Шматкроп’е на месцы Мінскага замчышча

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Сярэднявечча і пластыкавы посуд — чыя возьме?
Яшчэ на пачатку мінулага тыдня канцэпцыя музеефікацыі Мінскага замчышча здавалася вызначанай і зразумелай. У СМІ даўно і шырока анансаваўся праект вядомага архітэктара Сяргея Багласава, агучваліся і тэрміны яго рэалізацыі. Спярша яны дастасоўваліся да Чэмпіянату свету па хакеі, потым адсунуліся з той самай прычыны — што яўна да лепшага. Стала зразумела, што адужаць такі аб’ект “аўральнымі тэмпамі” проста немагчыма, таму старт быў адкладзены на “пасля 2014”, каб не радаваць гасцей будаўнічай “разрухай” у самым цэнтры сталіцы. м

Яшчэ на пачатку мінулага тыдня канцэпцыя музеефікацыі Мінскага замчышча здавалася вызначанай і зразумелай. У СМІ даўно і шырока анансаваўся праект вядомага архітэктара Сяргея Багласава, агучваліся і тэрміны яго рэалізацыі. Спярша яны дастасоўваліся да Чэмпіянату свету па хакеі, потым адсунуліся з той самай прычыны — што яўна да лепшага. Стала зразумела, што адужаць такі аб’ект “аўральнымі тэмпамі” проста немагчыма, таму старт быў адкладзены на “пасля 2014”, каб не радаваць гасцей будаўнічай “разрухай” у самым цэнтры сталіцы.

Муляж ёсць муляж

Найстарэйшыя будынкі сучаснага Мінска датуюцца пачаткам XVII стагоддзя. Археалагічных экспазіцый, якія б “пашыралі далягляды мінуўшчыны” музейнымі сродкамі, пакуль няма ўвогуле. Гэта значыць, што першыя 600 гадоў гісторыі цяперашняй “самай чыстай сталіцы Еўропы” пакуль поўнасцю застаюцца “па-за кадрам”. І таму важнасць увядзення замчышча Менеска ў турыстычны ўжытак проста немагчыма пераацаніць. Дый не толькі турыстычны, але і ментальны!

Ідэя музеефікацыі замчышча паўстала яшчэ ў 1980-я, калі там праводзіў раскопкі знакаміты археолаг Георгій Штыхаў. Мама вадзіла мяне туды за ручку на экскурсію, і пачарнелае бярвенне малюткіх дамкоў на вузкіх вулачках я бачыў на ўласныя вочы. Потым раскоп стаў “закопам” — грошай на музей тады не знайшлося. Сёння нехта сцвярджае, што ад тых артэфактаў ужо нічога не засталося, але… замест бясплённых дыскусій, тут самы час згадаць выраз “ускрыццё пакажа”.

Натуральна, у часы незалежнасці пытанне паўстала наноў — прычым куды больш сур’ёзна. У выніку, з’явіліся тры канцэпцыі запаўнення той семантычнай пусткі ў цэнтры Мінска. Кожная з іх мае як плюсы, гэтак і апісаныя Кузьмой Бартковым флюсы. Згадаем пра іх у адвольным парадку, свядома абмінуўшы ўвагай чацвёртую, якая заклікае ўвогуле не чапаць сфармаваны некалькі дзесяцігоддзяў таму архітэктурны ансамбль.

Сяргей Багласаў прапаноўваў падзяліць ацалелую ад забудовы тэрыторыю на тры функцыянальныя зоны: чыста музейную (археалагічны амфітэатр з парэшткамі сапраўдных вулачак сярэднявечнага Менеска), “поп-музейную” (муляж тых самых вулачак на месцы сённяшняга Дома фізкультуры, дзе ніякай археалогіі ўжо не захавалася) і чыста рэкрэацыйную (архітэктар, на сваю бяду, ужыў у эксплікацыі слова “балаганчык”, якое тут жа падхапілі ягоныя апаненты і сталі беспадстаўна таўраваць ім увесь праект).

Відавочным плюсам гэтай задумы падаецца добра артыкуляваная папулярызатарская функцыя. Што ні кажы, але “сярэднестатыстычны” наведвальнік музея аддае эмацыйную перавагу сучасным муляжам даспехаў (асабліва калі ў іх можна ўлезці для фотасесіі), а не тым лічаным колцам, што захаваліся ад сапраўднай кальчугі і дэманструюцца пад шклом. Іх “мыльніцай” на аўтарэжыме не сфатаграфуеш і на сябе не прымерыш.

