Ваш выхад, лаўрэаты!

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі праводзіць, паводле традыцыі, справаздачны канцэрт сваіх лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў. 9 снежня ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры мы станем сведкамі лепшых творчых дасягненняў адораных юнакоў і дзяўчат.

Арганізатарамі мерапрыемства, акрамя самога фонда, выступаюць Міністэрства культуры краіны, Інстытут культуры Беларусі і, зразумела, Музычны тэатр. Канцэрт абяцае быць рознажанравым, але ў цэнтры яго апынецца акадэмічнае мастацтва, высокая класіка. Сярод удзельнікаў — шмат юных выканаўцаў, ужо добра вядомых у краіне і за межамі. Цымбалістку Аляксандру Дзенісеню змог ацаніць увесь свет, назіраючы за фіналам класічнага “Еўрабачання”. Віяланчаліст Уладзіслаў Трухан да мноства сваіх ранейшых узнагарод, сярод якіх — сярэбраны медаль Дэльфійскіх гульняў, літаральна днямі дадаў лаўрэацтва на ІІІ Міжнародным конкурсе імя М.Ельскага. Шмат пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў іграюць у складзе Камернага аркестра Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Гэты знаны калектыў пад кіраўніцтвам заслужанага артыста краіны Уладзіміра Перліна аб’ехаў увесь свет. Нядаўняе 25-годдзе калектыва святкавалася сольным канцэртам на VІІІ Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета. Убачым мы і навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, якія ў хуткім часе пакажуць у нашым Вялікім тэатры, як рабілася ўжо неаднойчы, суцэльны спектакль — балет “Шчаўкунок” П.Чайкоўскага.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"