Выключайце за сабой святло, або Усенавуч эканамічнай бяспекі

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

У дагледжанай як след установе культуры, дзе свяцільні энергазберагальныя, дзе шклопакеты на вокнах, — і выдаткі на ацяпленне меншыя. Скразнякі саступаюць утульнасці — камфортна работнікам і наведвальнікам. Значыць, не пустуюць клуб, бібліятэка, музей, тэатр. Грошы, асвоеныя на рамонт і мадэрнізацыю, абарочваюцца стабільным прыбыткам ад рэалізацыі платных паслуг. Нескладаная прычынна-выніковая схема, па якой сфера беларускай культуры вучыцца гаспадарыць. Вынікі гэтага ўсенавуча, дзе асноўнымі дысцыплінамі — эканомія і ашчаднасць, наўпрост уплываюць на эканамічную бяспеку і галіны, і дзяржавы. Менавіта пра ўдзел Міністэрства культуры РБ у выкананні Дырэктывы № 3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” і ішла гаворка на прэс-канферэнцыі, што адбылася 10 студзеня ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Мінулы год не быў халодным

Як вынікала з грунтоўнай прамовы намесніка міністра Уладзіміра Грыдзюшкі, леташні год не быў халодным для работнікаў культуры. Натуральна, справа не ў надвор’і, а ў сур’ёзнай падрыхтоўцы ўстаноў да зімы. А гэта, ні многа, ні мала,— каля сямі тысяч будынкаў і збудаванняў, 4200 бібліятэк, 3500 клубных устаноў, 2,5 тысячы кінавідэаўстановак, 29 дзяржаўных тэатраў, 42 канцэртныя арганізацыі... Усе яны, натуральна, спажываюць цяпло і энергію, а каля 60 тысяч работнікаў культуры жывуць тымі ж праблемамі, што і прадстаўнікі іншых сфер дзейнасці,— вучацца лічыць і эканоміць грошы. Неабходнасць эканамічнай бяспекі дыктуе палітыку руплівага гаспадарання. Так што не творчасцю адзінай... Дарэчы, работнікі культуры Беларусі пытаннямі ашчаднасці заняліся ўшчыльную не толькі з моманту прыняцця Дырэктывы № 3. Галіна поруч з прафесійнай дзейнасцю займаецца будаўніцтвам, аказаннем платных паслуг, дзе без ведання эканомікі поспехаў не дасягнуць. Так што, эканамічны механізм функцыянавання ствараецца ў галіне не першы год, а пастаяннае ўдасканальванне гэтага механізма — першарадная задача для айчынных творцаў. Дый пытанні аховы працы, пажарнай бяспекі наўпрост звязаны з эканоміяй і беражлівасцю.
Натуральна, Дырэктыва № 3, па словах У.Грыдзюшкі, працэс паскорыла, сістэматызавала. Міністэрства культуры зацвердзіла план канкрэтных дзеянняў па яе рэалізацыі да 2010 года, дзе прадугледжаны ўсе нюансы эканоміі рэсурсаў, прапаганды гэтых захадаў з дапамогай газеты “Культура”, “Белвідэацэнтра” і студыі “Беларусьфільм”, стымулявання дзейнасці кіраўнікоў і іх падначаленых.
 /i/content/pi/cult/145/964/Ekanomija.jpg

За мінулы год дзякуючы выкананню энергазберагальных мерапрыемстваў толькі па арганізацыях рэспубліканскага падпарадкавання ўкаранёна больш за 1200 эканомных свяцільняў, выканана цеплавая рэабілітацыя 1,5 тысячы квадратных метраў будынкаў і збудаванняў, праведзена маштабная работа па ўстаноўцы шклопакетаў. Усё гэта дазволіла зэканоміць па ўстановах культуры рэспубліканскай формы ўласнасці каля 170 мільёнаў рублёў, а па арганізацыях камунальнай формы ўласнасці — каля 9,5 тысячы тон умоўнага паліва. Эканамічны эфект — 2,3 мільярда рублёў. Сума, пагадзіцеся, унушальная. Безумоўна, на ўкараненне энергазберагаючых тэхналогій грошы былі выкарыстаны летась немалыя — 11 мільярдаў рублёў. А ў цэлым праграма, разлічаная да 2010 г., толькі па ўстановах рэспубліканскага падпарадкавання запатрабуе каля 6,5 мільярда рублёў. Вялікая сума спатрэбіцца не толькі на далейшую мадэрнізацыю будынкаў, але і на абнаўленне музычных інструментаў, асвятляльнага абсталявання, 60 працэнтаў якіх маральна састарэлі.