Падобна, менавіта з тых самых меркаванняў у Кіеве зрабілі макет Залатой брамы, ад арыгінала якой ацалела хіба пару цаглінак. З навуковым “падмуркам” была тая самая бяда, што і ў Багласава — для паўнавартаснай рэканструкцыі дадзеных яўна недастаткова, і муляж атрымаўся гіпатэтычным. Бярвенні дзеля зручнасці цыліндраваліся на сучасным абсталяванні, а прылеглую тэрыторыю і ўвогуле аддалі “на водкуп” фаст-фуду — што куды больш брутальна за стылізаваны пад Сярэднявечча “балаганчык”. Але турысты ўсё адно ахвотна фатаграфуюцца на фоне “помніка”, старанна абмінаючы ў відашукальніку рэкламу марозіва з тэнта яткі, размешчанай ледзь не ўсутыч да брамы. І толькі “рэдкая птушка” купіць білецік ды пойдзе ўнутар глядзець на археалагічныя “выкапні”.

Мінусы праекта Сяргея Багласава ўжо даўно і, як падаецца, збольшага слушна (хай сабе, і занадта эмацыйна) акрэслілі яго апаненты. Муляж ёсць муляж — нават без залежнасці ад таго, ці заўсёды гэтае слова сінанімічна тэрміну “прафанацыя”. Да таго ж, у сучасным урбаністычным асяроддзі, што даўно і, мабыць, незваротна атачае замчышча, фрагмент сярэднявечнага гораду выглядаў бы дзіўнавата.

— У гэтым праекце ёсць рацыянальная ідэя стварэння падземнага археалагічнага музея, — кажа Ігар Чарняўскі. — Што ж да рэканструкцыі забудовы Менеска XI — XII стагоддзяў, то, як на маю думку, рабіць гэтага не варта, бо ў асяроддзі сучаснай сталіцы драўляныя дамкі раннесярэднявечнага горада — а тым больш храм (матэрыялаў пра яго амаль няма), будаўніцтва якога, па меркаванні некаторых даследчыкаў, не было нават завершана — будуць выглядаць празмерна бутафорскімі і штучнымі.

Архітэктурная секцыя Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прапанавала зусім іншы праект, які прадугледжваў рэгенерацыю забудовы Замчышча канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Плюсы — навуковая абгрунтаванасць (кожны з будынкаў аўтары праекта меркавалі “паставіць” менавіта туды, дзе ён некалі і стаяў), а таксама паўстанне яшчэ аднаго фрагмента “староўкі”, які ў Мінску наўрад ці будзе залішнім. Мінус толькі адзін, але мне ён падаецца прынцыповым. Гэты аб’ект ніяк не стасуецца з раннім Сярэднявеччам — тым перыядам гісторыі Менеска-Мінска, увасаблення якога акурат і бракуе ў сучасным абліччы горада. Пагатоў, падобныя ўчасткі рэканструяванай забудовы (трохі болей аўтэнтычнай за суцэльны навабуд) у нас і так ужо ёсць. Літаральна праз рэчку ад замчышча — Траецкае прадмесце, чыё няпэўнае функцыянальнае прыстасаванне і пагэтуль выклікае шчырае недаўменне ў замежных турыстаў.

Выйсце альбо кампраміс?

Урэшце, перамог трэці канцэптуальны падыход, упершыню шырока агучаны на нашых старонках у свой час яшчэ адным мэтрам архітэктуры Армэнам Сардаравым. “Парадаксальна, але мая прапанова: не будаваць нічога. Нічога такога, што зробіць гэтае святое месца штучным, нова-будаўнічым, несапраўдным” — пісаў ён. Чатыры гады таму такая ідэя не знайшла падтрымкі членаў Рады, але цяпер яны змянілі сваю пазіцыю. Мабыць, не без уплыву таго ўрбаністычнага атачэння, што “ўзяло ў абцугі” тэрыторыю замчышча.

— У межах вызначанай горадабудаўнікамі рэкрэацыйнай зоны метадамі добраўпарадкавання і з выкарыстаннем малых архітэктурных форм варта было б стварыць культурны парк, які выканае функцыю своеасаблівага “шарніра” паміж аб’ёмам Траецкага прадмесця і Верхняга горада ды сучаснай гарадской забудовай, — кажа Ігар Чарняўскі.

У дадатак, гэты падыход можна лічыць і кампрамісам паміж першымі двума, своеасаблівай адтэрміноўкай прыняцця канчатковага рашэння. Бо куды прасцей забудаваць тэрыторыю парка, чым стварыць парк на месцы капітальнай забудовы.

