Фігуратыўная карціна ў заняпадзе? Так, але...

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

У канферэнц-зале Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Сюжэтна-тэматычны твор. Яго лёс і сучасны стан у выяўленчым мастацтве”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускі саюз мастакоў, ягоная секцыя мастацтвазнаўства і крытыкі. Канферэнцыя была прысвечана пытанням развіцця вызначальных для беларускага мастацтва ў ХХ ст. накірункаў, актуальнасці творчых пошукаў айчынных майстроў.

Гаворка пра лёс і цяперашні стан сюжэтна-тэматычнай карціны для беларускага выяўленчага мастацтва надзённая. Сёння гэты жанр, дзе працягваюцца і выяўляюцца лепшыя традыцыі рэалістычнага жывапісу, вызначаецца сацыяльная і грамадская пазіцыя творцы, патрабуе пільнага разгляду і аналізу.
І вось чаму. У 1990-ыя гады, калі пад уплывам пафасу перабудовы змянілася наша быццё, мастакі на нейкі час кінуліся ў публіцыстыку, пачалі ствараць работы ў духу выкрывальнага рэалізму, каб ацаніць тое, што адбываецца навокал. Але праз некаторы час такая форма мастацкай дзейнасці пачала раздражняць як гледачоў, так і выканаўцаў. Усё часцей гучала думка, што не можа быць усё так дрэнна. А жаданне бачыць аптымістычныя або проста прыгожыя карціны, цяга да атрымання станоўчых, радасных эмоцый паступова вярнулі творчасць да яго ранейшага прызначэння: дэкларатыўная функцыя саступіла месца эстэтычнай.