Камфорт — творчасць — грошы
Як паведаміў У.Грыдзюшка, Міністэрства культуры ў 2004 годзе прыняло праграму мадэрнізацыі і рэканструкцыі дзяржаўных тэатраў. Хоць і разлічана яна да 2010 года, але амаль выканана. Запланавана было давесці да ладу 24 установы, неадрамантаванымі засталіся пакуль 6. Гаворка не столькі пра адпаведнасць нарматыўна-тэхнічным нормам, колькі пра стварэнне нармальных умоў для працы і творчасці. Калі ў акцёра ёсць жаданне тварыць, у гледача ёсць не меншае жаданне такі тэатр наведваць.
Натуральна, у яго з’яўляецца магчымасць павялічваць планавыя паказчыкі. Цудоўны прыклад таму — Нацыянальны акадэмічны драмтэатр імя Максіма Горкага. Летась тут быў зроблены грунтоўны рамонт — якасна павялічылася і наведвальнасць установы. Узрасла і грашовая аддача ад прадастаўлення платных паслуг. Хіба ж гэта не эканомія сродкаў, хіба ж гэта не руплівае гаспадаранне!
Дык вось, тэатры рэспубліканскага падпарадкавання ўжо адрамантаваны. На чарзе — мадэрнізацыя 6-ці ўстаноў камунальнай уласнасці (дзве ў Мінску, дзве — на Магілёўшчыне, столькі ж— у Гродзенскай вобласці). Тэма, як падкрэсліў У.Грыдзюшка, да 2010 года будзе закрыта.
Пра музеі. Іх мадэрнізацыя, рэканструкцыя, рамонт звернуты ў першую чаргу на тое, каб у далейшым эканоміць бюджэтныя сродкі на эксплуатацыі... Дарэчы, штогод рэспубліка выдаткоўвае на ўвесь комплекс мерапрыемстваў і па рамонце, і па ўкараненні энергазберагальных тэхналогій больш за 50 мільярдаў рублёў. Грошы паспяхова асвойваюцца...
У адпаведнасці з Дырэктывай № 3, дзейнасць устаноў культуры ацэньваецца мэтавым паказчыкам па энергазберажэннях. Планавае заданне (10 працэнтаў) па выніках мінулага года выканана. У чым вытокі эканоміі? У пераводзе кацельняў на мясцовыя віды паліва. Плюс мадэрнізацыя будынкаў. Пра якія энергазберажэнні можна казаць, калі, да прыкладу, па клубе гуляюць скразнякі, у вокнах — шчыліны, а дзверы— не зачыняюцца? У мадэрнізаваным будынку — і расходаў менш, і ўмовы для творчасці самыя спрыяльныя, і грашовая аддача ад платных паслуг — гарантаваная.Эканомія павінна быць разумнай, неаднойчы падкрэсліваў у ходзе гутаркі У.Грыдзюшка. Эканоміць на здароўі людзей — злачынна. І ніхто не збіраецца адключаць святло ці ацяпленне ў навучальных установах культуры, ці ў бібліятэках і клубах. Гаворка — аб прадуманых падыходах, у выніку якіх будуць створаны аптымальныя ўмовы і для дзейнасці работнікаў культуры, і для паўнацэннага адпачынку наведвальнікаў пры мінімальным расходванні бюджэтных сродкаў.