— Тым самым можна захаваць тэрыторыю замчышча для наступных пакаленняў, якія, напрацаваўшы большы аб’ём інфармацыі і паглыбіўшы свой досвед у методыцы работы з гістарычнымі аб’ектамі і тэрыторыямі, урэшце, маючы належныя сродкі для рэалізацыі такога праекта, здолеюць знайсці дастаткова адэкватнае ўвасабленне гэтага важнага ў гісторыі не толькі Мінска месца,  — кажа Ігар Чарняўскі.

У той самы час, найважнейшая частка праекта ўсё ж мае стаць канстантнай. Ідэя стварэння на замчышчы археалагічнага музея актуальнасць не страціла.

— Што можна будзе ўбачыць у такім музеі? — разважае Ігар Чарняўскі. — Натуральна, перадусім артэфакты, знойдзеныя ў культурных пластах замчышча падчас раскопак: драўляныя маставыя і рэшткі пабудоў, скураны абутак, кераміка, вырабы з металу, дрэва і г.д. Але сёння гэтага ўжо, мабыць, замала, каб уразіць патрабавальную публіку. Наведвальнік павінен апынуцца ў атмасферы даўняга горада, магчыма, адчуць нават яго пахі, стаць сведкам бітваў, убачыць водбліскі пажару. У цяперашнюю эпоху, з яе тэхналагічнымі магчымасцямі, гэта зусім не падаецца фантастыкай. Падобныя музеі ўжо існуюць у свеце. Пэўнай аналогіяй могуць быць, скажам, “Сутарэнні Рынку” ў Кракаве.

У спадзяванні на першы крок?

Але гэта ўсё — у перспектыве. Сёння тэрыторыя замчышча — гэта своеасаблівая сэнсавая лакуна ў самым цэнтры мегаполіса. Аднак, як кажуць у народзе, такое месца пустым не бывае. У цёплую пару тут з’яўляюцца тыя самыя фастфудаўскія яткі з ультрадэмакратычнымі коштамі на алкаголь у разліў. І папіваючы той ці іншы напой са “шляхетнага” пластыкавага посуду, ты адчуваеш сябе нават большым снобам за наведвальніка якога псеўдаэлітарнага клуба. Хаця наўрад ці твае чырвонатварыя суседзі ведаюць, у чым заключаецца асаблівасць гэтага месца. Што, зрэшты, заканамерна: пра яго гісторыю тут пакуль нічога і не нагадвае. Яшчэ нядаўна былі малаўцямныя выявы гаршчкоў і шлемаў у падземным пераходзе, але падчас яго капрамонту яны зніклі. Адпаведна, тыя госці, якіх чакаем у маі 2014-га, могуць і не даведацца, што яны прыехалі ў горад з амаль тысячагадовай гісторыяй.

Натуральна, да пачатку Чэмпіяната ўжо занадта мала часу, каб кардынальна вырашыць гэтую праблему, ды і не адна дзіда яшчэ будзе зламана ў дыскусіях адносна архітэктурнага вырашэння рэкрэацыйнай зоны. Гэта правільна: спяшацца тут не выпадае. Але зусім іншая справа — хаця б часовае аблічча замчышча. Тут варыянтаў можа быць процьма — ад банальнай дэманстрацыі макета старых вулак (канешне, не ў натуральную велічыню), абароненага супрацьвандальным шклом, і да стварэння пляцоўкі для мастацкіх альбо дызайнерскіх праектаў — узімку са льду, улетку, напрыклад, з кветак. Урэшце, можна хаця б абмежавацца інфармацыйнымі матэрыяламі на розных мовах. Ды і летняя кавярня нікому не перашкаджае — але крышачку з іншай канцэпцыяй…

Мінскае замчышча нечым нагадвае свяшчэнную карову ў Індыі — яе ўсе шануюць, але ніхто не корміць ды не даглядае, у адрозненне ад нашай свойскай жывёлы. І пакуль энтузіясты змагаюцца з добрым у імя лепшага і вынаходзяць неймаверныя пражэкты, рэальна на замчышчы валадараць аматары піва.

Зразумела, што ідэя поўнай рэгенерацыі замчышча — гэта ўтопія. Альбо нават антыўтопія, зважаючы на “антрапагенны фактар” — дзясяткі тысяч “простых маглаў”, якія штодня рушаць праз тыя мясціны на працу і назад. Ніхто і ніколі не будзе змяняць рэчышча транспартных рэк альбо зносіць высотныя дамы на праспекце Пераможцаў. Але што перашкаджае зрабіць хаця б некалькі канкрэтных крокаў у накірунку адраджэння памяці пра “калыску” Мінска?