. І не варта забывацца на фінансавы бок: праект даў магчымасць прыцягнуць у эканоміку краіны 5,5 трыльёна рублёў.

— А што не атрымалася? — задаю пытанне Валерыю Анатольевічу?

— Хацелася б больш глыбока “нырнуць” у гісторыка-культурную спадчыну, заняцца ўшчыльную вяртаннем згубленых каштоўнасцей з далейшай, калі трэба, рэстаўрацыяй такіх артэфактаў. Будзем рухацца ў гэтым кірунку.

...А ў зале нумары артыстаў перамяжоўваліся выступамі афіцыйных асоб, якія казалі словы, адрасаваныя Магілёву, узнагароджвалі падзякамі, граматамі, нагруднымі знакамі. Пасля расійская спявачка Варвара грымнула свой хіт “Летала да пела”. А галоўнай часткай урачыстасцей стала перадача эстафеты Магілёвам як культурнай сталіцай яго наступнікам — згаданаму вышэй Гродну, а таксама гарадам Ош і Алматы, што сталі Культурнымі сталіцамі СНД-2014.

...У Мінск я вяртаўся цягніком эканом-класа, вагоны якога пры вырабе пакуль яшчэ не абсталёўваюць убудаванай музыкай Жэкі і яму падобных. За што і дзякуй!

Галоўны ж адрасат падзяк — Магілёў, які з гонарам цягам 2013-га выконваў місію Культурнай сталіцы Беларусі і СНД. Як мне здаецца, з місіяй ён цалкам справіўся, а ў сім-тым відавочна перавыканаў узятыя абавязацельствы!

Мінск — Магілёў — Мінск

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"