Вобразы эпохі

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

Яўген Зайцаў... Народны мастак БССР, член-карэспандэнт Акадэміі мастацтваў СССР. Выдатны жывапісец, які быў таленавітым ва ўсіх жанрах: фігуратыўнай, у асноўным гістарычнай, карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта...

 /i/content/pi/cult/145/967/Zajcau1.jpg

Я.Зайцаў. “Вечар на рацэ Проні”.

У студзені яму споўнілася б 100 гадоў, але да гэтай “круглай” даты ён не дажыў 16 гадоў...
Яго лёс як мастака склаўся вельмі паспяхова: Віцебскі мастацкі тэхнікум, ленінградскі Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры, дзе яго педагогамі былі К.Пятроў-Водкін і А.Асмёркін, дыпломная карціна “Чапаеў”... Потым — родная Беларусь (сам Яўген Аляксеевіч нарадзіўся ў г. Невелі былой Віцебскай губерні); работа над манументальнымі роспісамі ў Тэатры оперы і балета, “знакавая” карціна “Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск у 1920 годзе”, якая, на жаль, загінула ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Пасля вяртання з фронту былы ваенны інжынер 3-га рангу і супрацоўнік газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну” Яўген Зайцаў зноў бярэцца за пэндзаль. За час вайны, падчас працы ў 1943 г. у Беларускім штабе партызанскага руху з’явілася шмат новых задум, якія былі звязаны з подзвігам беларускага народа. Спачатку былі палотны “Пахаванне героя”, “Парад партызан у 1944 годзе ў Мінску” і “Стаяць насмерць”. Потым гледачы пабачылі яго знакамітую карціну “Абарона Брэсцкай крэпасці”, якая з вялікім поспехам экспанавалася ў 1950 г. у Маскве.
Праз 6 гадоў Яўген Аляксеевіч рэалізаваў сваю даўнюю, яшчэ з 1944 года, мару: напісаў палатно, прысвечанае Канстанціну Заслонаву і яго паплечнікам.
 /i/content/pi/cult/145/967/Zajcau2.jpg
Я.Зайцаў. “Аўтапартрэт”.

Потым з’явіліся і іншыя карціны мастака, якія заўсёды былі, як кажуць, “цвікамі” той ці іншай экспазіцыі. Сярод іх — “Рэквіем”, “Незабыўнае”, трыпціх “Мая рэспубліка ў агні Вялікай Айчыннай”...
А якія ў яго цудоўныя партрэты! Мала хто з сучасных мастакоў можа так востра, “па-сурыкаўску”, пабачыць мадэль, выявіць у ёй самае галоўнае ў характары, у псіхалогіі і “падаць” гэтае галоўнае ў бліскучай пластыцы, у дынаміцы “жывапіснага” малюнка, у прасторавым развароце. Можна ўзгадаць партрэты юнага партызана, К.Крапівы, М.Танка, П.Броўкі, У.Лабанка, А.Нікалаевай, А.Анікейчыка, народных майстрых з в. Неглюбкі...
Ну, і, канешне ж, пейзажы. Я.Зайцаў працаваў над пейзажам усё жыццё, пачынаючы з маладых гадоў. Прайшоў з мальбертам усю Беларусь, асабліва любіў Палессе, пісаў паэтычныя матывы на Украіне і Расіі, у Албаніі і Афрыцы...
Невялікая выстаўка твораў жывапісу і графікі Я.Зайцава пад назвай “Вобразы эпохі” адкрылася 18 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі РБ і, канешне, яна прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння выдатнага мастака нашай краіны.

Барыс КРЭПАК