Прапаганда і стымуляванне
Эканоміі трэба вучыцца, эканоміі трэба вучыць. Таму без моцных прапагандысцкіх сродкаў тут не абысціся. Як паведаміў У.Грыдзюшка, да справы падключыліся “Беларусьфільм”, “Белвідэацэнтр”: дакументальныя стужкі-агіткі нязмушана прывучаюць да таго, што нявыключанае ў пустым пакоі святло — не толькі праява безгаспадарчасці, але і доказ адсутнасці элементарнай культуры... Міністэрства абвясціла конкурс сярод прафесійных і самадзейных мастакоў на стварэнне лепшага плаката на тэму эканоміі і беражлівасці. Словам, падыход да пытання не фармальны, а самы творчы.
Сярод арганізацый Мністэрства культуры распачата спаборніцтва за высокія паказчыкі эканоміі рэсурсаў. Штогод будзе вызначацца ў гэтым плане лепшае ўпраўленне культуры, тры лепшыя рэспубліканскія ўстановы культуры і мастацтва. У кожнай вобласці будзе вызначацца лепшы аддзел культуры, а ў раёне мяркуецца вылучаць установу-пераможцу. І гэта не фармалізм, як падкрэсліў намеснік міністра, а неблагі стымул для выніковай працы. Не толькі маральны, а і матэрыяльны. Дарэчы, паказчык энергазберажэння наўпрост уплывае і на памер прэміі. Ёсць 10 працэнтаў — атрымлівай прэміяльныя, няма — на 10 працэнтаў грашовае стымуляванне зніжаецца. Адпрацавана, натуральна, і сістэма кантролю. Кантрольна-рэвізійны аддзел Міністэрства штогод правярае па 8 арганізацый. Выкананне Дырэктывы № 3 адсочваецца і на абласных, раённых узроўнях.

Выхаванне рублём
На мадэрнізацыю ўстаноў культуры рэспубліканскага падпарадкавання і выкананне энергазберагальных мерапрыемстваў трэба асвоіць сёлета каля 12 мільярдаў рублёў. Да прыкладу, плануецца выканаць цеплавую рэабілітацыю будынкаў на плошчы, якая ў 10 разоў перавысіць леташнюю. Плануецца і немалы эканамічны эфект. “Калі мы ўкладзём у справу 12 мільярдаў,— зазначыў У.Грыдзюшка, — гэта не значыць, што яны вернуцца да нас у гэтым жа годзе, аддача будзе паступовай.” Натуральна, усё залежыць ад асабістага ўкладу кожнага. Белдзяржфілармонія, да прыкладу, па выніках 2007 года давяла паказчык энергазберажэння аж да 19 працэнтаў. “Усё тлумачыцца проста, — распавёў гендырэктар названай установы Аляксандр Гарбар. — Кожны перарасход адной кілаватгадзіны мы змушаны былі аплачваць у дзесяцікратным памеры. Ашчаднае стаўленне да выкарыстання энергіі было выхавана рублём. Безумоўна, ёсць у філармоніі і свая спецыфіка — пры тэмпературы ніжэй за 18 градусаў артыст выступаць не можа. Але гэта, як паказаў мінулы год, ніяк не паўплывала на агульныя паказчыкі энергазберажэння. Кантроль за працэсам — штодзённы і вельмі сур’ёзны. Вынікі падводзяцца штотыднёва”.
“Ёсць яшчэ адзін складнік, які спрыяе паспяховаму выкананню Дырэктывы, — зазначыў дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Эдуард Герасімовіч. — Гэта складнік маральна-этычны”. Сапраўды, здавалася б, дробязь: хтосьці не выключыў за сабой святло, але ў выніку набягаюць салідныя сумы, якія кампенсаваць трэба ўласнымі грашыма, бо камунальныя паслугі тэатр аплачвае за кошт сваіх прыбыткаў. А значыць, і прэміі пры не вельмі руплівым гаспадаранні значна меншыя. Тая самая сітуацыя, калі эканомія стымулюецца рублём. Асноўны спажывец энергіі ў час рэпетыцый — сафітная гаспадарка, электраасвятленне. Дык вось, і тут уступае ў сілу фактар персанальнай адказнасці і рэжысёра, і акцёраў. І тут эканомія знаходзіцца ў прамой залежнасці ад прафесіяналізму. Словам, эканамічная бяспека дзяржавы — гэта цвярозае ўсведамленне таго, што неабходна лічыць кожны рубель, каб не трапіць у грашовы палон уласнай нядбайнасці.

