Гомельшчыне ёсць чым ганарыцца

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

У Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава адкрылася экспазіцыя твораў мастакоў Гомельшчыны, прымеркаваная да 70-годдзя Гомельскай вобласці.

 /i/content/pi/cult/145/968/Gomel-zhyvapis.jpg
36 карцін розных жанраў склалі незвычайную выстаўку, якую пэўным чынам можна лічыць творчай справаздачай мастакоў юбілею сваёй вобласці. На ёй прадстаўлены ці не ўсе жанры выяўленчага мастацтва. Цэнтральнае месца экспазіцыі займае карціна С.Дзьяканава “Зацьменне”.
Яна ўзнаўляе адзін з трывожных момантаў вайны, полымем якой ахоплены будынкі, дарогі. Бягуць у полымі гэтай вайны ўзброеныя людзі, а на пярэднім плане карціны бачым сямейную пару сталага веку, якая вымушана пакінуць родныя мясціны. Стары спрабуе засланіцца далонню ад убачанага і пачутага. Усё дакладна, усхвалявана і таленавіта ўвасоблена мастаком, які быў яшчэ і адметным партрэтыстам.
Цудоўным майстрам гэтага найбольш складанага жанру быў і У.Рыкалін. Па ўсіх класічных традыцыях рэалістычнага мастацтва напісаны так і не скончаны партрэт жонкі. Па-свойму таленавіта ўвасобіў жаночую прыгажосць і адзін са старэйшых мастакоў Гомельшчыны М.Палянкоў, якога, як і У.Рыкаліна, на жаль, ужо няма сярод нас. Яго “Рачныя хвалі” трапілі ў адну з мастацкіх энцыклапедый. Зараз гэты твор можна пабачыць на выстаўцы. Лірызмам прасякнута карціна Г.Пранішнікава “Вясёлка і зарыва” — своеасаблівы аўтапартрэт мастака, які захоплена гутарыць са сваім маленькім сынам. Акварэльная, таксама напоўненая лірызмам і “Раніца” В.Крылова. Мы бачым велічную постаць маці, да якой пяшчотна туляцца маленькія дзеткі. Усё ў гэтым творы сімвалізуе не толькі пачатак новага дня, але і самога жыцця. Тут будзе дарэчы прыгадаць і графічны твор “Час антонавак” нашага земляка з вёскі Міхайлаўка Я.Бусла. Творчай мужнасцю яго нельга не захапляцца, бо малюе ён, застаўшыся яшчэ ў раннім дзяцінстве без абедзвюх рук.
Юбілейную экспазіцыю нельга ўявіць без удзелу ў ёй знакамітых мастакоў Гомельшчыны М.Казакевіча, Р.Ландарскага, Д.Алейніка, А.Пятрова, С.Курашовай, У.Кароткага, А.Отчыка. Значна пашыраюць лепшыя традыцыі гомельскай школы жывапісу і мастакі, якія заявілі аб сабе ў апошні час. Гэта А.Крылоў, І.Папоў, А.Гайлевіч,Л.Зуева. Некаторыя творы гэтых мастакоў папоўнілі мастацкі фонд галерэі дзякуючы традыцыйным штогадовым светлагорскім пленэрам. Удзельнічаў у іх і мазырскі мастак П.Захараў, які прадстаўлены настраёвым пейзажам “Вечар”. А яго зямляк В.Сідоркін нават тэматычна нібыта далучаецца да гэтага твора сваім “Надвячоркам”. Адразу ж пазнаецца Мазыршчына з яе маляўнічымі ўзгоркамі. Панарамным пейзажам “Зімовая раніца” ўзбагаціў экспазіцыю хойніцкі майстар пэндзля М.Асаўляк. І, вядома ж, адразу ж звяртае на сябе ўвагу карціна “Блаславенне хлеба і віна” рэчыцкага мастака А.Ісачова.
Значна пашыраюць геаграфічныя межы ўдзельнікаў выстаўкі нашы славутыя землякі З.Літвінава, Г.Вашчанка і У.Зінкевіч. Нацюрморт “Кветкі і папугайчык”, акварэльны пейзаж “Забыты хутар” і акрылавы “На Бярэзіне” — яскравае ўвасабленне сталага таленавітага майстэрства знакамітых творцаў. Вельмі натуральна і тое, што экспазіцыю істотна дапоўнілі творы светлагорскіх мастакоў: “Адліга” М.Пранішнікава, “На зямлі Светлагоршчыны” М.Дакучаева, “Рыбакі” Б.Башынскага, “Восень” М.Кухарэнкі, “Дарога ў горы” А.Сідоранкі, “Малінаўка” І.Рагавой, “Мая вуліца” С.Каваля.
Нават такі абеглы агляд юбілейнай экспазіцыі пераконвае, што Гомельшчына мела і мае сваіх таленавітых майстроў выяўленчага мастацтва, што яна заўжды ўслаўлялася і будзе ўслаўляцца цудоўнымі творамі.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ,
дырэктар Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Г.Пранішнікава
На здымку: фрагмент выстаўкі твораў мастакоў Гомельшчыны.