Проста праз відэа

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Як пашырыць беларускую літаратуру ў сацыяльных сетках?
У Сеціве набірае папулярнасць сацыяльна-культурны праект “Litara-A”. Яго сутнасць: у суполках сацыяльных сетак выкладваюць якаснае відэа з добрым музычным аздабленнем, дзе чытаюцца вершы на роднай мове. Пра “Litara-A” распавялі настаўнік беларускай мовы і літаратуры, мадэль Дзяніс БУРКО і кіраўнік студыі відэапрадакшну “Zvonka” Павел ДОЎНАР.

/i/content/pi/cult/457/9659/8-3.jpg

/i/content/pi/cult/457/9659/8-4.jpg  /i/content/pi/cult/457/9659/8-5.jpg

Пра ідэю

Павел ДОЎНАР: — У нашай краіне, наколькі ведаю, было некалькі падобных праектаў, але яны не набылі папулярнасць. На расійскіх тэлеканалах, напрыклад, ёсць пэўныя праграмы, дзе медыйныя персоны чытаюць вершы. Такія акцыі прымеркаваны да розных святаў. Мы ж хацелі зрабіць так, каб беларуская літаратура атрымала новы імпульс цікавасці з боку патэнцыйных чытачоў.

Дзяніс БУРКО: — Калісьці Аскар Уайльд сказаў, што раней літаратуру стваралі паэты і мастакі слова, чыталі чытачы, зараз жа ствараюць чытачы — і, нярэдка, ніхто не чытае… Галоўная мэта нашага праекта — павысіць цікавасць людзей да набыткаў сусветнай і айчыннай літаратуры. “Litara-A” — гэта літаратура па-беларуску, сярод якой — замежныя творы ў беларускіх перакладах. Напрыклад, запісалі відэа з вершам Роберта Бёрнса “Макферсан перад смяротным пакараннем” у перакладзе Язэпа Семяжона.

П.Д.: — Цяпер у праекце ўдзельнічае моладзь. Але плануем зацікавіць шырокую аўдыторыю, людзей сталага ўзросту. А форма падачы тэксту праз відэа, мяркую, больш выйгрышная для пашырэння беларускамоўнай літаратуры.

Д.Б.: — Мы таксама публікуем вершы ў суполцы, каб падпісчыкі не сумавалі, пакуль чакаюць чарговае відэа. Ёсць творы, якія людзі дасылаюць з прапановай іх агучыць. Чытаем літаратуру рознай скіраванасці і розных аўтараў. Ужо запісалі відэавершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Максіма Танка, Ларысы Геніюш, Яўгеніі Янішчыц, Дануты Бічэль-Загнетавай, Анатоля Сыса…

Пра рэальную прастору

П.Д.: — Плануем прэзентацыю праекта. Зараз думаем над формай: як да яе падысці, каб зацікавіць людзей, прыцягнуць айчынных аўтараў, магчыма, знайсці нейкія новыя кантакты для супрацоўніцтва. Глядзіш, раптам прыйдзе кіраўнік Мінскага метрапалітэну і скажа: “Нас зацікавіў ваш праект — такі сацыяльны, круты. У нас беларуская мова ў метро гучыць і вы па-беларуску чытаеце — давайце сябраваць... ”. Ці мы да яго падамося…

Д.Б.: — Памятаю, у пецярбургскім метро бачыў чатырохрадкоўі знакамітых аўтараў, таго ж сярэбранага стагоддзя рускай паэзіі, штосьці такое было і ў нас з купалаўскімі вершамі. Мяркую, “Litara-A” — культуралагічны праект, які можна таксама вынесці па-за межы Сеціва...

Пра рэгіёны

Д.Б.: — Гэта павінны быць не толькі сталічныя жыхары, хочацца, каб да ініцыятывы далучыліся і іншыя гарады. Напрыклад, нядаўна са сваім відэа да нас звярнуўся хлопец з Магілёва.

П.Д.: — Тут пытанне толькі ў тэхнічных момантах, аднак зараз амаль у кожнага ёсць тыя ж ноўтбукі з вэб-камерамі або смартфоны... Можа, такое відэа будзе і не лепшай якасці, але калі чалавек добра, пранікнёна прачытае літаратурны твор, дык чаму б і не? У планах — сабраць вялікую колькасць людзей, якія паўдзельнічалі б у праекце: ад дзіцяці, што пайшло ў школу, да бабулі і дзядулі з вёскі…

Пра мясціны

П.Д.: — Калі ствараем відэа, шукаем адпаведнае месца для здымак, спрабуем зрабіць так, каб усё перадавала атмасферу верша. Магчыма, надалей будзем рабіць кадры з гістарычнымі мясцінамі на фоне. Ёсць адзін верш, які хочам прачытаць на руінах Навагрудскага замка, але пакуль мы туды не даехалі...

Д.Б.: — Беларусь насычана адметнымі мясцінамі, мо ў перспектыве будзем рабіць запісы, “прывязаныя” да іх. Можна здымаць у той жа коласаўскай Мікалаеўшчыне або купалаўскай Вязынцы… Пакуль што гэта ідэі, але менавіта так добрыя рэчы і нараджаюцца.

Пра далейшае

П.Д.: — Яшчэ плануем стварыць каляндар знакавых дат, угодкаў і да іх прымяркоўваць відэа: каб да пэўнага свята было апублікавана некалькі відэавершаў.

Д.Б.: — Таксама на перспектыву — супраца з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча. Гэта пакуль не дакладна, але з намі скантактавалася жанчына, якая супрацоўнічае з установай, і зараз мы абмяркоўваем праект: плануем зняць відэа ў музеі з яго супрацоўнікамі, прымеркаванае да 100-годдзя з часу выхаду “Вянка”...

На здымках: удзельнікі праекта “Litara-A”.