Лепш, чым у Эрмітажы
У час прэс-канферэнцыі дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея РБ Уладзімір Пракапцоў падкрэсліў, што ў параўнанні з тэатрамі ягоная гаспадарка — адмысловая. І тут ацяпленне пасля рабочага дня не панізіш. Каб творы мастацтва пачувалі сябе ў бяспецы, тэмпература ў музейных залах не павінна быць меншай за 18 градусаў. Значыць, і спажыванне энергіі значна большае, і не толькі зімой, але і летам. У музейнай прыбудове дзейнічае цяпер дарагое імпартнае абсталяванне, якое забяспечвае аўтаномнае ацяпленне з камп’ютэрнай падтрымкай тэмпературнага і вільготнаснага рэжымаў. Ва ўсіх музеях свету справа наладжана менавіта так. А наша музейнае абсталяванне, што захоўвае якасць палотнаў, — лепшае, чым у Эрмітажы. Таму і не баяцца замежныя партнёры супрацоўнічаць з вядучым мастацкім музеем Беларусі. Тут пастаянна ладзяцца унікальныя выстаўкі. У рамонт і абсталяванне ўстановы ўкладзены вялікія грошы, але і аддача ад работы музея — немалая. Па словах У.Пракапцова, за 4 гады будзе праведзена мадэрнізацыя ўсёй гаспадаркі, у старых музейных памяшканнях таксама з’явіцца сістэма клімат-кантролю. “Калі я быў у Лондане і размаўляў з мясцовымі музейшчыкамі, — распавёў У.Пракапцоў,— дык першым пытаннем прагучала: а які у вас клімат у залах? Адказаў, што самы спрыяльны”...
Яшчэ адзін доказ таго, што разумнае мэтавае ўкладанне грошай гарантуе не толькі далейшую эканомію бюджэтных сродкаў, але і няўхільны рост прыбыткаў ад міжнароднага культурнага супрацоўніцтва і аказання платных паслуг беларускім аматарам мастацтва.

Планы на 2008-ы
Намеснік міністра культуры РБ У.Грыдзюшка напрыканцы прэс-канферэнцыі распавёў пра далейшае выкананне Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы па рэстаўрацыі і рэканструкцыі помнікаў архітэктуры. Калі ў 2004 годзе дзяржава выдаткавала на гэтыя мэты 10 мільярдаў рублёў, ды ў мінулым — 116,5 мільярда, дык у сёлетнім годзе — аж 155 мільярдаў рублёў. Натуральна, што ў інвестыцыйную праграму аўтаматычна закладаюцца грошы, асваенне якіх забяспечыць і правядзенне комплексу энергазберагальных мерапрыемстваў. Дарэчы, укараненне найсучаснага ацяпляльнага ці асвятляльнага абсталявання ў, скажам, Нясвіжскім або Мірскім замках ніяк не паўплывае на аўтэнтыку ўзнаўляемых памяшканняў. Палова з 14-ці леташніх аб’ектаў, у тым ліку і першы пускавы комплекс палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы, ужо здадзена. І на кожным аб’екце, па словах намесніка міністра, выкарыстаны самыя новыя тэхналогіі, у тым ліку і энергазберагальныя. Маюцца на ўвазе і інтэрнат Беларускай акадэміі музыкі, і саляныя склады ў Віцебску, і першая пускавая частка опернага тэатра і палаца Пацёмкіна ў Крычаве...
Сёлета мяркуецца, да прыкладу, прадоўжыць рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы ў замкавым комплексе ў Міры. Тут будуць добраўпарадкаваны дзве галерэі, дзве вежы, унутраны дворык, з’явяцца рэстаран і гасцініца.
Будзе складзена таксама праектна-каштарысная дакументацыя на мадэрнізацыю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У 2009-ым распачнецца двухгадовая рэканструкцыя ўстановы.
Мадэрнізаваны будзе і Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.
Пачнецца ўзвядзенне культурна-аздараўленчага цэнтра Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.
У планах 2008 года — і рэканструкцыя мастацкага вучылішча імя Аляксея Глебава, палаца ў Косаве, гісторыка-культурных аб’ектаў у Жылічах і Юравічах.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