Гадавы прыбытак — паўмільёна ў валютным эквіваленце

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Пра скансэн у суседзяў: інавацыі ды стратэгія музея
Старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага музея архітэктуры і побыту Украіны, кандыдат гістарычных навук Алег АНУФРЫЕЎ — удзельнік нядаўняй Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў”, што ладзіў у Мінску Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён прыехаў да нас, каб пераняць досвед калег і распавесці пра вынікі мадэрнізацыі музейнай справы ў сваёй установе. У выніку інавацыйных падыходаў яна за лічаныя гады павысіла колькасць наведвальнікаў у разы і, натуральна, выйшла на самаакупнасць.

/i/content/pi/cult/457/9663/13-1.jpg /i/content/pi/cult/457/9663/13-2.jpg

“К” не магла не зацікавіцца гэткім эфектыўным музейным крэатывам. (Скажам шчыра, было вельмі цікава параўнаць, як выглядае на фоне суседзяў наш скансэн у Строчыцы.) І ў выніку вось што распавёў нам старшы навуковы супрацоўнік украінскага музея пад адкрытым небам.

Навошта кантакты?

— Установа знаходзіцца ў сяле Пірагова пад Кіевам. Працую ў аддзеле “Карпаты”. Наша экспазіцыя прысвечана ўкраінскаму сялу. Скансэн лічыцца адным з лепшых не толькі ва Украіне, але і ва Усходняй Еўропе. І ён на сёння заўважна пераўтварыўся, бо мы вельмі інтэнсіўна працуем з еўрапейскімі калегамі, да прыкладу, з аналагічнай установай ў Стоўнхэджы. Канструктыўныя і даўнія стасункі і з венгерскім скансэнам Сентэнтра. Гэты горад пераўтварыўся ў творчую майстэрню мастакоў і скульптараў пад адкрытым небам: паўсюль — сувенірныя крамкі з нацыянальным каларытам, галерэі, музеі, адзін з іх — Музей Марцыпана…

Якія мэты ставілі, калі наладжвалі кантакты? Нам не ставала інавацыйных прыёмаў, каб не толькі годна прэзентаваць свой музей, але і (самае галоўнае!) як мага больш арганічна далучыць наведвальнікаў да нацыянальнай традыцыі.

Інавацыі і каранёвае

— У нашым музеі прадстаўлены ўсе шэсць гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Украіны. Тэрыторыя — больш за 150 гектараў. У шасці экспазіцыях — драўляная архітэктура, уласцівая толькі пэўнаму краю. Установа — багатая артэфактамі, бо ў агульнай калекцыі — больш за 75 тысяч экспанатаў. Дваццаць тысяч з іх прадстаўлены ў музеі, астатнія знаходзяцца ў фондах. І самае галоўнае — у нас надзвычай цікавыя архітэктурныя збудаванні. Гэта не рэканструкцыі, а арыгіналы, прывезеныя ў Пірагова з усіх куткоў краіны.

За апошнія два-тры гады ў наведвальнікаў, не толькі айчынных, але і замежных, карэнным чынам змянілася стаўленне да народнай культуры. У чым жа інавацыі? Калі ў двух словах, дык, напэўна, так: чалавек у нас павінен атрымаць якасны прадукт. Маю на ўвазе не годную арганізацыю знаёмства з экспанатамі. Мы рэканструявалі абрадавыя святы, якія ідуць ці не цягам усяго года. Стварылі шмат аўтэнтычных праграм.

Кожны абрад узноўлены да драбніц. Такім чынам і фарміруем у экскурсантаў светаадчуванне каранёвай культуры. Запрашаем лепшыя аматарскія аўтэнтычныя калектывы, а таксама — народных майстроў. Дарэчы, у нас захавалася нямала рамесніцкіх традыцый: пляценне з кукурузных сцяблоў, разьба, пісанкі, вышыўка. Уявіце, якое ўражанне атрымлівае госць, калі ў музейным вясковым антуражы ён чуе родную музыку, трымае ў руках прыдбаны глечык ды яшчэ і ўцягнуты ў абрадавую дзею! Інавацыяй падаецца і тое, што на тэрыторыі скансена — шмат цэркваў і ўсе яны дзейнічаюць.

Што варта прадумваць?

— Мы прадумалі рэкламна-сувенірную палітыку. Лішне казаць, што музейны сайт выкарыстоўваем напоўніцу. А свой лагатып абаранілі аўтарскім правам. Ён прысутнічае на сувенірах. Немалаважны нюанс: мы забаранілі прадаваць неаўтэнтычныя работы. Не знойдзеце вы ў нас і кітайскіх вырабаў. Музей мае мастацкую раду, і кожны майстар атрымлівае тут дазвол на рэалізацыю сваіх твораў. Такім чынам, паставілі заслону і глабалізацыі, і безгустоўшчыне.

Зрабілі шмат паслуг для дзяцей. Агульны праект называецца “У гасцях у Святога Міколы”. Дзятва знаёміцца з каляднымі традыцыямі. Ёсць вялікая тэатралізацыя з удзелам акцёраў у ролях анёлаў і бесянят. А ў спецыяльнай хатцы Святы Мікола частуе наведвальнікаў гарбатай на зёлках, раздае святочнае печыва: “мікалайчыкі”.

Няма праблем з аўтапаркоўкамі. Ёсць плошчы для правядзення майстар-класаў. У комплексе вырашана пытанне з харчаваннем. Працуе некалькі этнарэстаранаў, ёсць кулешня, шынок. Натуральна, кашы, напоі — украінскія, спрадвечна традыцыйныя. Словам, у нас з карысцю і цягам усяго дня бавяць час сем’ямі. Да паслуг жадаючых — электрамабіль.

Шэсць плюс адна

— І яшчэ адна інавацыя. Экспазіцыі пабудаваны такім чынам, што шэсць рэгіёнаў уяўляюць сабой суцэльныя вёскі. (Агляд кожнай з іх займае роўна гадзіну.) Але ж у музейных межах ёсць і сапраўднае сяло, дзе жывуць людзі і якое месціцца тут спрадвек. Госці ўстановы з вялікай ахвотай заходзяць і сюды. А вяскоўцы з не меншай цікаўнасцю займаюцца продажамі прадуктаў уласнай гаспадаркі…

З вясны і да позняй восені прымаем па дзясятку тысяч наведвальнікаў. Мы — дзяржустанова — сталі самакупнымі. Спецфонд дазваляе нам пашыраць экспазіцыі, укараняць інавацыі, аплачваць працу запрошаных народных калектываў з усёй Украіны. Урэшце, мы і па сёння закупаем драўляныя забудовы, вядзём навуковую і экспедыцыйную дзейнасць. Тым не менш, дзяржава падтрымлівае нас фінансава.

Цяпер пра перспектывы. У планах — далейшае інтэграванне ў прастору аналагічных устаноў у свеце. Яшчэ шмат рэзерваў для мадэрнізацыі. Да прыкладу, ёсць намер пашырыць аўдыёвідэавізуальныя магчымасці скансена. Ствараем і курс лекцый па краязнаўстве, які будзе суправаджацца тэматычнымі экспазіцыямі. У нас ёсць для гэтага выставачны комплекс з канферэнц-залай.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"