Такая бяда здарылася з членам Беларускага саюза мастакоў Фёдарам (Францам) Ястрабам. Сёлета творцу споўнілася шэсцьдзесят. Азіраючыся назад, яму ёсць чым ганарыцца. Ястраб — арыгінальны жывапісец. Ягоныя рэалістычныя работы з ухілам у дэкаратывізм радуюць вока дасведчанага гледача. У жывапісе мастак дасягнуў той мяжы, калі колер прывязаны да формы, але сутнасна з’яўляецца самадастатковым.
Свой творчы досвед ён перадаваў вучням. Фёдар Ястраб выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. У значнай ступені ягонымі намаганнямі наша Нацыянальная бібліятэка стала прэстыжнай выставачнай пляцоўкай, дзе грамада можа азнаёміцца з перспектыўнымі кірункамі беларускага выяўленчага мастацтва.
Асабіста я ведаю Фёдара Ястраба з сярэдзіны 80-х. Не магу сказаць, што ведаю блізка, але дастаткова, каб мець меркаванне пра ягоную творчасць, інтэлект і арганізатарскія здольнасці. Я сустракаўся з ім на вернісажах, на абмеркаваннях выставак і іншых творчых сумоўях. У адрозненне ад тых мастакоў, якія засяроджаны на ўласных турботах, творчага ці побытавага характару, якіх не цікавіць жыццё за сценамі майстэрні, Фёдар Ястраб бярэ да галавы і сэрца ўсё, што адбывалася ў выяўленчым мастацтве і сумежных сферах. Яго, прынамсі, вельмі хвалюе тая акалічнасць, што рынак, надаўшы творцу новыя магчымасці для самавыяўлення, разам з тым, рэальна пагражае прафесіяналізму ў мастацтве. Бо не кожны мастак, асабліва ў крытычным фінансавым стане, ахвочы пераконваць не надта адукаванага замоўцу, даводзіць яму сваю правату. Значна прасцей падладжвацца пад чужы густ. Можа з гэтай прычыны Ястраб і пайшоў ў галерэйна-выставачную справу — каб мець магчымасць уплываць на сітуацыю: дапамагаць тым, чыя творчасць вартая грамадскага розгаласу і маральнай падтрымкі. Асабліва калі гаворка ідзе пра маладыя таленты, якія яшчэ не маюць трывалых арыенціраў у мастацтве і жыцці.
Калі ў чалавека ёсць талент, ён адбіваецца ва ўсім. Мастак Фёдар Ястраб піша вершы. І, далібог, яны не горшыя за ягоныя карціны. Зрэшты, ён добразычлівы і кантактны чалавек. Гэтыя якасці характару дазваляюць яму добра выконваць сваю працу на пасадзе загадчыка галерэйна-выставачнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Ён з тых людзей, чый плён працы — відавочны, а вымушаная адсутнасць у культурным працэсе — заўважная.
Фёдар Ястраб хварэе на бакавы аміятрафічны склероз. Гэта даволі рэдкае неўралагічнае захворванне. Штогод выяўляюцца адзін — два выпадкі на сто тысяч чалавек. У Беларусі такі дыягназ маюць 12 асоб, у суседняй Расіі — 600. Хвароба лічыцца невылечнай, але добры нагляд і пэўныя медыцынскія працэдуры могуць падоўжыць людзям жыццё. Зразумела, што на гэта патрэбны грошы… Цяпер Фёдару Адамавічу цяжка размаўляць і хадзіць. Сродкі патрэбны для таго, каб адправіць мастака у замежную клініку.
Адкрыты дабрачынныя рахункі ў філіяле № 529 ААТ “Беларусбанк”: г. Мінск, праспект Незалежнасці, 56; УНП 100348175; МФО 153001720
— беларускія рублі — транзітны рахунак № 3819382100776 на дабрачынны рахунак № 000051 у аддзяленні № 529/127, бестэрміновы;
— долары ЗША — транзітны рахунак № 3819382102596 на дабрачынны рахунак № 000052 у аддзяленні № 529/127, бестэрміновы;
— еўра — транзітны рахунак № 3819382102596 на дабрачынны рахунак — № 000053 у аддзяленні № 529/127, бестэрміновы;
— расійскія рублі — транзітны рахунак № 3819382102569 на дабрачынны рахунак № 000054 у аддзяленні № 529/127, бестэрміновы.
Прызначэнне плацяжу: для залічэння на дабрачынны рахунак на імя Ястраб Ірыны Мікалаеўны для лячэння Ястраба Франца Адамавіча.
У Інтэрнэце таксама адкрыты электронныя кашалькі плацежных сістэм: Webmoney: WMID 423670940515; Easypay: 48305348 на імя Ястраб Ф.А.