 /i/content/pi/cult/145/965/Figuratyuny zhyvapis.jpg

Але пытанне засталося: які накірунак вызначальны для сучаснага выяўленчага мастацтва? Наколькі эстэтыка постмадэрнісцкай “безадказнасці” адэкватная артыкуляцыі сённяшняга часу? З пачатку 2000-х гадоў мастакі адчувальна павысілі патрабаванні да пластыкі, да выбару тэм і сюжэтаў сваіх работ. Многія майстры разумеюць творчасць не толькі як адлюстраванне розных форм, фактур, эксперыментаванне ў пластыцы і кампазіцыйнай будове, але і як расстаноўку сэнсавых акцэнтаў, апавяданне аб падзеі, вызначэнне праблемы. У мастацтве наноў адбыўся паварот да фігуратыўнай карціны, і гэтая сітуацыя вымагае грунтоўнага мастацтвазнаўчага асэнсавання.
Менавіта гэта і паспрабавалі зрабіць удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі. Тэматыка дакладаў была вельмі шырокай. Урокі гісторыі разглядаў доктар мастацтвазнаўства, намеснік дырэктара па навуковай працы ІМЭФ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валерый Жук. Трансфармацыя творчай стратэгіі беларускіх мастакоў у сюжэтна-тэматычнай карціне стала тэмай размовы прарэктара БДАМ Міхася Баразны. Мастацкі крытык Таццяна Цюрына выступіла з праблемай распрацоўкі тэмы і сюжэта ў сучаснай шматфігурнай карціне. Аб паняцці сюжэтна-тэматычнага твора ў адносінах да скульптуры разважала вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Алена Шапашнікава. Наватарскія магчымасці сучаснага тэматычнага твора разглядала старшыня секцыі мастацтвазнаўства і крытыкі БСМ Наталля Шаранговіч.
Актуалізаваў патрабаванні да мастака першай чвэрці ХХІ ст. дацэнт БДАМ Яўген Шунейка. Галоўны рэдактар часопіса “Мастацкая адукацыя і культура” Любоў Раманенка падвяла вынікі гаворкі ў выступленні, дзе разглядала мастака ў культурна-гістарычнай дынаміцы.
Сюжэтна-тэматычная карціна — вельмі своеасаблівая з’ява менавіта савецкага выяўленчага мастацтва. Сам тэрмін узнік у савецкім мастацтвазнаўстве ў 1930-ыя гады для тэарэтычнага апраўдання змен, што адбыліся ў мастацкай практыцы. На працягу доўгага перыяду такая карціна разглядалася то як вяршыня сацыялістычнага рэалізму, то станавілася прадметам крытыкі. Сюжэтна-тэматычная карціна, у адрозненне ад традыцыйных жанраў з іх камернасцю і немагчымасцю адлюстраваць “пафас часу”, павінна была валодаць манументальнасцю, маштабнасцю задумы і ідэйнасцю.
Пейзаж разглядаўся як жанр другарадны і ў пэўнай ступені рэакцыйны, які адцягвае ўвагу мастака ад стварэння “пралетарскай рэалістычнай карціны”.
У “афіцыйным” жывапісе растварыліся ўсе асноўныя жанры: бытавы, гістарычны, батальны, кампазіцыйны партрэт, нацюрморт і да т. п. Такім чынам быў створаны своеасаблівы мастацкі прадукт сацыялістычнай эпохі пад назвай “сюжэтна-тэматычная карціна”. Яна заняла вядучае месца на выстаўках, перш за ўсё набывалася і вышэй за ўсё аплачвалася дзяржавай.
Сітуацыя гэтая захавалася і цяпер. Па мінімальных стаўках аўтарскага ўзнагароджання за творы выяўленчага мастацтва вышэй за іншыя ацэньваецца тэматычная карціна на гістарычную тэматыку з вялікай колькасцю фігур, з выявай канкрэтных падзей, перадачай партрэтнага падабенства гістарычных асоб, якая патрабуе збору і вывучэння гістарычнага матэрыялу. Але сама сюжэтна-тэматычная карціна, якая ўсхваляе і праслаўляе, бічуе і асуджае, не карыстаецца сёння глядацкай увагай. Твор мастацтва існуе як самакаштоўная эстэтычная адзінка, і таму асноўным крытэрыем ацэнкі з’яўляецца высокае майстэрства, прафесійнае кампазіцыйнае рашэнне, “смачная” колеравая гама, — такім чынам, акцэнт больш пераносіцца на фармальнае выкананне работы, незалежна ад таго, што эстэтызуецца — прыгожае або пачварнае (у гэтым выпадку работа цікавіць сваёй эпатажнасцю). Карціна — гэта нейкая гульня, якую мастак вядзе з гледачом, і гульня гэтая павінна прыносіць задавальненне абодвум яе ўдзельнікам.
Адносіны да сюжэтна-тэматычнай карціны змяняліся пад уплывам кан’юнктуры рынка. У Беларусі Мікалай Селяшчук першым адчуў, што заказчык ужо не дзяржава, а прыватная асоба. Таму прыёмы пісьма, тэматычная пабудова твора, памер павінны быць разлічаны не на музей, а на калекцыянера. Гэта зусім іншае мастацтва ў адрозненне ад сацрэалістычнага. І змены ў творчай скіраванасці маладзейшых калег непазбежныя.
На лёс сюжэтна-тэматычнай карціны ўплывае многае. Каб напісаць буйную шматфігурную кампазіцыю, мастаку трэба папрацаваць самае меншае год: сабраць матэрыял, зрабіць эскізы, напісаць палатно. І самому аўтару падняць такі пласт без падрымкі прыватнага заказчыка (не Паўла Траццякова, а сквапнага мясцовага бізнесмена) або дзяржавы немагчыма. А вось прыватны пакупнік мае іншыя погляды на мастацтва. Яму падабаецца казка, фантазія, прыгожая алегорыя, а не сур’ёзная карціна на сацыяльную тэматыку. Сітуацыя, якая склалася ў постсавецкіх краінах, не толькі не спрыяе стварэнню буйных палотнаў — яна не дазваляе маладому мастакоўскаму пакаленню знайсці адпаведную форму твора, каб выявіць свой час.
Тым не менш, карціны з канкрэтным сюжэтам і тэматыкай і сёння запатрабаваны грамадствам, калі неабходна праілюстраваць пэўныя моманты гісторыі або падзеі сённяшняга дня. Як толькі дзяржава падтрымала ідэю аздаблення Нацыянальнай бібліятэкі буйнымі работамі, у нас знайшліся майстры шматфігурных кампазіцый. Аб’ектыўна, большасць прадстаўленых на аб’екце твораў — класічныя прыклады сюжэтна-тэматычных твораў.
Але як не хапае на буйных экспазіцыях работ менавіта гэтага жанру! Толькі пейзажамі і нацюрмортамі немагчыма асэнсаваць, напрыклад, асобы Янкі Купалыі Якуба Коласа, але юбілейная выстаўка ў Палацы мастацтва, прысвечаная Песнярам, засведчыла не толькі адсутнасць сур’ёзных шматфігурных работ, партрэтаў, але і бездапаможнасць многіх з тых, што былі прынесены мастакамі на пасяджэнні аргкамітэта. А варта згадаць, што сёлета плануецца вялікая мастакоўская акцыя, прысвечаная Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Ці не атрымаем мы ў выніку такое папулярнае сёння ў асяроддзі творцаў “коўзанне па паверхні быцця”?..

Наталля ЖОГЛА