Гучны прэцэдэнт са Статутам ВКЛ

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Аналіз і асабістая ініцыятыва: яшчэ раз пра фандрайзінг
Вельмі карысна ўдумліва “пагуляць” па сайтах. Тым больш, калі ставіш перад сабой канкрэтную журналісцкую мэту. А яна наступная: аналіз набыцця музейных прадметаў з дапамогай прыватных ахвяраванняў, спонсарскіх уліванняў і ўласных сродкаў. Спецыялісты і аматары даўніны добра памятаюць, якую акцыю зладзіў Музей гісторыі горада Магілёва, каб сабраць і выкупіць за 45 тысяч долараў у чэрвені 2012-га Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Што і казаць, падзея была гучнай і для многіх — нечаканай. Як паўплываў прэцэдэнт на рост фандрайзінгавых ініцыятыў з боку іншых музейных устаноў рэспублікі?

/i/content/pi/cult/457/9661/12-1.jpg

/i/content/pi/cult/457/9661/12-2.jpg

Толькі адзін пункт меню

Адназначна можна сцвярджаць адно: Музей гісторыі Магілёва сярод абласных устаноў быў і застаецца лідарам неверагодных закупак. На афіцыйным сайце ўстановы, ёмістым і рознабаковым, нават канкрэтны пункт меню з’явіўся “Выкуп каштоўнасцей”. Каму цікава, зазірніце: надзвычай павучальна ў прафесійным плане. Адпаведная табліца паведамляе, што каштоўнасцямі музей пачаў прырастаць з красавіка 2011-га. Не без падтрымкі гарвыканкама былі набыты шабля-”касцюшкоўка”, камергерскі ключ Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Потым быў “Часоўнік” за 500 долараў і Статут ВКЛ — за 45 тысяч долараў. Не буду казаць, якім чынам кіраўнік установы Аляксей Бацюкоў “прымусіў” бізнесоўцаў і грамадскасць у аптымальныя для прыватнага прадаўцы тэрміны сабраць патрэбную суму — “К” пісала пра гэта неаднаразова. Галоўнае, як сцвярджае сам Бацюкоў, у тым, што створаным прэцэдэнтам быў зламаны стэрэатып пэўнай грамадскай пасіўнасці. Урэшце, калі мара становіцца “набыткам” вялікага кола аднадумцаў, яна абавязкова пераўтвараецца ў яву. Пагадзіцеся, вельмі выразная і прыгожая праява непадманнага патрыятызму.

На чарзе — “Біблія” Скарыны і “Апостал” Собаля

Потым у спіс выкупленых каштоўнасцей трапілі яшчэ адзін “Часоўнік”, два “Псалтыры”, набор старадаўніх паштовак, гравюр, “Вялікае мастацтва артылерыі” Казіміра Семяновіча. На сайце нават не паспяваюць табліцу набыткаў пашыраць. Натуральна, кантакты з калекцыянерамі вымагаюць віртуознасці ў маркетынгавых хадах і не заўжды ўсё атрымліваецца. Да прыкладу, эскіз да карціны Бялыніцкага-Бірулі “Веснавыя воды” (1930 г.) першым выкупіла з Польшчы прыватная асоба з Магілёва, а кнігу “Цудоўныя звесткі ад езуітаў з Беларусі” з Германіі — гэткая ж жвавая асоба з Масквы.

Але музейшчыкі, раз і назаўжды акрыленыя поспехам, і тут знайшлі кампраміс. Эскіз Бялыніцкага-Бірулі са згоды ўладальніка-земляка будзе часова выстаўляцца і ў музейных залах, а кнігу “Цудоўныя звесткі…” масквіч… падарыў установе. На маё пытанне, “Вы што, іх ахмураеце?”, дырэктар Музея гісторыі Магілёва сціпла адмоўчваецца.

