Культурны твітар: мы ў свеце

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Беларуская культура за мяжой

Літва

Выстаўка “Аскар Марыкс — класік беларускай сцэнаграфіі” днямі адкрылася ў Вільнюсе. Экспазіцыя, прысвечаная выдатнаму мастаку, які стаяў ля вытокаў айчыннай сцэнаграфіі і афармляў лепшыя тэатральныя пляцоўкі нашай краіны, падрыхтавана Дзяржаўным музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы ў рамках падпісанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж першай з названых сталічных устаноў і Музеем тэатра, музыкі і кіно Літвы.

Францыя

Мастачка Ларыса Нуры, якая нарадзілася ў Беларусі, а цяпер працуе ў Францыі, прадставіць свае мастацкія творы на выстаўцы “Mineral — Sideral” (у перакладзе — “Мінеральны — Зорны”), якая адкрыецца 12 снежня на Манмартры ў Парыжы. У экспазіцыі — больш за трыццаць мастацкіх работ Ларысы, выкананых у розных тэхніках (ад традыцыйнага жывапісу алеем да самых сучасных метадаў з ужываннем мінеральных пігментаў, шаўкаграфіі і серыяграфіі). Таксама будуць прадстаўлены дзесяць скульптур у бронзе французскага скульптара Сесіль Эсціен.

Польшча

Пад час Дзён беларускага кіно ў Лодзі прайшоў паказ фільма “Свежына з салютам” рэжысёра Івана Паўлава, а таксама трох серый казкі “Несцерка” Ігара Волчака з польскімі субцітрамі. Арганізатары і надалей плануюць прэзентаваць у Польшчы творы айчыннай кінематаграфіі і зрабіць гэта мерапрыемства традыцыйным пад назвай “Беларускі лістапад”. Акрамя таго, у рамках культурнага абмену паміж Віцебскай вобласцю і Лодзьскім ваяводствам у Лодзі адбыўся сумесны канцэрт ансамбля “На ростанях” Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў і Лодзьскай балетнай школы.