Б’ёрн Стэнверс думае пра наш імідж

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

5 — 6 снежня ў сталічнай гасцініцы “Еўропа” праходзіў Міжнародны форум “Імідж Рэспублікі Беларусь: выгоды і шляхі дасягнення”.

Праца была арганізавана ў трох тэматычных секцыях “Рух і развіццё гарадоў і рэгіёнаў”, “Міжнародны PR праз інтэрнэт”, “Падзейны турызм”. Разглядаліся пытанні канкурэнтаздольнасці рэгіёнаў Беларусі, адаптацыі да мясцовай рэчаіснасці сусветнага досведу ў гэтай галіне; высвятлялася, чаго чакаюць ад Беларусі замежнікі і магчымасці задавальнення гэтых запытаў.

Асаблівую актуальнасць згаданай тэматыцы надаваў хуткі Чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску. І удзельнікі, і госці форуму разумелі, што гэта ўнікальны шанец для міжнароднага піяру краіны, і скарыстаць яго трэба належным чынам. Некалькі выступленняў датычыліся гэтай тэмы наўпрост: “Падрыхтоўка да Чэмпіянату свету па хакеі 2014: да, у час і пасля”, “Досвед правядзення і алгарытм падрыхтоўкі падзеі. Праект падзей на 2014 год”,“7 цудаў Беларусі”, — у астатініх яна прысутнічала ўскосна.

Асаблівую цікавасць для ўдзельнікаў і журналістаў уяўляла прысутнасць на форуме міжнароднага эксперта па маркетынгу ў сферы культуры, аднаго з аўтараў праекта брэнда “I AMsterdаm” Б’ёрна Стэнверса. Ягонае выступленне на форуме і майстар-клас для спецыялістаў маркетынгу сталі, бадай, галоўнай падзеяй сумоўя.

На думку спадара Стэнверса, разлічваць на поспех праект накшталт “I AMsterdam” можа толькі ў тым выпадку, калі дакладна вызначана мэта, ёсць канкрэтны замоўца і ў наяўнасці скаардынаванасць у дзеяннях выканаўцаў. Думка не новая, але грамадскасці даводзіцца канстатаваць, што якраз гэтых трох чыннікаў і не стае, скажам, у рабоце па стварэнні брэндаў для Беларусі.

Аптымізму, аднак, надаюць словы Б’ёрна Стэнверса пра годны турыстычны патэнцыял нашай краіны і ягонае меркаванне, што агульнаеўрапейская плынь мусіць вывесці Мінск на той шлях, якім ідзе Амстэрдам і іншыя гарады-брэнды кантынента.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"