І пра мары. Сайт з першай старонкі абвяшчае: “Музей мае магчымасць выкупіць у прыватных калекцыянераў фрагменты “Бібліі”, перакладзенай і выдадзенай Францыскам Скарынам у Празе (1518 г. “Кніга Царстваў”) і кнігу “Апостал”, выдадзеную Спірыдонам Собалем (1632 г., Куцейна)”. Фрагменты ўяўляюць з сябе лічаныя старонкі, аднак каштуюць каля 9 тысяч долараў. Але ж гэта Скарына! Кніжка Собаля ацэнена ў 10 тысяч долараў. Набыццё яе — справа гонару, бо твораў магілёўскага друкара на ягонай радзіме пакуль няма. Будзем спадзявацца, што з’явяцца. Грошы, па словах Бацюкова, на дабрачынны рахунак пачалі паступаюць…

І апошняя вытрымка з музейнага сайта (для дадатковага акцэнту на тое, чым жа ўстанова павінна займацца апроч іншых клопатаў): “Адным з асноўных кірункаў дзейнасці з’яўляецца пошук і пакупка ў прыватных асоб гісторыка-
культурных каштоўнасцей, адпаведных вядучай экспазіцыйнай тэматыцы — “Магілёў эпохі Магдэбургскага права”, а таксама помнікаў, што рэпрэзентуюць дух спадчыны Магілёва і Беларусі”. Усё вельмі проста, спадарове: словы адпавядаюць справам.

Спонсарства бывае розным

А што ў Гомелі? Галоўны захавальнік фондаў тамтэйшага Палацава-паркавага ансамбля Таццяна Шода паведаміла “К”, што толькі за кастрычнік пры фінансавай падтрымцы спонсараў установа набыла найкаштоўнейшыя прадметы музейнага значэння.

Такім чынам папоўніліся калекцыі археалогіі і сучаснага выяўленчага мастацтва (жывапіс Уладзіміра Лосева). Дабрачынныя спонсарскія ўкладанні ў развіццё музейнай справы склалі за кастрычнік амаль адзінаццаць мільёнаў рублёў.

А ўвогуле, Гомельскі палацава-паркавы прыдбаў для сваіх экспазіцый цікавыя і каштоўныя прадметы мэблі XIX стагоддзя, гадзіннік… Шмат прадметаў перадалі ў дар музею і наведвальнікі. Сярод апошняга бязвыплатнага паступлення — калекцыйны комплекс больш са ста найменняў: фотаздымкі, дакументы, прадметы. І гэта таксама спонсарства.

Ці патрэбны акварэлі Маркоўскага?

Яшчэ адзін вынік сайтавых вышукаў. Гэтым разам справа тычыцца гісторыі Гродна. Сеціва паведамляе, што на польскім аўкцыёне можна набыць пяць акварэлей малавядомага мастака Вацлава Маркоўскага, што нарадзіўся ў Сапоцкіне. Мастак — малавядомы, але на малюнках 1942 — 1943 гадоў — гродзенская тэматыка: Нёман, Замкавая гара, Бернардынскі ды Францішканскі касцёлы, Каложа. Гісторык Андрэй Вашкевіч запэўнівае на адным з сайтаў, што Гродна ў тыя часы малявала не так шмат людзей, таму не варта іх ігнараваць. Каштуюць акварэлі пад два мільёны беларускіх рублёў. “Дапамагчы набыць ўнікальныя карціны Гродзенскаму гісторыка-археалагічнаму музею, — рэзюмуюць у Сеціве, — маглі б спонсары альбо гарадскія ўлады. Інакш малюнкі так і застануцца ў Польшчы альбо назаўжды патрапяць у рукі прыватных калекцыянераў”. Цяжка не пагадзіцца.

Звязваюся па тэлефоне з дырэктарам Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрыем Кітуркам, высвятляю яго стаўленне да набыцця каштоўнасцяў. Юрый Віктаравіч даволі спакойна заўважыў, што акварэлі Маркоўскага ўжо хтосьці выкупіў і дадаў, што каштоўнасцей для музейнага набыцця ў Беларусі няма. Кажу: “Дык гаворка ж пра замежжа. Вось і музейшчыкі Магілёва шмат чаго адтуль набываюць”. Мо ў наступным годзе, што і ў нас атрымаецца, паабяцаў кіраўнік музея з Гродна. А пакуль, па словах Юрыя Кітуркі, сёлета абласны бюджэт мэтава выдаткаваў 200 мільёнаў для набыцця твораў сучаснага мастацтва. Вось іх гісторыка-археалагічны музей і закупае…

На афіцыйным сайце гродзенскай установы, між іншым, пункт “Выкуп каштоўнасцей” у меню адсутнічае. Тэндэнцыя? Не хацелася б...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"