Транспарт вам у рукі!

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Ну што, фанаты сучаснай украінскай музыкі, а канкрэтна — прыхільнікі творчасці гурта "Акіян Эльзы", падрыхтаваліся да таго, каб хутчэй пазбавіцца ад будучых прыемных эмоцый, якія вы атрымаеце ад заўтрашняга з’яўлення вашых улюбёнцаў ў сталічнай "Мінск-Арэне"? Пра што гэта ён, спытаеце вы? Ды пра набалелае: прыклад не аднаго і нават не двух падобных мерапрыемстваў, якія праходзілі на буйной пляцоўцы, сведчыць: па завяршэнні выступлення фанатаў можа чакаць непрыемны сюрпрыз. А менавіта — перапоўнены грамадскі транспарт, які ідзе строга па раскладзе вячэрнім. І ніякіх дадатковых машын.

Падрыхтаваліся? І, відаць, дарэмна! Бо ў канцэртным агенцтве "Allstars" строгі жаночы голас, праўда, з далёка не самай задаволенай інтанацыяй мяне запэўніў: дадатковы транспарт будзе! Я ўжо хацеў быў палка ад свайго імя ды ад усіх меламанаў падзякаваць пракатчыкам за праяўлены, лічы, гуманізм, але той жа голас з не меншай непрыязнасцю пацікавіўся, а якога-такога мяне хвалюе гэтая нібыта праблема? Я пачаў казаць пра прэцэдэнты, пра скаргі гледачоў, але быў перапынены голасам мілай дамы з інтанацыяй , маўляў, "узяць бы ўсіх журналістаў ды...": маўляў, агенцтва заўсёды ахоўвае інтарэсы публікі і праколаў з транспартам у яго дзейнасці не здаралася. А калі не веру, магу спытаць пра тое, напрыклад, Філіпа Бядросавіча Кіркорава, якога яны "каталі" і які ўжо сапраўды не падмане.

Карацей кажучы, “канструктыўна” пагутарылі. Што ж да інтанацый, у тым, магчыма, вінаваты райдэр лідара "Акіяна..." Святаслава Вакарчука ці яшчэ што? Тым не менш, вырашыў я звязацца і з Дзяржаўным прадпрыемствам "Мінсктранс" і спытаць, а як наогул заказваецца "лішні" (а ў нашым выпадку — дадатковы) транспарт пад канцэрты "майстроў мастацтваў" розных краін на буйных пляцоўках? Добразычлівы жаночы голас з інтанацыяй "як жа я засумавала па тэлефанаваннях з газеты "Культура"!" ветліва, падрабязна і даходліва распавёў мне, што, у асноўным, дадатковымі "машынкамі" ў такіх выпадках займаецца ДУ "Сталічны транспарт і сувязь", але і структура, у якой служыць мая суразмоўца, таксама перыядычна аказвае падобнага кшталту паслугі. Як правіла, для арганізатараў мерапрыемстваў яны бываюць платнымі, аднак, часам, у асабліва значных выпадках і па асобых распараджэннях кіраўніцтва, транспарт прадастаўляецца бясплатна. Падзякаваўшы за тлумачэнні і надзвычай прыязную інтанацыю, я сеў "чарціць" графік прычын падачы — непадачы дадатковага транспарту.

Усё вельмі проста, як спявае Андрэй Макарэвіч. Калі арганізатар канцэрта паважае гледачоў, ён пойдзе на тое, каб выдаткаваць на іх частку сваіх сумленна заробленых грошай. Або — уключыць у цану білетаў суму, якая выдаткоўваецца ў яго на дадатковы транспарт. Калі арганізатар не надта паважае гледачоў, то на дастаўку іх дадому яму, як кажуць, глыбока фіялетава. У першым выпадку публіка абавязкова аддасць належнае і транспартнікам, у другім — "праблему" пачнуць "футболіць" ад адной структуры да іншай (арганізатары — зала — транспарт), хоць тыя самыя ДП з ДУ тут ужо, сапраўды, будуць ні ў чым не вінаватыя.

Веру ў тое, што пасля сэта "Акіяна Эльзы" 8 снежня (а білетаў у продажы ўжо няма) аматары року не стануць штурмаваць перапоўненыя тралейбусы і аўтобусы на прыпынку ля "Мінск-Арэны". І не ўспомняць нядобрым словам тых, хто стварыў для іх "свята".

P.S. Калі каго пакрыўдзілі ацэначныя меркаванні, дапушчаныя мной, то прыношу за іх свае прабачэнні.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"