Дзясятае сумоўе — пра “Вянок”

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Пачынаючы з 1993 года Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Мінску арганізоўвае навуковыя канферэнцыі. 26 лістапада 2013 года адбылася Х Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Кніга новага жыцця”, прысвечаная 100-годдзю адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў класіка “Вянок”.

У апошні час літаратуразнаўцы, навукоўцы звяртаюцца да новых кірункаў ў вывучэнні беларускай літаратуры, з’яўляецца так званае кнігазнаўства, звязанае з ранейшым цыклазнаўствам і дапоўненае шэрагам праблем, якія афармляюць самастойны змест новай галіны ведаў.

Наогул тое, што даследаванне адзінага прыжыццёвага зборніка паэта і сёння актуальнае, сведчыць жаданне прыняць удзел у канферэнцыі не толькі знаных, уплывовых навукоўцаў Беларусі, але і маладых аспірантаў, магістрантаў беларускіх ВНУ.

З прывітальным словам ад супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выступіў першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, член-карэспандэнт, прафесар, доктар філалагічных навук Аляксандр Лукашанец .

На адрас Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Кніга новага жыцця” быў дасланы зварот да ўдзельнікаў ад выбітнага навукоўцы, знаўцы і даследчыка беларускай літаратуры Рамана Лубкіўскага, прафесара Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя І.Франко, лаўрэата нацыянальнай прэміі Украіны імя Т.Шаўчэнкі. Ён назваў Максіма Багдановіча вечна маладым Ікарам беларускай паэзіі, таксама адзначыў вартасць зборніка “Вянок”, параўнаўшы яго з такімі вядомымі ўкраінскімі творамі, як “Кобзар” Тараса Шаўчэнкі, “З вершин і низин” Івана Франка, “Сонячні кларнети” Паўла Тычыны, “Привітання життя” Багдана-Ігара Антоныча. Раман Лубкіўскі, зазначым, стаў укладальнікам і забяспечыў грунтоўнай прадмовай і каментарам кнігу М.Багдановіча “Стратим-Лебідь”. Гэта, па сутнасці, першы грунтоўны збор твораў класіка беларускай літаратуры за межамі нашай краіны.

Загадчык кафедры тэорыі літаратуры БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар, ганаровы сябра навукова-метадычнага савета Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Вячаслаў Рагойша выступіў з дакладам, у якім асвятляўся ўплыў беларускага паэта Максіма Багдановіча на фарміраванне эстэтычных поглядаў украінскіх літаратараў. У знак прызнання таго, што музей з’яўляецца адзіным месцам камлектавання і захоўвання прадметаў, звязаных з жыццём і творчасцю М.Багдановіча, спадар Рагойша перадаў у фонды каштоўнае выданне перакладаў вершаў “Вянка” на ўкраінскую мову Міхайлам Драй-Хмарам. Гэтае выданне з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю (1929 г.). Падарунак дапоўніць музейную калекцыю, у якой ужо ёсць кніга пераклада верша М.Багдановіча “Пагоня”, выдадзеную ўкраінскім паэтам У.Лучукам у 1991 годзе, а таксама кніга “Венок” на рускай мове, якая была перакладзена Браніславам Спрынчанам у 1985 годзе.

Прагучалі і прывітальныя словы да ўдзельнікаў канферэнцыі ад калег з Расіі — Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея М.А.Дабралюбава (г. Ніжні Ноўгарад) і мемарыяльнага Дома-музея Максіма Багдановіча, філіяла музея гісторыі горада Яраслаўля.

З грунтоўнымі навуковымі дакладамі выступілі ўсе ўдзельнікі канферэнцыі. На сумоўі былі прадстаўлены сем вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, а таксама згаданы раней Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, замежныя навучальныя ўстановы з Расіі, Украіны, Балгарыі…

Сапраўды, Максім Багдановіч і вядомы для нас і невядомы. Кожны раз знаходзіш новае ў вечнай спадчыне класіка беларускай літаратуры, адкрываючы для сябе паэта…

Ірына ШОРАЦ, вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча